«Галоўнае — шапкі надзелі». У цэнтры Мінска ў -17°C заўважылі бегуноў практычна без адзення
Пакуль большасць мінчукоў у нядзелю, 1 лютага, хуталася ў шалікі і пухавікі, ратуючыся ад моцнага марозу, на праспекце Незалежнасці заўважылі групу энтузіястаў, якім холад, здаецца, зусім не перашкаджаў.

У сацыяльнай сетцы Threads з'явіліся відэа, на якіх відаць, як уздоўж праспекта, спачатку ў раёне парку Чалюскінцаў, а пасля недалёка ад плошчы Незалежнасці ў іншым канцы горада, бяжыць група мужчын. З экіпіроўкі на іх — пераважна толькі шорты, шапкі і пальчаткі, толькі некаторыя ўцяпліліся легінсамі. І гэта пры тым, што тэмпература паветра ў сталіцы апусцілася да -17°C, а па адчуваннях надвор'е ўспрымаецца як усе -25°C.
Каментатары адрэагавалі на «маржоў-бегуноў» па-рознаму. Нехта выказаў павагу да здаровага ладу жыцця: «Годна. Лепш, чым па барах жлукціць».
Іншыя паставіліся скептычна, назваўшы гэта «паказухай» і выказаўшы асцярогі наконт нагрузкі на медыцыну: «Адказны чалавек такім займацца не будзе. Часцей за ўсё такой паказухай займаюцца вайскоўцы ці міліцыянеры».
Але большасць карыстальнікаў паставілася да забегу з гумарам:
- «Галоўнае, шапкі надзелі, каб вушы не адмарозіць»;
- «Джэнтльмены ўдачы» здымаюць працяг»;
- «Гэта яны паглядзелі цэны кватэр у «Паўночным Беразе», ахранелі і бегаюць на знак пратэсту, шакуючы людзей».
Каментары