Грамадства

Былая палітзняволеная Наталля Падлеўская, высланая з Польшчы, атрымала прытулак у Літве

Наталля прасіла міжнародную абарону ў Польшчы, дзе жывуць ейныя сваякі.

Фота: Белсат

Былая палітзняволеная Наталля Падлеўская распавяла «Белсату», што 27 красавіка даведалася аб атрыманні прытулку і дазволу на жыхарства ў Літве, куды Польшча перадала беларуску ўвосень 2025 года ў рамках Дублінскага пагаднення.

Наталля падала прашэнне аб міжнароднай абароне ў Літве на пачатку лістапада 2025 года — гэта было неабходна зрабіць, каб легальна знаходзіцца ў краіне. Напрыканцы красавіка 2026 года заява была ўхваленая, і беларуска атрымала прытулак.

«Дзялюся з вамі цудоўнай навіной: мне далі прытулак і доўгатэрміновы від на жыхарства. Праз тыдзень я атрымаю карту і мне вернуць мой пашпарт. Дзякуй усім, хто мне дапамагаў і быў вакол мяне ў гэтыя няпростыя месяцы», — сказала Наталля ў каментары «Белсату».

Былая палітзняволеная ўсцешаная гэтым рашэннем Літвы, аднак хацела б усё ж мець магчымасць вярнуцца ў Польшчу.

Наталля Падлеўская прасіла міжнародную абарону ў Польшчы, дзе жывуць ейныя сваякі. Аднак, паколькі жанчына ўехала ў Польшчу з літоўскай візай, да яе прымянілі Дублінскі рэгламент, які дае права краіне Еўразвязу перадаваць прасіцеля ў тую дзяржаву, якая выдала візу ці была першай краінай уезду.

Наталля абскардзіла рашэнне аб перадачы яе ў Літву, аднак яшчэ да судовага паседжання ў гэтай справе польскія памежнікі 23 кастрычніка вывезлі беларуску ў Літву.

Былая палітзняволеная распавядала, што яе перавозілі ў кайданках, як злачынцу.

Наталлі не далі папрысутнічаць на судзе ў справе ейнай скаргі на пастанову аб перадачы ў Літву, які адбыўся 24 кастрычніка. Ваяводскі адміністратыўны суд у Варшаве адмяніў пастанову і вырашыў, што прашэнне беларускі аб міжнароднай абароне павінна быць наноў разгледжанае ў Польшчы. Аднак Падлеўская на той момант была ўжо ў Літве.

Пасля таго, як рашэнне ваяводскага суду па кейсе Наталлі набыло моц, польскае Упраўленне ў справах замежнікаў мусіла наноў разгледзець заяву беларускі аб міжнароднай абароне. Аднак, са словаў былой палітзняволенай, яна дагэтуль не атрымала ад польскага боку ніякай інфармацыі. Жанчына непакоіцца, што цяпер, пасля таго як Літва дала ёй прытулак, Польшча аўтаматычна адмовіць.

Наталля Падлеўская была затрыманая ў Беларусі 3 лістапада 2021 года. Яе абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі) ды асудзілі да 1 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу 100 базавых велічыняў.

4 ліпеня 2022 года Наталля выйшла на волю па заканчэнні тэрміну. Праз некаторы час на жанчыну зноў пачаўся ціск, і яна прыняла рашэнне пакінуць Беларусь. Яе эвакуявалі ў Літву, якая стала першай краінай Еўразвязу, што выдала ёй візу.

Каментары

Цяпер чытаюць

На святкаванне 9 Мая да Пуціна прыедуць Лукашэнка і яшчэ трое кіраўнікоў дзяржаў8

На святкаванне 9 Мая да Пуціна прыедуць Лукашэнка і яшчэ трое кіраўнікоў дзяржаў

Усе навіны →
Усе навіны

Апублікаваная запіска, якую, меркавана, Эпштэйн напісаў перад спробай самагубства6

У Мінску прадаюць надзвычай рэдкі і вельмі дарагі Mercedes-Benz SLR McLaren. Каштуе як некалькі кватэр у сталіцы9

ЕГУ не будзе адмаўляцца ад набору7

Як будзе працаваць грамадскі транспарт у Мінску 9 мая. Будуць маштабныя змены

У Аргенціне затрымалі кіраўніка сеткі дэзінфармацыі СЗР у Лацінскай Амерыцы1

Трамп заявіў, што Іран і ЗША правялі «добрыя перамовы» і ў хуткім часе могуць дасягнуць пагаднення

УСУ атакавалі Бранск, Ржэў, Нара-Фамінск

Хутка кожны зможа мець шапку, якая чытае думкі11

«Пары-Сэн-Жэрмэн» стаў другім фіналістам Лігі чэмпіёнаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На святкаванне 9 Мая да Пуціна прыедуць Лукашэнка і яшчэ трое кіраўнікоў дзяржаў8

На святкаванне 9 Мая да Пуціна прыедуць Лукашэнка і яшчэ трое кіраўнікоў дзяржаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць