У Аргенціне затрымалі кіраўніка сеткі дэзінфармацыі СЗР у Лацінскай Амерыцы
У Аргенціне затрымалі 26‑гадовага расіяніна Дзмітрыя Новікава. Улады лічаць, што ён кіруе расійскай сеткай дэзінфармацыі ў рэгіёне. Раней журналісты-расследавальнікі пісалі, што гэтая сетка звязаная са Службай знешняй разведкі РФ.

Пра затрыманне Новікава паведаміў Сакратарыят дзяржаўнай разведкі Аргенціны. Падставай для гэтага стала прадастаўленне расіянінам несапраўдных даных пры ўездзе ў краіну. Новікава затрымалі ў прыгарадзе Буэнас-Айрэса, расказвае «Агентство».
Міністр нацыянальнай бяспекі Аргенціны Аляксандра Мантэаліва ўдакладніла, што затрыманы — «лідар расійскай сеткі па дэзінфармацыі» — уехаў у краіну пад выглядам турыста, але прыехаў, каб «займацца дэстабілізацыяй і замахвацца на нашы інстытуты».
У верасні Новікава ўжо затрымлівалі па аналагічнай прычыне ў Дамінікане, дзе ён, верагодна, жыў апошнія гады. Паводле паведамлення аргенцінскай разведкі, з Дамініканы Новікава дэпартавалі праз удзел у дзейнасці па дэзінфармацыі, звязанай з умяшаннем у справы некалькіх краін.
Аргенцінская разведка выявіла сувязь Новікава са структурамі, якія маглі займацца дэзінфармацыяй у Аргенціне, што прывяло да прэвентыўнага ўмяшання з боку мясцовых органаў дзяржбяспекі.
Паводле інфармацыі El Periodico, пасля разгляду апеляцыі Новікава могуць адправіць у Расію.
26‑гадовы Дзмітрый Новікаў нарадзіўся ў Петрапаўлаўску-Камчацкім. Але абодва свае пашпарты атрымаў у маскоўскім рэгіёне (у 2019 годзе — у Маскве, у 2022 годзе — у Падмаскоўі).
Сэрвісы пошуку твараў па фатаграфіі знайшлі здымкі Новікава на сайце турыстычнага агенцтва з Дамініканы. У гэтую краіну Новікаў, згодна з уцечкамі, лётаў прынамсі ў 2019 годзе.
Паводле даных El Periodico, у апошнія два гады Новікаў неаднаразова наведваў розныя краіны Лацінскай Амерыкі, у тым ліку Чылі, Дамінікану, Калумбію, Панаму і Бразілію. Апошні раз Новікаў уехаў у Аргенціну 12 красавіка, прыляцеўшы са Стамбула.
Новікаў узначальваў падкантрольную расійскім спецслужбам структуру «Кампанія» (La Compañía), якая гадамі распаўсюджвала дэзінфармацыю ў Лацінскай Амерыцы, у тым ліку пра цяперашняга прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея, піша El Periodico.
«Кампанія» — прапагандысцкая сетка, першапачаткова створаная Яўгенам Прыгожыным, а пасля перайшла пад прамы кантроль Службы знешняй разведкі Расіі, пісаў расследавальніцкі праект Forbidden Stories.
Раней сетка актыўна працавала ў Афрыцы, але ў 2024 годзе яна пашырыла свае аперацыі на Лацінскую Амерыку, у прыватнасці на Аргенціну.
Гэта не першы выпадак за апошні год, калі ўлады Аргенціны спыняюць тайныя аперацыі Расіі па дэзінфармацыі ў Лацінскай Амерыцы. Улетку мінулага года яны паведамлялі, што раскрылі расійскую шпіёнскую сетку, чыёй мэтай было «сфарміраваць групу асоб для правядзення кампаній дэзінфармацыі і аперацый супраць аргенцінскай дзяржавы».
У заяве адзначалася, што арганізацыя пад назвай «Кампанія», якая меркавана фінансуецца Крамлём, была звязана з праектам «Лахта». Праект «Лахта» называлі парасонавай арганізацыяй, створанай Яўгенам Прыгожыным для распаўсюджвання расійскага ўплыву за мяжой праз маніпуляцыі ў сацыяльных сетках. Праект абвінавачвалі ва ўмяшанні ў выбарчыя кампаніі за мяжой.
Каментары