Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння
Беларускі навуковец Цімафей Падвіцкі даследуе старэнне ва ўніверсітэце Кёльна. Спыталі ў яго, на колькі гадоў рэальна прадоўжыць сваёй жыццё правільнымі звычкамі і калі навука нарэшце спыніць старэнне.

Як эвалюцыя дапамагае жыць даўжэй
Навукоўцы не маюць аднаго адказу на тое, што ж такое старэнне.
«Па вялікім рахунку, старэнне — гэта прадукт эвалюцыі, як і іншыя рысы жывых арганізмаў, — тлумачыць Цімафей. — Гэта памяншэнне прыстасаванасці арганізма пасля дасягнення рэпрадуктыўнага ўзросту. Яно абумоўленае накапленнем у арганізме памылак, і гэтыя памылкі пачынаюць накоплівацца хутчэй, чым арганізм іх выпраўляе.
Памылкі могуць быць дзе заўгодна — напрыклад, у бялках, малекулах міжклеткавага матрыкса».
Падвіцкі тлумачыць, што жыццё на базавым узроўні залежыць ад хімічных рэакцый. У нашым арганізме штосекундна адбываюцца тысячы гэтых рэакцый, але не заўжды яны прыводзяць да належнага выніку, ёсць верагоднасць памылкі. У біялагічных сістэм ёсць механізмы, як выпраўляць гэтыя памылкі, але часам памылак можа быць надта шмат. Гэта праяўляецца праз узроставыя змены і хваробы.

А навошта эвалюцыі трэба, каб мы старэлі? Цімафей тлумачыць логіку эвалюцыі: які сэнс інвеставаць шмат рэсурсаў у тое, каб арганізм жыў доўга, калі ўсё роўна з узростам будзе расці верагоднасць, што ён памрэ ад знешніх прычын?
«Ёсць вельмі бяспечныя асяроддзі, і там у арганізмаў менш шансаў памерці ад знешніх прычын. У такіх асяроддзях віды якраз маюць даўжэйшую працягласць жыцця», — кажа Цімафей.
Паколькі сучасны чалавек жыве ў вельмі бяспечным асяродку, можна прадказаць, што эвалюцыя будзе спрыяць росту працягласці жыцця чалавека. Іншая справа, што эвалюцыйныя працэсы ідуць мільёны гадоў, таму вынікаў прыйдзецца пачакаць.
Максімальная працягласць жыцця? 120‑150 гадоў
Навукоўцы даўно шукаюць магчымасці даць рады старэнню. У адносна хуткім часе, кажа Цімафей, можна спадзявацца на некаторае падаўжэнне здаровага перыяду жыцця, ды і жыцця ў цэлым. Гэтыя працэсы ўжо ідуць.
Куды больш складаная задача — прабіцца праз біялагічны бар’ер, бо нашаму біялагічнаму віду, лічаць навукоўцы, наканавана жыць не больш за 120‑150 гадоў. Пакуль толькі ствараюцца тэорыі, як можна было б гэта зрабіць. Верагодна, гэта задача для геннай ці клеткавай інжынерыі — апошняя галіна магла б дапамагчы вырошчваць органы ў лабараторыі, якія можна было б перасаджваць пры патрэбе.

Перамагаць старэнне, кажа Цімафей, трэба па двух кірунках:
«Першы кампанент старэння — памылкі, разлад у біялагічных працэсах, якія адбываюцца ў нашых клетках і органах, напрыклад, у працы розных элементаў клеткі або рэгенерацыі тканак. Гэтыя працэсы ўвогуле з узростам працуюць горш, але часам могуць паляпшацца: напрыклад, калі мы цяжка хварэем, а потым папраўляемся. І вось з імі нам працаваць не так складана, як з другім кампанентам.
Гаворка пра павелічэнне неўпарадкаванасці ў сістэме, накапленне ўплыву ад тых памылак. Яно пачынаецца з нараджэння і ідзе ўсё жыццё з больш-менш аднолькавай хуткасцю. Разлікі паказваюць, што гэты кампанент дасягае тэарэтычнага максімуму ў чалавека якраз каля 120‑150 гадоў».
У недалёкай будучыні, паводле слоў Цімафея, гэтая праца можа дапамагчы паменшыць або спыніць верагоднасць хвароб, звязаных са старэннем. Гаворка, напрыклад, пра хваробу Альцгеймера ці анкалагічныя хваробы — іх верагоднасць расце з узростам.
Дык калі мы зможам жыць даўжэй? Цімафей прадказвае, што ў бліжэйшы час навука будзе здольная падоўжыць здаровы перыяд жыцця на 5‑10 гадоў. Магчыма, праз некалькі дзесяцігоддзяў мы будзем здольныя дажыць да 120‑130 гадоў, прычым гэта будуць не адзінкавыя выпадкі.
Добра, а ці будзем мы ў сваім розуме, калі дажывём да такіх гадоў? Суразмоўца аптымістычны:
«Калі ў нас будуць тэхналогіі, каб падоўжыць сярэднюю працягласць жыцця да 120 гадоў, мы зможам падтрымліваць мозг здаровым да гэтага ўзросту. Арганізм — гэта сістэма, і немагчыма трымаць здаровым усё цела, акрамя аднаго органа, гэта ўсё звязана».
«Што б вы ні рабілі, вы можаце атрымаць дадаткова прыкладна 8‑10 гадоў жыцця»
Ёсць і больш экстрэмальныя метады перамагчы старэнне.
«Некаторыя даследаванні паказваюць, што калі пераліць кроў ад маладых мышак старым ці злучыць іх крывяносную сістэму, гэта амалоджвае старых мышак і пагаршае паказчыкі маладых мышак. У Крэмніевай даліне нават былі стартапы, якія збіралі кроў у маладых донараў, выдзялялі з яе плазму і пералівалі яе сталым людзям.
То-бок узялі вынікі даследавання на мышах і адразу ўжылі іх на практыцы без даследавання на людзях. Але тое, што працуе на лабараторных мышах, далёка не заўжды працуе на людзях», — расказвае Цімафей.

