Грамадства5454

Мацкевіч: Не пара аспрэчваць лідарства Ціханоўскай. Яна вельмі добрая ў якасці лідаркі

Былы палітзняволены Уладзімір Мацкевіч у новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» расказаў, як змянялася яго ўражанне аб Святлане Ціханоўскай, патлумачыў, чаму нельга цяпер аспрэчваць яе лідарства, і падзяліўся сваім бачаннем таго, што такое сапраўдныя перамовы і як назапашваць сілу для перамен.

Уладзімер Мацкевіч. Скрын відэа: malina_by / youtube

Святлана Ціханоўская: ад сімвала да лідара

Асобнай тэмай для размовы стала фігура Святланы Ціханоўскай. Мікіта Мелказёраў прыгадаў амаль анекдатычную гісторыю пра першае знаёмства Мацкевіча з будучай лідаркай.

Паводле неназваных крыніц, Ціханоўскую падчас выбарчай кампаніі прывезлі на своеасаблівы курс «палітыкі для чайнікаў» да Андрэя Ягорава ў «нейкую спецыяльную сядзібу ў Сляпянцы», а Мацкевіч, выпадкова ўбачыўшы яе, моўчкі выдыхнуў, сеў на ровар і з'ехаў.

Філосаф пацвердзіў, што знешне ўсё так і было, і патлумачыў сваю тагачасную рэакцыю:

«На той момант мне не важна было персанальнае стаўленне да Святланы. Так бы мовіць, да яе асобы як сімвала. Ёсць такі сімвал — і добра. Ёсць тры выбітныя жанчыны, якія робяць, ну, скажам, надвор'е на той момант. І гэта добра. А што яны там думаюць сабе, што яны разумеюць у палітыцы — гэта іншая справа была, бо і на той момант я бачыў, што суб'екта палітычнага за імі няма.

Гэта піяр, гэта работа з масавай свядомасцю. Гэта выбітная рэч, але не палітычная. Таму я сеў на ровар і паехаў. Тым больш я цалкам спадзяваюся на Ягорава і цалкам яму давяраю, і калі яна прыйшла да яго па пэўныя парады і тлумачэнні, то я ведаў, што [будзе] усё, што трэба. (…) Але не думаю, што яна тады шмат што атрымала ад гэтага», — успамінае Мацкевіч.

Аднак другая сустрэча філосафа са Святланай, якая адбылася ў снежні 2020 года, змяніла яго погляд. Па словах Мацкевіча, у той час ён адмыслова прыехаў у Вільню, каб пазнаёміцца з Ціханоўскай і Франакам Вячоркам.

«Мяне, ведаеце, уразіла тая перамена, якая адбылася са Святланай. Я ўбачыў лідара», — адзначае Мацкевіч.

«Няма ўмоваў для таго, каб сёння змагацца за лідарства беларускай дэмакратыі»

Не абышлі ў размове і тэму спрэчак у апазіцыі. Мелказёраў заўважыў, што Мацкевіч заўсёды выступаў за аб’яднанне руху супраць рэжыму. Сам жа філосаф адзначыў, што міжусобіцы ў асяроддзі апазіцыі — з'ява прадказальная і амаль непазбежная. Ён назваў гэта «аб'ектыўнай заканамернасцю», якая праяўляецца ва ўсіх апазіцыйных рухах у выгнанні.

«Гэта як дзіцячая гульня ў «цар гары». Хто там узбярэцца першы на гэты ўзгорак і на кароткі момант пабудзе самым высокім, самым галоўным», — патлумачыў ён, дадаўшы, што аптымістычна глядзіць на сітуацыю, бо яна не даводзіцца да дэструктыўных рэчаў.

Гаворачы пра сённяшнія спрэчкі вакол лідарства Святланы Ціханоўскай, Мацкевіч прызнаў, што незадаволенасць існуе, і нават дапусціў, што тэарэтычна мог бы знайсціся хтосьці больш здольны.

«Пры ўсёй павазе, я разумею, што тэарэтычна, магчыма, хтосьці больш здатны быў бы, чым яна. Хаця яна вельмі добрая ў якасці вось лідаркі», — адзначыў ён.

Аднак галоўны тэзіс філосафа заключаецца ў тым, што зараз не час для падобных спрэчак. Ён лічыць, што можа надысці момант, «калі варта і нават карысна аспрэчваць лідарства», але для гэтага павінны быць створаны адпаведныя ўмовы:

«Зараз не час. Няма ніякіх ні працэдурных, ні тэхнічных, ні аб'ектыўна-сацыяльных і культурных, палітычных умоваў для таго, каб сёння змагацца за лідарства беларускай дэмакратыі, станавіцца айцом ці маці беларускай дэмакратыі. Тое, што ёсць, тое, што маем, трэба выкарыстоўваць. Менавіта гэта».

Перамовы вядуць з ворагам

Адным з самых вострых момантаў дыскусіі стала пытанне аб магчымых перамовах з рэжымам.

«Ну што гэта за, не ведаю, лухта такая, што з Лукашэнкам нельга і немагчыма… Ну, нават не немагчыма, а нельга весці перамовы. А з кім? Іншага суб'екта ў рэжыма няма. (…) Добра весці размовы з аднадумцамі, паміж сабой. (…) А перамовы — гэта паміж ворагамі. Калі я прапаную перамовы з Лукашэнкам, я не кажу, што трэба з ім сядаць і піць на брудэршафт. Гэта перамовы з ворагам», — заявіў Мацкевіч.

