Пяць тэндэнцый, якія змяняюць сусветны рынак штучнага інтэлекту
ChatGPT застаецца лідарам, штучны інтэлект выходзіць за межы браўзераў, ШІ-агенты сталі рэальнасцю, і паступова ўзнікаюць тры асобныя экасістэмы — заходняя, кітайская і расійская.

Калі тры гады таму даследчыкі венчурнай кампаніі Andreessen Horowitz (a16z) упершыню спрабавалі вызначыць, якія сэрвісы са штучным інтэлектам сапраўды сталі масавымі, рынак выглядаў даволі простым. Існавала выразная мяжа паміж кампаніямі, якія першапачаткова будаваліся вакол штучнага інтэлекту, такімі як ChatGPT, Midjourney або Character.AI, — і астатнім софтам, які толькі пачынаў асвойваць новую тэхналогію.
Цяпер, як адзначаюць аўтары новага аналізу «Топ-100 спажывецкіх праграм з генератыўным штучным інтэлектам» (Top 100 Gen AI Consumer Apps), гэтае адрозненне больш не актуальнае. Штучны інтэлект стаў ключавым элементам многіх папулярных сэрвісаў. Менавіта таму ў новы аналіз быў уключаны любы спажывецкі прадукт, дзе генератыўны штучны інтэлект стаў асноўнай часткай карыстальніцкага досведу.
Рэйтынгі складзены на падставе колькасці ўнікальных наведванняў сайтаў (SimilarWeb) і штомесячнай аўдыторыі мабільных праграм (Sensor Tower) па стане на студзень 2026 года.

1. ChatGPT застаецца лідарам, але барацьба за статус «асноўнага ШІ-памочніка» толькі пачынаецца
ChatGPT па-ранейшаму значна апярэджвае канкурэнтаў. У інтэрнэце яго аўдыторыя ў 2,7 разу большая, чым у другога па папулярнасці сэрвісу — Gemini, а на мабільных прыладах — у 2,5 раза. За апошні год колькасць штотыднёвых карыстальнікаў ChatGPT вырасла на 500 мільёнаў і дасягнула каля 900 мільёнаў — гэта больш за 10% насельніцтва планеты. Па аб’ёме вэб-трафіку ChatGPT у 2,5 разу апярэджвае свайго найбліжэйшага канкурэнта Gemini.
Аднак канкурэнцыя паступова ўзмацняецца. Gemini і Claude хутка нарошчваюць колькасць платных падпісчыкаў: у 2025 годзе ў ЗША іх рост склаў 258% для Gemini і больш за 200% для Claude. Назіраецца тэндэнцыя да мультыплатформеннасці: прыкладна 20% штотыднёвых карыстальнікаў ChatGPT таксама звяртаюцца да Gemini.
Gemini і Claude актыўна развіваюць уласныя экасістэмы і крамы дадаткаў, якія дазваляюць інтэграваць штучны інтэлект з электроннай поштай, календаром і бізнэс-сістэмамі, што істотна павышае складанасць пераходу да іншага пастаўшчыка паслуг.

Ужо зараз выразна відаць, як платформы разыходзяцца ў розных кірунках. OpenAI імкнецца зрабіць ChatGPT універсальным інтэрфейсам для мільярдаў людзей, ператвараючы яго ў «супер-дадатак» для паўсядзённых спраў накшталт шопінгу, падарожжаў ці догляду за здароўем. У сваю чаргу Anthropic (Claude) арыентуецца на найбольш актыўных і прафесійных карыстальнікаў, прапаноўваючы эксклюзіўныя інтэграцыі з фінансавымі тэрміналамі, навуковымі базамі даных і складанай інфраструктурай для распрацоўшчыкаў.
У выніку гэтае супрацьстаянне ўсё менш нагадвае ранейшыя войны пошукавых сістэм з адным дамінуючым гульцом, а становіцца больш падобным да канкурэнцыі мабільных аперацыйных сістэм, дзе дзве розныя філасофіі ствараюць уласныя шматмільярдныя экасістэмы, што суіснуюць на рынку.

2. Тры асобныя экасістэмы
Геаграфічна глабальны рынак штучнага інтэлекту распадаецца на тры асобныя экасістэмы, паміж якімі паступова павялічваецца разрыў. Заходнія інструменты, такія як ChatGPT, Claude, Gemini і Perplexity, маюць падобную базу карыстальнікаў у ЗША, Індыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі і Інданезіі, аднак яны амаль не прадстаўлены ў Кітаі і Расіі з-за санкцый і цэнзурных абмежаванняў.
Адзіным прадуктам, які здолеў аб’яднаць гэтыя рынкі, стаў DeepSeek, чый вэб-трафік размяркоўваецца паміж Кітаем, на які прыпадае 33,5%, Расіяй з паказчыкам 7,1% і ЗША, якія забяспечваюць 6,6% наведванняў.
Расія за кароткі тэрмін ператварылася ў трэці незалежны полюс рынку, дзе санкцыі паспрыялі хуткаму росту мясцовых распрацовак. Так, браўзер Yandex з убудаваным асістэнтам «Аліса» дасягнуў 71 мільёна актыўных мабільных карыстальнікаў у месяц, увайшоўшы ў сусветную дзясятку лідараў, а сэрвіс GigaChat ад Сбера ўпершыню трапіў у вэб-рэйтынг. Гэтая сітуацыя паўтарае кітайскі досвед, дзе акрамя DeepSeek папулярнасцю карыстаюцца Doubao ад Bytedance і мясцовая мадэль Kimi.
Калі ж разглядаць узровень укаранення тэхналогій на душу насельніцтва паводле спецыяльнага індэкса, геаграфічная карціна выглядае інакш.
Першае месца ў свеце займае Сінгапур, за якім ідуць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Ганконг і Паўднёвая Карэя. Пры гэтым ЗША, дзе была створана большасць папулярных прадуктаў на аснове штучнага інтэлекту, знаходзяцца толькі на дваццатым месцы ў гэтым спісе.

