«Мне страшэнна падабаюцца кепскія мужчыны». Святлана Курс распавяла, як пісала сваю першую кнігу
Выдавецтва Gutenberg Publisher зладзіла 16 студзеня ў Варшаве творчую сустрэчу з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) з нагоды перавыдання ейнай першай кнігі «Шлях дробнай сволачы». Мадэравала размову галоўная рэдактарка выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева. «Белсат» распавядае, як прайшла імпрэза.

Кніга як швейцарскі сыр
Ахвочых паслухаць Святлану Курс было шмат. У залі стартап-хаба «Imaguru» не хапіла для ўсіх месца, многія стаялі.
Галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher распачала сустрэчу з просьбы да пісьменніцы распавесці пра ейную самую першую кніжку і агулам пра сябе.
Кніга «Шлях дробнай сволачы» была выдадзеная ўпершыню ў 2008 годзе ў Кнігарні «Нашай Нівы». Як прыгадвае спадарыня Святлана, выданне пачалося з апавяданняў для «Нашай Нівы», якія прасіў яе пісаць былы галоўны рэдактар газеты Андрэй Дынько. Першым з іх стаў твор «Два хохлікі», напісаны ў 1998 годзе, калі яго аўтарцы было 26 гадоў.
«Такім чынам, ён прасіў, я пісала, ён прасіў, я пісала. З добрай ахвоты я ніколі не пісала. Я нават не памятаю, ці я за гэта грошы атрымлівала. Відаць, нешта атрымлівала. І цяпер я не менш збянтэжаная», — казала пісьменніца.
Сама Ева Вежнавец не любіць гэтую сваю кніжку і не лічыць яе добрай. Кажа, што яна як швейцарскі сыр — у ёй шмат дзірак.
«Там відаць, што чалавек пісаў-пісаў, а потым, як хірург, у якога нічога не атрымліваецца, падумаў, ай — і пакоцаў, пакоцаў усё і паехаў жыць у Польшчу. Я пакоцала ўсё і паехала ў 2006 годзе жыць у Польшчу», — зазначае аўтарка.
«Халодныя мярзотнікі — каралі майго сэрца»
2006 год спадарыня Святлана прыгадвае як «адзін з самых бліскучых і нястрачаных намі шанцаў», бо ў Аляксандру Мілінкевічу і Сямёне Домашу «мы ўбачылі нармальнасць — гэта была эстафета нармальнасці». У той час пісьменніца пераехала ў Польшчу. Кніга «Шлях дробнай сволачы» выйшла праз 2 гады — у 2008-м.
«Я яе называю байстручком, часамі — грахамі юнацтва. Чытаць мне яе вельмі складана. Я бачу, колькі там юнацкага пафасу, нявопытнасці, жыццёвай малабітасці, як закладваюцца памылкі, якія ў дарослым узросце выходзяць у вялізныя глупствы. І мне хочацца плакаць, шчыра кажучы», — дзеліцца сваім стаўленнем да ўласнага твора Святлана Курс.

Валянціна Андрэева перадала пытанне ад пісьменніцы Югасі Каляды пра героя кнігі Алоўнікава — ці ён скразны персанаж, ці выпадковы, ці не. Спадарыня Святлана адказала, што гэта мужчына, якога яна вельмі кахала «гадоў 20». Ён быў вельмі кепскім і прыўкрасным чалавекам адначасова.
«Гэта скразны персанаж майго жыцця. З ім даўно скончана. Мне страшэнна падабаюцца кепскія мужчыны. Халодныя мярзотнікі — каралі майго сэрца, і ён быў сярод іх найлепшым персанажам. Яны жанчыне дадуць столькі прыгодаў, колькі харошы, цёплы муж за 50 гадоў шлюбу не дасць», — распавяла спадарыня Святлана.
«Дробная свалачушка»
Назваць кнігу «Шлях дробнай сволачы» аўтарку натхніла «Залатое цяля» Ільфа і Пятрова, у якім згадвалася пра дробную птушыную сволач, што крычала ў жыце. Такую дробную птушыную сволач пісьменніца бачыць у многіх учынках і выбарах людзей — невялікіх, але тых, «якія маюць права да жыцця, быць любімымі, любіць і жыць сваё вялікае свалачное жыццё».
Святлана Курс прызналася, што людзі яе адначасова і зачароўваюць, і расчароўваюць, і што з гэтым рабіць, яна не ведае. Пісьменніца распавяла пра сяброўства з «прыгожай, разумнай, заможнай жанчынай — полькай з высокіх колаў грамадства»:
«Яна адначасова ставіцца да мяне цудоўна, вельмі любіць, але таксама вельмі любіць распытваць, чаму паправілася спадарыня Ціханоўская і на якія грошы яна жыве, і ці не за польскія грошы яна жыве. І я, з аднаго боку, вельмі люблю яе, а з другога, яна мяне так шалёна бесіць. І з большасцю людзей таксама. Хоць бываюць анёлы, якія ўвогуле нікога бясіць не ў стане, а бываюць такія мярзотнікі, што аж захапляешся — як ты, такая скаціна, жывеш на гэтым свеце».

