Грамадства33

«Гэта мой асабісты выклік». Польскі гід водзіць экскурсіі па Варшаве на беларускай мове

Калі ў Варшаве пачынаецца экскурсія на беларускай мове, не ўсе адразу здагадваюцца, што гід — паляк. Альберт Ежы Вяжбiцкi праводзіць гарадскія туры для беларусаў з 2022 года — і за гэты час стаў добра вядомай фігурай у беларускай дыяспары Варшавы. Ён гаворыць па-беларуску спакойна і ўпэўнена. І здаецца, што для ўдзельнікаў экскурсій гэта ўжо не сенсацыя — хутчэй натуральная частка іх новага варшаўскага жыцця. Выданню Most ён расказаў, чаму амаль не паўтарае маршруты, навошта водзіць беларусаў у непапулярныя месцы і як гісторыя Варшавы адгукаецца людзям з досведам эміграцыі і рэпрэсій.

экскурсіі па Варшаве
Альберт Ежы Вяжбiцкi. Фота з яго архіва

Альберт — польскі гід і перакладчык. Экскурсіі на беларускай мове ён праводзіць для беларусаў, што апынуліся ў Польшчы пасля 2020 года. Ён нарадзіўся ў горадзе Гарволін недалёка ад Варшавы, а вывучаў беларускую мову і культуру ў Варшаўскім універсітэце.

«Беларусы яшчэ не добра ведаюць польскую»

Запуск экскурсій на беларускай мовы для Альберта быў найперш практычным.

«Беларусы яшчэ не добра ведаюць польскую, таму я вырашыў гаварыць на беларускай», — тлумачыць ён.

экскурсіі па Варшаве
Альберт Ежы Вяжбiцкi. Фота з яго архіва

Але вельмі хутка стала зразумела: гаворка не толькі пра зручнасць. Першыя экскурсіі збіралі нечакана шмат людзей — па 20 чалавек.

« Мяне кранула, як моцна людзі адгукнуліся. Я не чакаў такой зацікаўленасці. Ім было цікава не толькі тое, што звычайна расказваюць турыстам, але і гісторыя, культурны кантэкст, усё, што звязана з месцам, дзе яны цяпер жывуць».

Хутка экскурсіі перасталі быць маналогам гіда: беларусы задавалі шмат пытанняў, хацелі разумець сувязі і часта ўжо мелі ўласныя веды пра горад.

«Стараюся паказваць тое, што не на паверхні»

Маршруты ў Альберта амаль не паўтараюцца. Нават самы папулярны з іх — Павісле — гэта не класічны Стары горад і не набор «абавязковых» славутасцяў.

«Я не люблю вадзіць туды, дзе ўсе ўжо былі. Я стараюся паказваць тое, што не на паверхні. Мне цікавейшыя непапулярныя месцы — тыя, каля якіх людзі праходзяць штодня і не заўважаюць», — кажа ён.

Для беларусаў, якія толькі нядаўна пераехалі ў Варшаву, такія маршруты часта становяцца першым крокам да асабістай карты горада.

экскурсіі па Варшаве
Альберт Ежы Вяжбiцкi. Фота з яго архіва

«Можна заплаціць колькі хочаш»

Часцей за ўсё да Альберта прыходзяць не арганізаваныя групы, а людзі паасобку: па двое, з сябрамі, часам тыя, хто ўжо быў раней.

«Я арганізую экскурсіі, на якія можна прыйсці незалежна ад колькасці чалавек і заплаціць потым колькі хочаш. Людзі не абавязкова шукаюць тут беларускае кола. Яны ўжо інтэгруюцца, знаходзяць сяброў на працы, у лакальных супольнасцях. А экскурсіі — гэта магчымасць проста быць у горадзе і пазнаёміцца з новымі людзьмі».

Людзі прыходзяць найперш на экскурсію — не «на сустрэчу». Але агульная цікавасць да гісторыі часта робіць сваю справу — і знаёмствы завязваюцца.

Калі Варшава адгукаецца траўмай

Некаторыя тэмы варшаўскай гісторыі для беларусаў сёння асабліва балючыя.

«Гісторыя камунізму, 1980‑х гадоў, «Салідарнасці» — гэта вельмі моцна адгукаецца», — кажа Альберт.