3. Творчыя інструменты змяняюць пазіцыі
Відавочная эвалюцыя творчых праграм на базе штучнага інтэлекту. Калі ў верасні 2023 года 7 з 9 творчых інструментаў у спісе былі генератарамі малюнкаў, то праз тры гады іх колькасць скарацілася да 3, а вольныя месцы занялі прадукты для відэа, музыкі і голасу. Гэта адбылося з-за інтэграцыі мадэляў генерацыі выяў непасрэдна ў ChatGPT і Gemini, праз што папулярнасць асобных праграм упала: напрыклад, Midjourney апусціўся з топ-10 на 46 месца.
Найбольш дынамічным сегментам стала відэагенерацыя, дзе лідарства па якасці ўтрымліваюць кітайскія распрацоўкі Kling AI і Hailuo.

Сферы музыкі і голасу аказаліся больш устойлівымі да канкурэнцыі з боку карпарацый: музычны сэрвіс Suno захаваў сваё 15 месца, а ElevenLabs нязменна прысутнічае ў рэйтынгах дзякуючы ўнікальным функцыям кланавання голасу і дубляжу.
Агульная тэндэнцыя паказвае, што ў тых галінах, дзе Google і OpenAI сканцэнтравалі свае намаганні (выявы і відэа), трафік асобных праграм зніжаецца, тады як у нішах музыкі і голасу застаецца больш прасторы для незалежных прадуктаў.
4. ШІ-агенты становяцца рэальнасцю
Наступная тэндэнцыя, якую адзначаюць аўтары, — гэта пераход ад звычайных чат-ботаў да разумных лічбавых памочнікаў — ШІ-агентаў. У адрозненне ад звыклага штучнага інтэлекту, які проста адказвае на пытанні ці малюе карцінкі, гэтыя праграмы могуць самастойна выконваць за вас складаную паслядоўную працу: напрыклад, правесці даследаванне, запоўніць табліцы ці спланаваць справы.
Гэтая сфера развіваецца вельмі хутка: кампанія Meta заплаціла каля 2 мільярдаў даляраў за памочніка Manus, а стваральнікі ChatGPT набылі праект OpenClaw, які стаў неверагодна папулярным у пачатку 2026 года. Новыя падобныя сэрвісы, як Genspark, ужо прыцягваюць сотні мільёнаў даляраў інвестыцый.
Для многіх людзей такія памочнікі становяцца часткай паўсядзённага жыцця, бо імі можна карыстацца праз звычайныя паведамленні ў WhatsApp ці Telegram. Цяпер галоўнае пытанне палягае ў тым, ці стануць гэтыя вузкаспецыялізаваныя агенты асноўнымі інструментамі, ці карыстальнікі аддадуць перавагу ўжо знаёмым ChatGPT, Claude і Gemini.

5. Штучны інтэлект выходзіць за межы браўзераў і праграм
Апошняя важная тэндэнцыя заключаецца ў тым, што штучны інтэлект перастае быць проста асобным сайтам ці мабільнай праграмай. Цяпер значная частка яго выкарыстання адбываецца там, дзе традыцыйныя рэйтынгі не могуць яго зафіксаваць.
Па-першае, самі інтэрнэт-браўзеры ператвараюцца ў прадукты штучнага інтэлекту. За апошні год OpenAI запусціла браўзер Atlas з убудаваным ChatGPT, Perplexity — Comet, а Browser Company — Dia. Замест стварэння новых браўзераў Google і Anthropic вырашылі ўкараніць сваіх памочнікаў Gemini і Claude непасрэдна ў папулярны Chrome.
Значны рост паказалі камп’ютарныя праграмы для прафесіяналаў. Claude Code дасягнуў гадавога даходу каля $1 мільярда за шэсць месяцаў, а Codex ад OpenAI набраў 2 мільёнаў штотыднёвых карыстальнікаў. Сярод звычайных карыстальнікаў папулярнасць набылі праграмы для аўтаматычнага стварэння нататак і запісу сустрэч (напрыклад, Fireflies, Otter, Granola), якія разам маюць 20 мільёнаў наведвальнікаў.
Нарэшце, штучны інтэлект стаў убудаванай функцыяй у тых інструментах, якімі мы карыстаемся штодзень. Цяпер Claude і ChatGPT працуюць непасрэдна ўнутры Excel і PowerPoint.
Google глыбока інтэгравала Gemini ў свае дакументы, электронную пошту і табліцы, а ў студзені 2026 года запусціла сістэму «Персанальны інтэлект». Гэта дазваляе памочніку бачыць вашы браніраванні гатэляў у пошце, асабістыя фотаздымкі і гісторыю праглядаў на YouTube, каб дапамагаць вам без лішніх тлумачэнняў.
У выніку традыцыйныя рэйтынгі наведвальнасці сайтаў усё менш адлюстроўваюць рэальнасць, бо штучны інтэлект ператвараецца з асобнага сэрвісу ў нябачную, але карысную функцыю ўнутры кожнай праграмы.
Як бот са штучным інтэлектам OpenClaw спачатку захапіў свет, а пасля трапіў пад забароны і быў названы «кашмарам кібербяспекі»
Патэнцыйны кашмар эпохі штучнага інтэлекту — біялагічная зброя. Увесь свет думае, як падрыхтавацца да яе выкарыстання
Юваль Ной Харары: Штучны інтэлект ператварыўся ў нож, які хутка будзе сам вырашаць, каго забіць
Каментары