«Падвойнае пасланне для ЗША». У Грэнландыю пачалі прыбываць еўрапейскія вайскоўцы. Пакуль малаколькасныя
У сталіцу Грэнландыі Нуук прыбыў французскі вайсковы кантынгент колькасцю 15 чалавек. Яшчэ некалькі еўрапейскіх краін таксама накіроўваюць туды сваіх салдат у межах так званай разведвальнай аперацыі «Арктычная стойкасць» — вучэнняў, якія ўзначальвае Данія, піша Бі-бі-сі.

Напярэдадні прадстаўнікі Грэнландыі і Даніі сустрэліся ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі ЗША, аднак не дасягнулі згоды наконт будучыні самага вялікага вострава ў свеце. Прэзідэнт Трамп мае намер усталяваць амерыканскі кантроль над выспай любым спосабам, не выключаючы сілавога.
Пра свой удзел у вучэннях ужо заявілі Францыя, Швецыя, Германія, Вялікабрытанія і Нарвегія, пазней да іх далучыліся і Нідэрланды. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сцвярджае, што востраў, які мае выгаднае стратэгічнае размяшчэнне і багаты на мінеральныя рэсурсы, жыццёва важны для бяспекі ЗША, і Амерыка павінна яго кантраляваць, каб яго не занялі Расія або Кітай.
Ён прапануе купіць Грэнландыю, але не выключае і магчымасці сілавога захопу. Грэнландыя і Данія заяўляюць, што выспа не прадаецца, а пагрозы сілай — безразважныя. Лідары краін ЕС падтрымалі Данію. Аднак Трамп мяркуе, што Данія не здольная супрацьстаяць уплыву Расіі і Кітая ў Арктыцы.
«Праблема ў тым, што Данія нічога не зможа зрабіць, калі Расія або Кітай захочуць акупаваць Грэнландыю, а мы можам усё. Вы гэта ўбачылі на мінулым тыдні [у выпадку] з Венесуэлай», — заявіў Трамп у сераду журналістам у Авальным кабінеце. Ён не выключыў выкарыстання сілы, але выказаў надзею, што ўдасца знайсці нейкае рашэнне.
У сераду адбылася сустрэча высокапастаўленых прадстаўнікоў ЗША, Даніі і Грэнландыі.
Міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусэн заявіў, што перамовы былі канструктыўнымі, але паміж двума бакамі захоўваюцца «фундаментальныя супярэчнасці».
Як адзначае Reuters, хоць удалося пазбегнуць публічнага прыніжэння, падобнага да таго, якое перажыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі летась, сустрэча не прынесла рашэння і ўрэгулявання спрэчкі.
«Амерыканскія амбіцыі захопу Грэнландыі застаюцца ў сіле», — заявіла прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен у пісьмовым каментары Reuters у чацвер, таксама адзначыўшы «фундаментальныя рознагалоссі».
«Гэта, безумоўна, сур’ёзна, таму мы працягваем прыкладаць намаганні, каб прадухіліць рэалізацыю такога сцэнару [захопу амерыканцамі]», — паабяцала яна.
ЗША і Данія створаць рабочую групу для абмеркавання шырокага кола пытанняў, звязаных з выспай, заявілі прадстаўнікі Даніі і Грэнландыі пасля перамоў.
Яшчэ да сустрэчы Грэнландыя і Данія паведамілі, што пачалі павялічваць вайсковую прысутнасць на востраве і вакол яго ў шчыльным супрацоўніцтве з саюзнікамі з НАТА.
«Узброеныя сілы Даніі разам з шэрагам арктычных і еўрапейскіх супольнікаў у найбліжэйшыя тыдні вывучаць, як на практыцы можна рэалізаваць узмоцненую прысутнасць і правядзенне вучэнняў у Арктыцы», — заявіла Міністэрства абароны Даніі.
Еўрапейская вайсковая прысутнасць у Грэнландыі нясе падвойное пасланне для адміністрацыі ЗША, лічыць аналітык Марк Якабсен з Каралеўскага абароннага каледжа Даніі.