Адначасова спадарыня Святлана верыць, што, калі звяртацца да найлепшага ў чалавеку, гэтае найлепшае будзе адгукацца, і што нават апошнія цынічныя забойцы вымушаныя мець судачыненні з мараллю, хоць яе ўвесь час і аспрэчваюць, і адкідваюць.
Пра распальванне варожасці паміж палякамі, украінцамі і беларусамі
Рэдактарка Gutenberg Publisher запыталася ў Святланы Курс як чалавека, які даўно жыве ў Польшчы, пра цяперашнія настроі ў мясцовым грамадстве да мігрантаў, украінцаў, беларусаў, пра тое, ці змяніліся яны за апошні час і ці сапраўды «курс Польшчы паварочваецца направа».
«Гэта не столькі курс Польшчы, колькі курс паловы грамадства, — адказала пісьменніца. — 10—15% польскага грамадства — гэта людзі ультраправых поглядаў. Я раней не ведала гэтага. І думаю, такі ж адсотак у кожным грамадстве. Такіх людзей шмат. Яны раней хавалі свае погляды, бо гэта было нямодна. Цяпер зрабілася модным і дазваляльным і яны пачалі гэтыя погляды маніфеставаць».

Разам з тым спадарыня Святлана просіць не забывацца на «магутную працу, якая вядзецца расейскімі агентамі ўплыву», што можна лёгка прасачыць у інтэрнэце.
«Я сачыла з жахам, як яны ўзяліся за валынскае пытанне», — зазначае аўтарка.
Паводле пісьменніцы, людзі лёгка паддаюцца гэтым уплывам і забываюцца і пра падзелы Польшчы, і нават Катынь становіцца для іх дробяззю, бо яны цяпер ненавідзяць украінцаў. Такое ж распальванне варожасці магчымае паміж палякамі і беларусамі. Спадарыня Святлана прыгадала выпадкі, калі беларусаў білі на вуліцах польскіх гарадоў, залівалі газам, пра стаўленне некаторых лекараў ці санітарак, з якім сутыкалася ў шпіталях.
«Але палякі вельмі разумныя людзі, і я ў іх веру як у народ», — падвяла рысу пад сумнымі развагамі Ева Вежнавец.

«Быць свабодным у сваім тэмпе»
Пракаментавала пісьменніца і «бельведэргейт», і абурэнне ў Фэйсбуку сустаршыні Асацыяцыі беларускіх бізнесоўцаў замежжа ABBA Марыны Гірын лялькай-абярэгам у якасці падарунку ад беларусаў прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму.
«Гэта страшная нявыхаванасць — сказаць, што гэтая лялька — кепскі падарунак. У гэтым падарунку няма нічога супраць каталіцызму і хрысціянства. Там ёсць толькі цяпло рук, цяпло сэрца і добра выкананая праца чалавека. І ты тут не гаспадар, не вялікая асоба, а крытыкуеш падарункі людзей. І іншыя падхопліваюць — скандал на прыёме ў прэзідэнта. Які ж гэта скандал?»
Святлана Курс заклікае беларусаў да стрыманасці і да таго, каб не надта рэагаваць на «маленькую нявыхаванасць» іншых людзей. Вытрымка і «алімпійскі спакой», паводле пісьменніцы — добрыя якасці беларускага нацыянальнага характару, якія трэба развіваць і берагчы.

