Усяго патроху11

Сталіца Мексікі апускаецца пад зямлю так хутка, што гэта бачна з космасу

У некаторых раёнах Мехіка апускаецца прыкладна на 24 сантыметры ў год. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў прасядання сярод гарадоў свету. Чаму сталіца Мексікі аказалася ў такой сітуацыі і ці ёсць у горада шанцы на выратаванне, разбіралася Associated Press.

Пешаходы праходзяць міма злёгку нахіленага гістарычнага будынка ў цэнтры Мехіка. Фота: AP Photo / Rebecca Blackwell, File

Мехіка разам з навакольнымі тэрыторыямі — адзін з найбуйнейшых мегаполісаў планеты: ён займае каля 7800 квадратных кіламетраў, а насельніцтва агламерацыі дасягае прыкладна 22 мільёнаў чалавек. Горад быў пабудаваны на месцы старажытнага возера. У цэнтры некаторыя вуліцы раней былі каналамі, а ў сельскіх раёнах на ўскраінах яны захаваліся дагэтуль.

Асноўнай прычынай апускання з’яўляецца інтэнсіўная адпампоўка падземных вод у спалучэнні з урбанізацыяй. Гэта прывяло да значнага скарачэння ваданоснага пласта, у выніку чаго горад апускаецца ўжо больш за стагоддзе. У многіх месцах гэта відаць па нахіленых гістарычных будынках і помніках, у тым ліку Кафедральным саборы, будаўніцтва якога пачалося ў 1573 годзе.

Паводле геафізіка Энрыке Кабраля з Нацыянальнага аўтаномнага ўніверсітэта Мексікі, прасяданне наносіць шкоду ключавой інфраструктуры горада — метро, сістэмам дрэнажу і водазабеспячэння, жыллю і дарогам.

Аэрафотаздымак каналаў Сочымілька ў Мехіка. Фота: AP Photo / Marco Ugarte

У некаторых раёнах горада, напрыклад, каля галоўнага аэрапорта і помніка «Анёл незалежнасці», зямля апускаецца ў сярэднім на два сантыметры штомесяц. У цэлым гэта дае каля 24 сантыметраў у год. За менш чым стагоддзе ў асобных месцах Мехіка прасяданне склала больш чым 12 метраў.

Паводле экспертаў, гэта адзін з самых высокіх тэмпаў у свеце. Падобныя паказчыкі фіксуюцца ў асобных раёнах інданезійскай Джакарты.

Новы этап у вывучэнні гэтай праблемы пачаўся дзякуючы сумеснай місіі НАСА і Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў. Спадарожнік NISAR, які працаваў на арбіце ў канцы 2025 — пачатку 2026 года, дазволіў навукоўцам атрымаць звышдакладныя вымярэнні змяненняў зямной паверхні ў рэжыме рэальнага часу. Такія назіранні дазваляюць дакументаваць змены ў межах горада, ацаніць маштаб праблемы і адкрываюць магчымасці для распрацоўкі эфектыўных мер па змякчэнні наступстваў.

Від з вышыні на плошчу Канстытуцыі і Кафедральны сабор у Мехіка, які прыкметна прасеў. Фота: AP Photo / Marco Ugarte, File

Калі раней улады Мексікі абмяжоўваліся кропкавым умацаваннем падмуркаў асобных помнікаў, то цяпер, на фоне абвастрэння праблем з вадой, чыноўнікі пачалі выдзяляць больш сродкаў на даследаванні.

Навукоўцы спадзяюцца, што ў будучыні гэтая тэхналогія дапаможа дэталёва сачыць за кожным асобным будынкам і будзе карыснай ва ўсім свеце — ад назірання за расколінамі ў зямной кары да маніторынгу раставання ледавікоў Антарктыды.

Для Мехіка ж менавіта дакладнае разуменне механізмаў асядання, атрыманае з арбіты, павінна стаць першым крокам да выратавання крытычнай інфраструктуры горада.

Каментары1

  • Жвір
    06.05.2026
    Цікава. І выбралі ж некалі пляцоўку для горадабудаўніцтва, на возеры ! Качкі падказалі ?

Цяпер чытаюць

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка23

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: Дамоўленасці з Пуціным, што ён атрымае ўвесь Данбас, няма1

Тэрыторыю непрададзенай гістарычнай сядзібы ў Сенненскім раёне ператварылі ў сметнік

Сталі вядомыя падрабязнасці аварыі з удзелам электробуса ў Мінску

На відэа з выпрабавання ракеты «Сармат» журналісты ўгледзелі дзіўную дэталь10

ЗША дамаўляюцца з Даніяй пра адкрыццё новых вайсковых баз у Грэнландыі

Дар'я Домрачава мае ў Беларусі нечаканы бізнэс15

У Мінску зносяць «Вёску навукоўцаў». На яе месцы вырасце прэстыжны ЖК11

«Кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны». Лукашэнка анансаваў змены ў войску25

Мікола Бугай: Мышыная валтузня — гэта не палітыка50

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка23

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць