Бацька вырашыў заступіцца за сына, якога абражалі ў школе. Скончылася крымінальнай справай
Жыхар Клімавічаў вырашыў заступіцца за сына-падлетка, якога абражалі аднакласнікі. Спачатку мужчына паспрабаваў развязаць пытанне мірна, але плёну гэта не дало. У выніку ўсё скончылася крымінальнай справай аб наўмысным прычыненні цялесных пашкоджанняў непаўналетняму.

16‑гадовы падлетак расказаў бацьку, што ў школе яго абражаюць, а часцей за ўсё пытанні ўзнікаюць з аднакласнікам. Спачатку мужчына вырашыў пагаварыць з бацькам крыўдзіцеля, але выніку гэта не прынесла, піша Onliner.by.
Пасля чарговага інцыдэнту падлетак надумаў сустрэцца з аднакласнікам і развязаць сітуацыю, а папярэдне расказаў пра гэта бацьку. Мужчына пастанавіў пайсці разам з сынам, кампанію ім таксама склаў пляменнік абвінавачанага.
«Каля 21 гадзіны, сустрэўшы непаўналетняга ў двары аднаго з жылых дамоў, абвінавачаны нанёс пацярпеламу не менш за 26 удараў рукамі і нагамі па галаве і іншых частках цела. У выніку яму былі нанесеныя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, у тым ліку закрыты пералом ніжняй сківіцы, рана верхніх вуснаў, кровападцёкі», — расказалі ў судзе.
Падчас пасяджэння абвінавачаны прызнаў віну, але адмовіўся даваць паказанні.
У выніку суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання і прызначыў пакаранне ў выглядзе хатняй хіміі на 1 год без штрафу. Таксама мужчыну абавязалі выплаціць на карысць пацярпелага маральную кампенсацыю — 3000 рублёў.
Каментары
Я бы убила вообще, не глядя на криминалку, за своего сына!