«Па-першае, стрымлівае: паказаць, што калі вы вырашыце дзейнічаць вайсковым шляхам, мы гатовыя абараняць Грэнландыю. Па-другое, паказаць: мы сур’ёзна ўспрымаем вашу крытыку, узмацняем нашу прысутнасць, клапоцімся пра наш суверэнітэт і паляпшаем назіранне за Грэнландыяй», — патлумачыў ён у каментары Reuters.
Аліўе Пуаўвр д’Арвор, пасол Францыі па справах Арктыкі і Антарктыкі, у каментары France Info заявіў, што такім чынам плануецца прадэманстраваць ЗША, што НАТА прысутнічае ў рэгіёне, а ЕС уносіць уклад у забеспячэнне яго бяспекі.
Прадстаўнікі брытанскага ўрада падкрэслілі, што Вялікабрытанія падзяляе заклапочанасць прэзідэнта Трампа пытаннямі «бяспекі ў высокіх шыротах», а разгортванне сіл прадугледжвае «ўзмацненне і больш інтэнсіўныя вучэнні з мэтай стрымлівання расійскай агрэсіі і кітайскай актыўнасці».
Міністр замежных спраў Даніі Расмусэн пасля перамоў з прадстаўнікамі ЗША заявіў, што ў пэўнай ступені падзяляе заклапочанасць ЗША пытаннямі бяспекі, але ў гэты момант не існуе «непасрэднай пагрозы» з боку Кітая або Расіі, з якой Данія і Грэнландыя не змаглі б справіцца.
«Мэты прэзідэнта [ЗША] — у працэсе абмеркавання, — заявіў ён у каментары Fox News. — Вядома, у нас ёсць свае чырвоныя лініі. Зараз 2026 год: вы можаце гандляваць з людзьмі, але вы не можаце гандляваць людзьмі».
Прэм’ер-міністр Грэнландыі Енс-Фрэдэрык Нільсен у чацвер зноў падкрэсліў, што выспа не збіраецца змяняць юрысдыкцыю.
«Грэнландыя не хоча належаць Злучаным Штатам. Грэнландыя не хоча кіравацца Злучанымі Штатамі. Грэнландыя не хоча быць часткай Злучаных Штатаў», — падкрэсліў ён.
Міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусэн у сераду паведаміў, што ў Грэнландыі зараз знаходзіцца каля 200 амерыканскіх жаўнераў — значна менш, чым у часы халоднай вайны. Насельніцтва вострава складае каля 57 000 чалавек.
Міністр абароны Даніі Троэльс Лунд Поульсен заявіў, што плануецца забяспечыць больш пастаянную вайсковую прысутнасць на ратацыйнай аснове з удзелам саюзнікаў, якія будуць прымаць удзел у вучэннях і трэніровачных занятках. Маштаб запланаванага еўрапейскага вайсковага нарошчвання сіл не агучаны. Пакуль гаворка ідзе ўсяго пра некалькі дзясяткаў вайскоўцаў, і незразумела, як доўга яны застануцца на месцы.
Германія, якая накіравала ў Нуук транспартны самалёт A400M з кантынгентам з 13 салдат, заявіла, што яны застануцца ў Грэнландыі толькі да суботы.
Францыя накіроўвае ў Грэнландыю каля 15 спецыялістаў па вядзенні баявых дзеянняў у горнай мясцовасці, Швецыя адпраўляе трох афіцэраў, Нарвегія — двух, Нідэрланды — аднаго афіцэра флоту. Вялікабрытанія таксама накіроўвае аднаго афіцэра.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча не плануе далучацца да еўрапейскага вайсковага разгортвання ў Грэнландыі, але папярэдзіў, што любое вайсковае ўмяшанне ЗША ў справы вострава «стане палітычнай катастрофай».
«Канфлікт або спроба анексіі тэрыторыі члена НАТА іншым членам НАТА будуць канцом свету, якім мы яго ведаем, — свету, які доўгія гады забяспечваў нашу бяспеку», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі.
Тым часам пасольства Расіі ў Бельгіі выказала «сур’ёзную заклапочанасць» падзеямі ў Арктыцы, абвінаваціўшы НАТА ў нарошчванні вайсковай прысутнасці ў рэгіёне «пад ілжывым падставай росту пагрозы з боку Масквы і Пекіна».
Каментары