Усяго патроху3030

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

Міністр, па словах артыстак-лукашыстак, указаў ім на дзверы і абурана мыкаў.

Міністр культуры Руслан Чарнецкі і сёстры Груздзевы. Калаж

Спявачкі сёстры Груздзевы паскардзіліся на тое, што не змаглі знайсці агульную мову з новым міністрам культуры Русланам Чарнецкім. І апісалі тое, што адбылося амаль год таму ў міністэрскай прыёмнай.

Папярэднік Чарнецкага ў міністэрскім крэсле Анатоль Маркевіч (падчас працы старшынёй Навагрудскага райвыканкама ён запомніўся тым, што арганізаваў малебен з просьбай аб дажджы) Груздзевых, падобна, любіў. Яны самі часта публікавалі здымкі з ім. І цяпер хваляцца, што Маркевіч з энтузіязмам вырашаў іх пытанні.

Анатоль Маркевіч і сёстры Груздзевы. Фота: сацсеткі

Сапраўды, тады быў іх зорны час — сясцёр запрашалі выступаць усюды. Аплачвалася гэта шчодра — артысткі маглі сабе дазволіць паліто «любімага брэнда Пуціна» за 3500 рублёў.

Але ўсё змянілася ў снежні 2024 года, калі Лукашэнка прызначыў міністрам культуры акцёра Руслана Чарнецкага. Выглядае, Маркевіч не пакінуў яму ў спадчыну любоў да Груздзевых.

Руслан Чарнецкі

Валянціна і Аляксандра засталіся па-за кадрам.

У сваім відэа абураныя сёстры распавядаюць, што некалькі месяцаў спрабавалі трапіць на прыём да высокага чыноўніка — каб пазнаёміцца і абмеркаваць свае пытанні. Яны не называлі імя таго чалавека, але, як даведалася «Наша Ніва» ад людзей з беларускага шоу-бізнэсу, гаворка ідзе менавіта пра Чарнецкага.

Афіцыйна запісацца на прыём у іх не атрымлівалася. Сакратарка раз за разам паўтарала, што няма такой магчымасці. Нават калі сёстры тэлефанавалі зранку ў панядзелак, калі пачынаўся запіс на асабістыя прыёмы, то чулі, што, на жаль, усе магчымыя варыянты часу ўжо распісаныя.

Груздзевы пісалі лісты — але і так дыялогу не атрымоўвалася. Тады сёстры вырашылі ісці ва-банк і летась 17 сакавіка проста прыехалі ў прыёмную міністра.

— Сакратарка ні ў якую: «Дзяўчаты, вам не трэба, вам адказалі». Я кажу: «Ну як нам адказалі, калі пытанні не вырашаюцца?!» — «Калі вам нешта не падабаецца, дык ідзіце ў суд».

Груздзевы ўжо сабраліся сыходзіць і нават выйшлі ў калідор, як раптам у прыёмнай з’явіўся выканаўца галоўнай ролі ў гэтай трагікамедыі.

Аляксандра ўзрадавалася і сказала сястры, што можна цяпер падысці і асабіста распавесці пра свае праблемы. Узброіўшыся абразом Святога Мікалая, Груздзева рынулася на амбразуру.

— Кажу: «Ведаеце, цягам трох месяцаў мы не можам да вас запісацца на прыём. Ваша сакратарка нас не пускае».

Чарнецкі пацікавіўся, па якіх пытаннях яго хочуць патурбаваць — артыстка распавяла. Адно з пытанняў, як адзначае Аляксандра, было для іх асабліва важным. На яго міністр адрэагаваў нервова: «Не прыдумляйце канспіралагічных тэорый!»

Груздзева ажно разгубілася. А пасля стала расказваць Чарнецкаму пра 2020 год і прасіцца на прыём.

Далей, па словах Аляксандры, была тэатральная паўза:

— Ён глядзіць на мяне страшнымі вачамі, у яго твар мяняецца…

А далей, па словах жанчыны, міністр культуры ўскінуў руку, паказваючы на дзверы двума пальцамі, і пры гэтым гучна мыкаў.