экскурсіі па Варшаве
Альберт Ежы Вяжбiцкi. Фота з яго архіва

Адна з самых цяжкіх экскурсій праходзіла ў былой турме для палітвязняў у Макотаве, дзе сёння музей.

«Гід расказвала з жахам, у якіх умовах трымалі людзей. І побач стаялі беларусы, якія ў 2020 годзе прайшлі праз Акрэсціна і іншыя турмы. Я быў у шоку: тое, што ў нас стала музеем, у суседняй краіне адбываецца дагэтуль».

Могілкі — тэст на гатоўнасць памятаць

Ёсць маршруты, якія беларусам даюцца складаней.

«Беларусы не вельмі любяць хадзіць на могілкі, — прызнаецца Альберт. — Але я стараюся заахвочваць».

Для яго гэта маршрут, звязаны не са смерцю, а з разуменнем гісторыі і горада.

«Могілкі — гэта частка Варшавы і яе памяці. Але я бачу, што для маёй аўдыторыі гэта няпросты фармат».

Магчыма, справа не толькі ў нежаданні. Людзі з досведам эміграцыі і рэпрэсій часта стомленыя ад смерці і страт, яны адчуваюць, што болю і памяці ў іх жыцці ўжо і так занадта шмат. І ўсё ж Альберт не адмаўляецца ад такіх маршрутаў — бо лічыць, што без памяці немагчыма зразумець месца, дзе жывеш.

Праца з беларускай аўдыторыяй змяніла і яго ўласнае ўспрыманне Варшавы.

«Цяпер я бачу гісторыю Варшавы як агульную — не толькі польскую. Гэта гісторыя, звязаная і з краінамі на ўсход ад Польшчы. Я заўсёды шукаю моманты, якія нас аб’ядноўваюць».

экскурсіі па Варшаве
Альберт Ежы Вяжбiцкi з кнігай польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага. Фота з яго архіва

«Мая місія — беларусізаваць беларусаў»

Для Альберта гэтыя экскурсіі з самага пачатку былі не проста працай.

«Мая галоўная місія — беларусізаваць саміх беларусаў. Гэта мой асабісты выклік. Людзі з’ехалі з краіны, дзе моцная русіфікацыя. А ў Польшчы можна свабодна жыць, глядзець на свет і атрымліваць веды на беларускай мове. Калі ты беларус, то лагічна валодаць беларускай. І мне важна, каб людзі атрымлівалі кантэнт пра месца, дзе яны цяпер жывуць, менавіта на гэтай мове», — кажа Альберт.

Ён не ставіць мэту «адпрацаваць маршрут».

«Я хачу, каб людзі самі адкрывалі горад. На кожнай экскурсіі я раю нейкую кавярню, музей, дом культуры або выставу. Мне важна, каб хаця б адзін чалавек пасля экскурсіі адкрыў адно новае месца».

Каментары3

  • Вольга
    16.01.2026
    Квантавая дэімперыялізацыя.
  • Малайцы!
    16.01.2026
    Нізкі паклон! Дзякуй за добрую працу, сябар беларусаў! Дай жа Божа Вам здароўя й ласкі.
  • хм
    16.01.2026
    Не дают покоя крэсы ?

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі28

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Усе навіны →
Усе навіны

Кандыдат Трампа на пасаду пасла ў Ісландыі назваў яе 52‑м штатам ЗША2

Бабарыка сустрэўся з прыхаджанамі царквы ў Берліне, дзе год за годам моляцца за беларускіх палітвязняў5

Беларускі хакеіст згуляе ў матчы зорак АХЛ

Відэа з тэгеранскага морга сведчаць пра вельмі жорсткае падаўленне пратэстаў у Іране33

Памятаеце фота, як сцюардэса «Белавія» адпачывала ў турбіне самалёта? Дзяўчына распавяла яго гісторыю

Вялікабрытанія адхіліла прапанову Францыі і Італіі пачаць перамовы з Пуціным2

Трамп прыняў нобелеўскі медаль ад Марыі Карыны Мачада ФОТАФАКТ28

У Жодзіне частка дамоў засталася без ацяплення і гарачай вады

«Падвойнае пасланне для ЗША». У Грэнландыю пачалі прыбываць еўрапейскія вайскоўцы. Пакуль малаколькасныя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі28

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць