Перамоўшчык Пуціна абвінаваціў ва ўдары па дзіцячым садку ў Харкаве ўкраінскую СПА
У эфіры CNN Кірыл Дзмітрыеў, які прыбыў у ЗША як «перамоўшчык» Пуціна, заявіў, што Расія не нацэльваецца на дзіцячыя сады і нагадаў пра напады з боку ўкраінскіх войскаў на рускамоўных жыхароў Данбаса.

Вядучы CNN пацікавіўся ў кіраўніка Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыла Дзмітрыева, ці разумее ён, чаму Дональд Трамп адчувае раздражненне ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна. Журналіст прывёў гісторыю, якую Трамп распавёў перад самітам на Алясцы: пасля размовы з Пуціным ён падзяліўся ўражаннямі з першай лэдзі, Меланіяй, а яна адказала: «Ну, Расія ж толькі што разбамбіла дом састарэлых».
На гэта Дзмітрыеў адказаў, што ён не з’яўляецца вайсковым чалавекам, а займаецца «эканомікай і інвестыцыямі». Паводле яго слоў, расійская армія наносіць удары толькі па ваенных аб’ектах.
У адказ на пытанне журналіста CNN пра ўдары расійскіх войскаў па цывільных мэтах кіраўнік РФПІ таксама заявіў, што «многія рускамоўныя жыхары Данбаса першапачаткова падвергліся нападам з боку ўкраінскіх войскаў».
Вядучы заўважыў, што асабіста быў ва Украіне і бачыў наступствы расійскіх удараў, як цяпер — разбураныя жылыя дамы і дзіцячы сад у Харкаве. Ён падкрэсліў, што сцвярджэнні пра ўдары толькі па ваенных аб’ектах не адпавядаюць рэчаіснасці, бо па ўсёй Украіне цярпяць цывільныя цэлі.
Дзмітрыеў зноў паўтарыў, што не з’яўляецца вайсковым, і дадаў, што часам ракеты ўкраінскай СПА «трапляюць не туды». Паводле яго слоў, Расія хоча «як мага хутчэй скончыць гэты канфлікт».
«Вядома, Расія не нацэльваецца на дзіцячыя сады. Па такіх выпадках трэба звяртацца да вайскоўцаў. Любая ахвяра — гэта вялікая трагедыя. Менавіта таму мы хочам як мага хутчэй скончыць гэты канфлікт. Чаму б не дамовіцца аб спыненні агню? Пазіцыя Расіі заключаецца ў тым, што ўдары наносяцца па ваенных аб’ектах, а часам ракеты ўкраінскай СПА трапляюць не туды. Але, паўтаруся, гэта не мая сфера — я не вайсковы чалавек, я проста імкнуся садзейнічаць дыялогу і як мага хутчэйшаму завяршэнню канфлікту», — сказаў Дзмітрыеў у эфіры CNN.
Каментары
Перарэзалі суседзяу́ , сваіх цюбяцеек страцілі пау́мільярда .
а морды і мазгі засталіся тыя ж .