Аляксандра Груздзева паказвае, як Чарнецкі выганяў яе ў калідор. Скрыншот відэа ў тыктоку

У такой сітуацыі разгубілася нават Груздзева.

— Я пытаюся: «Што?». А ён мычыць і пальцамі паказвае на дзверы. І вось у гэтай цішы, я не разумею, што адбываецца, а ў мяне ў руках ікона… Я гляджу ў вочы гэтаму чыноўніку, ён глядзіць мне — можа, секунд 30 прайшло, можа хвіліна. Я мысленна прашу: «Божа! Святы Мікалай! Дапамажы мне стрымацца і не разраўсціся, дапамажы мне проста сабрацца з сіламі і нешта ўцямнае яму сказаць». Сілы былі ўвогуле на зыходзе. Ведаеце, як быццам цябе абухом па галаве стукнулі, ты не разумееш… Я дзякуючы гэтаму абразу Святога Мікалая кажу: «Добра. Значыць наступным разам. Значыць пазней».

У калідоры Аляксандра расплакалася. Прызнаецца, што было адчуванне, быццам яе як сабаку выкінулі за дзверы. Відавочна, што сёстры чакалі прызнання за сваю працу ў 2020 годзе. Усур’ёз яны разважаюць, як супрацьстаялі Захаду, які ладзіў сваю барацьбу з дапамогай метадычкі Шарпа.

— Ці думала я ў 2020 годзе, калі мы ехалі да стэлы і нам крычалі: «Ганьба!», потым гэтыя тысячы каментароў у сацсетках… Пудзілы ставілі каля нашага дома… Калі іншыя паціскалі рукі і казалі, што мы сталі маральным арыенцірам… Калі вядучыя «Скажи не молчи» казалі, што весь шоу-бізнэс хаваўся за нашымі спінамі… Ці думала я, што ў 2025 годзе ў кабінеце ў чыноўніка ён мне пакажа як сабаку на дзверы? Нават не пагаварыўшы, нават не пацікавіўшыся…

Свой стан у той момант Аляксандра Груздзева называе маленькай смерцю.

Сёстры цяжка перажываюць тую сустрэчу і сёння. У чэрвені паспрабавалі напісаць ліст Чарнецкаму, у якім распавялі пра тое, што адчуваюць. Але ж наладзіць адносіны гэта не дапамагло.

Каментары30

  • Ну
    24.02.2026
    Груздзевы, нават такі "міністар", як Чарнецкі разумее розніцу: дзе вы, а дзе культура)
  • Боба
    24.02.2026
    Ну с тем что они певицы, вы немного так перегнули
  • Хаха три раза
    24.02.2026
    А он лучше, чем мне казалось.

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

20‑гадовага забойцу ўкраінскай дэпутаткі Ірыны Фарыён асудзілі на пажыццёвае зняволенне4

«Магілёўліфтмаш» выпусціць ліфт для хмарачосаў3

Беларус пад Мінскам на чатырох сотках вырасціў тону батату

Скандал на фотаконкурсе мікравыяваў Nikon: пераможцу западозрылі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту

За 146 парушэнняў і два ДТЗ — тры месяцы без правоў. У Мінску са скрыпам пакаралі кіроўцу Bentley8

Кубракоў заявіў, што наркадылеры перакідваюць наркотыкі з Польшчы ў Беларусь з дапамогай метэазондаў14

Стала вядома пра смерць доўгажыхаркі Марыі Канановіч з Валожыншчыны, якой па пашпарце быў 121 год7

Маці забітай у Ізраілі Яніны: Яе муж Алі тэлефанаваў мне ў Гомель, абражаў дачку і адчайна яе раўнаваў11

Расія нанесла ўдары па мосце цераз Дняпро ў Кіеве. Ён выстаяў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць