«Формула-1» адмяніла гонкі ў Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі праз сітуацыю на Блізкім Усходзе
Аўтамабільны чэмпіянат «Формула-1» паведаміў пра адмену дзвюх гонак, якія павінны былі адбыцца ў красавіку ў Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі 12 і 19 красавіка адпаведна, піша ВВС.
«Формула-1» заявіла, што абодва Гран-пры адменены ў сувязі з «сітуацыяй на Блізкім Усходзе, якая працягваецца».
Чэмпіянат адзначае, што вывучае розныя варыянты арганізацыі спаборніцтваў у іншых месцах, але не мае намеру праводзіць альтэрнатыўныя гонкі.
— FIA заўсёды ставіць галоўным бяспеку і дабрабыт нашых супрацоўнікаў і членаў усёй супольнасці. Наша старанна абдуманае рашэнне звязанае менавіта з гэтым цвёрдым перакананнем, — сказаў кіраўнік Міжнароднай аўтамабільнай федэрацыі (FIA) Махамед бен Сулаем.
Праз адмену гонак на Блізкім Усходзе ў чэмпіянаце «Формулы-1» узнікне пяцітыднёвая паўза: паміж Гран-пры Японіі, што адбудзецца 27—29 сакавіка, і гонкамі ў Маямі, запланаванымі на 1—3 мая.
Каментары