Каб патлумачыць сваю пазіцыю, філосаф правёў паралель з польскім «Круглым сталом», дзе апазіцыя вяла дыялог з генералам Ярузэльскім — чалавекам, які таксама меў у руках усю сілу, мог расстрэльваць і рэпрэсаваць.

Паводле Мацкевіча, падабенства Лукашэнкі і Ярузэльскага ў тым, што «апраўдваюць сваю дыктатуру, свой аўтарытарызм тым, што калі б іх не было, прыйшла б Расія (тады — Савецкі Саюз, як у Прагу ў 1968‑м), а зараз як вось ва Украіну».

Але для таго, каб такія перамовы сталі магчымымі, даводзіць Мацкевіч, неабходна ключавая ўмова.

«Перамовы могуць быць рэальнымі, прагматычнымі толькі тады, калі мы можам мець сілу хоць трохі роўную. Такую, якую яны не могуць проста адкінуць, як камара, як муху», — выказаў сваю думку Мацкевіч і заўважыў: калі «па той бок усё зразумела», то «з гэтым бокам трэба разбірацца»:

«У нас няма персаніфікацыі, бо ў нас няма суб'ектнасці. Так, у нас ёсць Святлана Ціханоўская. Яна дзесьці захрасла паміж сімвалам пратэсту і рэальным лідарам, рэальным кіраўніком палітычным працэсам.

Дзе бліжэй — да таго полюса ці да іншага, я зараз не бяру вызначаць, не бяруся, але гэта трэба зрабіць. Яна павінна сама ўсвядоміць, дзе яна знаходзіцца паміж гэтымі полюсамі, і Лукашэнка можа з ёю не лічыцца. Бо калі яе як вясельнага генерала прымаюць самыя вышэйшыя асобы ў свеце, прэзідэнты там і так далей, гэта, канечне, ганарова, але гэта не азначае ўплыву. А ўплыў трэба павялічваць, нарошчваць сілу і гэтак далей. Калі мы не будзем мець сілу, то сапраўды перамовы ніякія немагчымыя».

Як назапашваць сілу?

На пытанне, як менавіта апазіцыі назапашваць сілу, Уладзімір Мацкевіч адказаў, што гаворка ідзе не пра піяр ці медыйную вядомасць. Гэта толькі інструменты.

«А сіла — гэта людзі на вуліцах, сіла — гэта сіла ідэі, слова… перфарматыўнага слова, якое ёсць дзеянне, а не проста метафара», — патлумачыў ён.

Ключавым элементам у гэтым працэсе ён лічыць пераадоленне «віктымнасці» — вобраза пакутнікаў у выгнанні, які актыўна прасоўвае рэжым. На думку Мацкевіча, важна даносіць да Беларусі іншы мэсэдж: беларусы за мяжой — гэта паспяховыя прафесіяналы, якія не прападуць у любой краіне:

«Трэба сказаць, што беларусы збольшага гэта людзі першага свету, вельмі добра пачуваюцца ў любой краіне, дзе яны апынуліся, дзякуючы таму, што яны спецыялісты, прафесіяналы, яны працаздольныя, і яны не прападуць. І тое, што іх цягне на радзіму, — гэта ідэалістычны імпэт, што гэта патрэба вярнуцца на радзіму, быць карыснымі на радзіме, адчуваць сябе сярод сваіх. Вось гэта цягне, а не тое, што тут яны не могуць уладкавацца».

Каментары54

  • 1
    25.10.2025
    Зноў перамовы.... Дарослыя ж людзі. Ніхто ніколі не будзе весці з вамі ніякіх перамоў. Каму цікава, ці можаце вы іх весці з Лукашэнкам ці не - ён ніколі з вамі не будзе іх весці. Нават у 20м, у самы разгар пратэстаў ён нават і думкі не дапускаў пра перамовы, а цяпер і падаўна. Паказальна - гродзенскі мэр, што запрасіў пратэстоўцаў у аблвыканкам, быў назаўтра звольнены і заменены Каранікам. Больш ясна не скажаш, не пакажаш. Ды і пазней, прамым тэкстам Лукашэнка сказаў - вам трэба мяне забіць.

    І ўсё роўна, без канца і па коле - як ісці на перамовы, што казаць на перамовах, якая будзе дарожная мапа перамоваў, якія задачы на перамовах. Такое ўражанне, што за гэтую пустую балбатню заробкі плацяць. Маўчалі б лепш, сышлі б за разумных.
  • 3% у міня
    25.10.2025
    Мацкевіч такой палітолаг, как Раманчук эканаміст. Но Мацкевіч заслужывает уважэнія, что не пабежал із страны і да самава арэста не баялся гаварыць. Можэт такая работа была ў нево на Белсаце, но цем не меніе астался да канца.
  • цыкада
    25.10.2025
    добрым словом и кольтом можно добиться гораздо больше, чем одним только словом

Цяпер чытаюць

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Усе навіны →
Усе навіны

Маскву і вобласць атакавалі ўкраінскія беспілотнікі

Кітай і ЗША дамовіліся аб «рамках» гандлёвай здзелкі напярэдадні сустрэчы Сі і Трампа

Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі38

Паветраная прастора над Вільняй была адкрытая ў 4:30

ДАІ аб'явіла вайну маршруткам. А дзе яшчэ ў свеце катаюцца на іх?5

УСУ пашкодзілі дамбу пад Белгарадам3

Часопіс МЗС Расіі прапанаваў прымяняць ва Украіне савецкі досвед акупацыі Германіі6

Літва зноў закрыла мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін40

Што было ў апошніх галасавых паведамленнях Веры Краўцовай, якая знікла ў М'янме6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць