Затрыманы у Германіі збег з-пад варты з дапамогай ключа ад кайданкоў за 10 еўра
Яго можна купіць у інтэрнэце.

У Баварыі падазраваны ўцёк падчас затрымання пад носам у паліцыі. Па папярэдніх даных, для ўцёкаў ён выкарыстаў ключы ад кайданкаў, купленыя ў інтэрнэце, піша тэлеграм-канал «Што там у немцаў?».
Мужчына ўсё роўна быў знойдзены, але інцыдэнт выявіў непрыемны факт: існуюць універсальныя ключы, якія падыходзяць да большасці мадэляў паліцэйскіх кайданкаў.
Расследаванне Баварскага грамадскага радыё і тэлебачання паказала: іх можна легальна набыць у інтэрнэце, і каштуюць яны каля 10 еўра! Але ў паліцыі спадзяюцца, што бескантрольны продаж ключоў хутка забароняць — вытворца ўжо наняў юрыстаў для гэтага.
Паліцыя падкрэслівае, што такія выпадкі ўцёкаў вельмі рэдкія. З мадэллю кайданкоў, якія выкарыстоўваюць баварскія паліцэйскія, фармальна ўсё ў парадку. Яна знаходзіцца на рынку з 2009 года і атрымала патрэбную сертыфікацыю.
Але сам факт уцёку выявіў праблему ў працэдурах бяспекі. Цяпер ідзе ўнутранае расследаванне: правяраюць, як падазраваны пранёс ключ і ці былі дапушчаныя памылкі падчас агляду.
Баварскі прафсаюз паліцыі ўжо выказаў сур’ёзную заклапочанасць і заклікаў распрацаваць кайданкі з індывідуальнымі ключамі, прызначанымі выключна для паліцыі. Аднак для гэтага спатрэбіцца каардынацыя паміж зямельнымі і федэральнымі ведамствамі, а значыць, хуткіх рашэнняў чакаць не варта.
Дарэчы, у Германіі няма закону, які забараняў бы ўцёкі. Вярхоўны зямельны суд Мюнхена ўпэўнены: «Паводзіны, што ўзнікаюць з натуральнага імкнення чалавека да свабоды, не павінны падлягаць пакаранню». А права імкнуцца да свабоды фіксавалі ў законах яшчэ ў XVI стагоддзі.
Каментары