На мемарыяльным муры ў Лютэранскім садзе ў Вільні ў сярэдзіне кастрычніка ўсталявалі дошку са звесткамі пра пахаванне на тэрыторыі саду славутага беларускага пісьменніка і драматурга Францішка Аляхновіча, піша «Радыё Свабода».

«Аляхновіч Францішак. 1883—1944. Беларускі драматург» — напісана па-літоўску на базальтавай дошцы. Акрамя Аляхновіча на дошцы пазначаныя яшчэ 29 прозвішчаў.

Побач на муры ўсталяваная аналагічная дошка з імёнамі пахаваных, а таксама некалькі ацалелых надмагільных пліт з былых Лютэранскіх могілак. Рэканструкцыя мемарыяльнага муру ў Лютэранскім садзе працягваецца.

Лютэранскія могілкі былі адкрытыя ў Вільні ў 1809 годзе. Цяпер тут знаходзіцца Лютэранскі сад — месца адпачынку віленчукоў, дзе пра былыя могілкі нагадваюць некалькі ацалелых помнікаў і фамільны склеп сям’і віленчукоў Нішкоўскіх, а на месцы зруйнаванай Лютэранскай царквы стаіць гарадскі Дом шлюбаў.

Беларускага драматурга і пісьменніка, аўтара славутай кнігі «У капцюрох ГПУ» і апошняга рэдактара штотыднёвіка «Беларускі голас» Францішка Аляхновіча савецкія партызаны забілі ва ўласнай кватэры 3 сакавіка 1944 года. У пахаванні Аляхновіча бралі ўдзел тысячы віленчукоў-беларусаў.

Пахавалі Аляхновіча на Лютэранскіх могілках Вільні 8 сакавіка 1944 года. У жалобнай працэсіі, паводле ўспамінаў віленчукоў, бралі ўдзел тысячы людзей, у тым ліку настаўнікі і вучні беларускіх школ, а таксама прыезджыя з усёй Беларусі. Пра памеры жалобы можна меркаваць па фотаздымках з сямейнага альбома Міраславы Русак, якія нядаўна былі перададзеныя віленскаму Музею імя Івана і Антона Луцкевічаў.
Сведкі згадвалі, што ў развітальных прамовах над труной пісьменніка людзі казалі, што беларускі народ Аляхновіча ніколі не забудзе, але рэчаіснасць аказалася больш складанай. Праз разбурэнне могілак у пачатку 1960‑х гадоў мінулага стагоддзя дакладнае месца магілы цяпер невядомае.

«Добра, што цяпер гэта зроблена»
Паводле віленскіх беларускіх актывістаў, магчыма толькі прыблізна вызначыць месца, дзе быў пахаваны пісьменнік. Гэтак мяркуе і кіраўніца Беларускага дому, удава вядомага грамадскага дзеяча Сержука Вітушкі Людвіка Кардзіс, якая спрабавала адшукаць месца пахавання Францішка Аляхновіча.
Спадарыня Людвіка нагадвае, што праз некалькі месяцаў пасля пахавання Аляхновіча ў Вільню прыйшла Чырвоная армія, і можна меркаваць, чаму каменны помнік на месцы магілы дзеяча беларускага незалежніцкага руху не з’явіўся. Драўляны крыж мог з гадамі знікнуць, што і прывяло да заняпаду магілы, але беларускія старажылы Вільні пра месца яго пахавання не забыліся, кажа Людвіка Кардзіс.
«Мне гэтае месца паказвалі абазнаныя віленчукі, якія казалі, што добра памятаюць, дзе быў пахаваны Францішак Аляхновіч. У Лютэранскім садзе побач з Домам шлюбаў стаіць адзіны ацалелы на былых могілках магільны склеп-капліца. Вось прыкладна за 8—9 метраў ад усходняй сцяны капліцы — тое месца. Канечне, каб цяпер дакладна яго вызначыць, трэба было б правесці раскопкі. Зразумела, ніхто гэтага не дазволіць.
Але мы звярталіся да гарадскіх уладаў, прасілі неяк абазначыць месца, каб хаця б была магчымасць ускласці кветкі, ушанаваць памяць славутага пісьменніка. Нам паведамілі, што рыхтуецца ўсталяванне мемарыяльнай дошкі. Добра, што цяпер гэта зроблена», — расказала «Радыё Свабода» беларуская актывістка Людвіка Кардзіс.
Што да вядомага помніка Францішку Аляхновічу, усталяванага на віленскіх могілках Росы непадалёк ад сімвалічнага помніка заснавальнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам, то гэта таксама сімвалічны помнік, які з’явіўся там у 2022 годзе дзякуючы намаганням Таварыства беларускай культуры ў Літве, якое сабрала ў якасці ахвяраванняў на помнік Аляхновічу больш за 2000 еўра.
Францішак Аляхновіч напісаў сваю кнігу ўспамінаў пра пакуты ў савецкіх вязніцах у 1935 годзе. Твор стаў вынікам вельмі драматычных падзей. У канцы 1926 года Францішак Аляхновіч, які да таго жыў у Вільні, на запрашэнне беларускіх уладаў пераехаў у Мінск, але ў першы дзень новага, 1927 года быў арыштаваны паводле абвінавачання ў шпіянажы на карысць Польшчы. Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі на Салаўках, з якіх адбыў у няволі амаль 7 гадоў. У Беларусі за пісьменніка працягвалі заступацца ягоныя ўплывовыя калегі, тады гэта яшчэ было магчыма, і ў 1933 годзе апякунства дало вынік — Францішка Аляхновіча абмянялі на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага, аўтара першага падручніка беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча.
У Вільні Аляхновіч адразу ўзяўся за кнігу ўспамінаў пра Салаўкі, але надрукаваць яе па-беларуску спачатку было немагчыма. Першае выданне ўспамінаў выйшла па-польску, потым рукапіс надрукавала расійскае эмігранцкае выданне, і толькі ў 1937 годзе кніга выйшла па-беларуску пад назвай «У капцюрох Г. П. У.». Менавіта пад гэтай назвай кніга Аляхновіча лічыцца адным з найлепшых дакументальных твораў пра рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе.
У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з «Радыё Свабода» заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча стаў палітвязень Ігар Аліневіч за кнігу «Еду ў Магадан», які цяпер адбывае новы тэрмін — 20 гадоў — за падзеі 2020 года. З таго часу лаўрэатамі прэміі сталі дзясяткі былых палітвязняў.
Каментары