Улады вырашылі ўпарадкаваць найстарэйшыя гродзенскія могілкі. Прыборкай дарожак і пляцовак тройчы на тыдзень займаюцца супрацоўнікі «Спецаўтагаспадаркі». Да працы далучыліся актывісты БРСМ і УЖРЭП Кастрычніцкага раёна, якія дапамагаюць прыводзіць у парадак зарослыя магілы, піша Hrodna.life.

Могілкі, мяркуючы па відэа тэлеканала «Гродно Плюс», зноў моцна зараслі.
Валанцёры прыбіраюць расліннасць, якая замінае аглядаць помнікі. Так стане зручней праводзіць экскурсіі, расказаў дзяржаўнаму выданню начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Пісанко.
Як часта будуць праводзіць такія прыбіранні, не ўдакладняецца.
Некропаляў на гродзенскай вуліцы Антонава па сутнасці два — Фарныя каталіцкія і больш познія, праваслаўныя могілкі. Каталіцкія былі закладзены ў 1792 годзе. Гэта найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Абодва не маюць афіцыйнага ахоўнага статусу. Абароненыя толькі асобныя надмагільныя помнікі. Пры гэтым усяго на могілках на Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Многія пахаванні канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя застаюцца без нагляду, бо ўжо не жывуць сваякі тых, хто тут пахаваны. Па сутнасці, гэтыя магілы аказаліся нікому не прыналежнымі.
Старыя могілкі ў Гродне маюць патрэбу не толькі ў сістэматычнай прыборцы, але і ў рэстаўрацыі, і захаванні. Пра гэта некалькі гадоў казалі грамадскія актывісты.
Яшчэ ў 2018 годзе мінчук Андрэй Бурдзенкаў пачаў праводзіць на тэрыторыі каталіцкага пахавання прыбіранні помнікаў і алічбоўваць магілы. На гэта ён траціў свае грошы. Правёў некалькі валанцёрскіх талок, але людзей на іх прыходзіла мала. У нейкі момант яны спыніліся.
Экскурсаводы, якія шмат гадоў водзяць групы па могілках, адзначалі трывожную тэндэнцыю: з пахаванняў знікаюць чыгунныя помнікі. Прычым часта гэта адбываецца паэтапна — спачатку крыж, потым калона, затым тумба. У зямлі застаецца толькі аснова. Імаверна, помнікі разбіраюць і здаюць на метал.
Таксама старыя магілы руйнуюцца. Напрыклад, вясной мінулага года на каталіцкіх могілках упала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ў 1802 годзе, але старасвецкую калону падымаць не было каму.

Згодна з картай санітарнай адказнасці Гродна, за магілы на могілках ніхто не адказвае. Прапісаная адказнасць за тэрыторыі вакол капліцы і царквы, і месцы агульнага карыстання. За самі могілкі — не.
На старых могілках у Гродне паваліўся 222‑гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць
Міліцыя знайшла вандалаў, якія разнеслі бетонную агароджу могілак. Ім па дзевяць гадоў
Серыйнага могілкавага злодзея затрымалі ў Вілейцы
«На Радаўніцу не плачуць, а ўспамінаюць». Як беларусы сталіся ледзьве не адзінымі носьбітамі старадаўняй традыцыі
Каментары
Бо дзесьці ў Віцебскай вобласці на цвінтару трапляў на каваныя з жалеза помнікі з датамі пахаваньня 1770 і маладзей гады.