Таксама спадарыня Святлана просіць беларусаў не спяшацца:
«Майму сыну 26 гадоў. І я кажу яму — спакойна, не спяшайся жыць, не жаніся хутка, не ляці на ўсе працы на свеце, ты ўсё паспееш. Калі мне было 26, нас вельмі моцна прыспешвалі. Хацелі, каб дзяўчаты павыходзілі замуж, хлопцы парабіліся кармільцамі сям’і, набылі адразу разумную прафесію і жылі сваё жыццё на чыставік без чарнавіка. Але калі чалавек не паробіць усіх сваіх памылак, і не разаўецца так, як ён развіваецца, то з яго, магчыма, сапраўдны чалавек да канца не атрымаецца. Фрэдзі Мэркуры казаў: мы свабодныя ва ўласным тэмпе. Ну вось — шлях дробнай сволачы, ці шлях буйной сволачы, ці проста чалавека — быць свабодным у сваім тэмпе».
Чаму Ева?
У пісьменніцы запыталіся, ці захоўвае яна чарнавікі сваіх твораў. У адказ спадарыня Святлана шчыра распавяла, што калі захварэла ў траўні мінулага года і адчувала сябе вельмі-вельмі кепска, яна ўсё панішчыла, у тым ліку шмат якія дакументы.
«Я думала — навошта яны мне? Толькі месца займаюць, я ж усё роўна памру. Так што ў мяне фактычна нічога няма і мала чаго засталося. Дзякуй Богу, ёсць запавет і права на кватэру, і гэтага мне хапае. І ведаеце што — так лёгка зрабілася, калі нічога не засталося. Пустая хата. Нуль дзённікаў, нуль чарнавікоў. Яны дзесьці па сметніцах сусвету пырхаюць. Цяпер можна жыць з чыстага ліста».

З залі прагучала пытанне, чаму пісьменніца абрала ў якасці псеўданіма імя «Ева». Спадарыня Святлана распавяла, што агулам вельмі любіць чалавечыя імёны і бачыць іх характары і сэнсы:
«Ева — прарадзіцельніца ўсіх жанчын і кароткае характарнае імя. Ева стварае характар. Усе Евы — жанчыны з характарам. Святланы ўсе шалёныя, могуць сябе доўга культурна паводзіць, а потым у іх нутро сваё возьме. А Ева мне спадабалася. А прозвішча майго ваенрука, нябожчыка ўжо — проста прыўкраснае».
З якім музычным творам асацыюе сябе Ева Вежнавец?
Гасцей творчай сустрэчы цікавіла, з якім музычным творам сябе б параўнала Святлана Курс, на што яна адказала, што кожны дзень мае ўлюбёную песню. А сёння — песня з серыяла «Penny Dreadful», тэма галоўнай гераіні Джоан Клэйтан.
«Яна цяжкая, натхняльная, там гучыць нейкі нізкі музычны інструмент. Паслухайце. Верагодна, кагосьці з вас гэта моцна натхніць», — раіць пісьменніца.
Святлана Курс прызналася, што ахвотна глядзіць серыялы. Найбольш любіць дэтэктывы і касцюмаваныя драмы ВВС, а таксама англійскія класічныя серыялы.
Пісьменніца таксама распавяла, што ўсё жыццё вырашае пытанне: што цікавейшае і важнейшае — літаратура ці жыццё, і прыйшла да высновы, што жыццё больш бессаромнае і «можа выкідваць такія конікі, чаго ў літаратуры не напішаш, бо ніхто не паверыць». Літаратура ў сваю чаргу дыстылюе чалавека.
«Ты можаш не сустракацца з чалавекам, а прачытаць ягоную адну кніжку і ўбачыць, што ў ім найважнейшае, чым ён жыў, што гэта быў за чалавек, адчуваеш шкілет ягонай асабовасці. Літаратура не меншая за жыццё, адзінае, магчыма, такое мастацтва. І я нават не ведаю, дзе сканчаецца жыццё, а дзе пачынаецца літаратура», — кажа пісьменніца.
Нашае галоўнае дасягненне
У Святланы Курс запыталіся, якія падзеі ХХ стагоддзя найбольш паўплывалі на Беларусь. Па меркаванні пісьменніцы, гэта, «безумоўна», стварэнне беларускай газеты «Наша Ніва», паўстанне беларускай літаратуры ў 1920—30‑я гады і яе амаль 100%-я гібель. Далей ідзе савецкая меліярацыя, перарабленне беларускіх гарадоў у 1930—70‑я на «савецкія чаромушкі» («пра гэта можна прачытаць у добра, старанна напісаных кнігах Сяргея Абламейкі — я не ведала, што была такая жахлівая кампанія, што ўсе нашыя гарады былі пераробленыя так, што іх можна з Сызранню пераблытаць»).

Таксама пісьменніца вылучае русіфікацыю школьнай адукацыі.
«Пра войны і казаць не буду, гэта само сабой зразумела. Пра тое, што Савецкі Саюз ляснуўся — увогуле вялізная падзея. І што мы ўсё яшчэ жывыя і ўсё яшчэ ствараем — нашае галоўнае дасягненне ХХ — ХХІ стагоддзя. І я шчыра веру, што, нягледзячы на тое, што зараз адбываецца ў свеце, а мо і дзякуючы гэтаму, што будучыня ў нас вельмі цікавая і будзе куды прыкласці рукі», — рэзюмавала спадарыня Святлана.
Каментары