Паводле слоў вучонага, цяпер у даследаваннях старэння ёсць шмат хайпу, і гэта шкодзіць рэпутацыі ўсёй галіны.
Іншая справа — біяхакеры, то-бок людзі, якія выпрабоўваюць на сябе тэхналогіі барацьбы са старэннем. Да такіх людзей Падвіцкі ставіцца з большай павагай, бо яны выпрабоўваюць на сабе спосабы павярнуць час назад, а не прадаюць іншым анты-эйдж лекі і паслугі, якія б не мелі пад сабой навуковай базы.
А што насамрэч дапамагае запаволіць старэнне і праз гэта працягнуць жыццё ўжо сёння? Толькі не кажыце, што вы пра гэта не здагадваліся:
«Працягласць жыцця шмат у чым абумоўленая генетычна. Таму калі не браць крайнасці, то што б вы ні рабілі, вы можаце атрымаць дадаткова прыкладна 8‑10 гадоў жыцця. Калі вы маеце здаровы лад жыцця, гэта будзе дадатковыя 8‑10 гадоў, а калі вы курыце, ужываеце алкаголь і за сабой зусім не глядзіце, гэта будзе мінус 8‑10 гадоў. Але ж і гэта нямала, так?»
Таму, кажа Цімафей, варта абапірацца на правілы здаровага жыцця, вядомыя з антычнасці, якія цяпер вытрывалі выпрабаванне навукай.
У такім жыцці мусіць быць фізічная нагрузка ў адэкватным аб’ёме, здаровае харчаванне і добры сон. А самым галоўным складнікам такога жыцця даследчык называе здаровыя сацыяльныя адносіны і псіхалагічнае здароўе ўвогуле.
Няма тут на сёння ніякіх сюрпрызаў і вялікіх адкрыццяў. Але ёсць пэўныя перспектыўныя даследаванні.
«Па некаторых даных, лекі накшталт метфарміна ці азэмпіка могуць спрыяць падаўжэнню здаровага перыяду жыцця. Але ўсё, што тычыцца фармакалогіі, мусіць быць прызначанае доктарам, і ад вашага арганізма залежыць, пасуе яно вам ці не», — перасцерагае Цімафей.
Вяртаць зрок хворым на глаўкому
Сфера даследаванняў старэння вельмі хутка развіваецца. Некаторыя тэхналогіі, звязаныя з гэтым, ужо знаходзяцца на стадыі клінічных даследаванняў і хутка стануць даступныя. Асабліва гэта датычыць тэрапій, звязаных з пэўнымі разладамі, якія характэрныя для старэння, кажа суразмоўца.
Напрыклад, гаворка пра тэхналогію працы з клеткамі вокавага нерва, якія атрафіруюцца падчас глаўкомы. Навукоўцы прыдумалі, як можна перапраграмаваць гэтыя клеткі, каб яны пачалі зноў выконваць сваю функцыю. Тэхналогія ўжо паказала добрыя вынікі на прыматах, і праз некалькі месяцаў кампанія Life Biosciences плануе яе клінічныя даследаванні на людзях.

80-90% выдаткаў на ахову здароўя датычаць апошніх 3‑5 гадоў жыцця чалавека. Калі атрымаецца падтрымліваць людзей здаровымі як мага даўжэй і сціснуць перыяд, калі чалавек пакутуе на хранічныя хваробы, гэта вельмі добра паўплывае на эканоміку. І каб мець такі ўплыў, не абавязкова трэба падаўжаць агульную працягласць жыцця чалавека.
Такімі даследаваннямі, лічыць Цімафей, маглі б займацца і ў Беларусі:
«Гістарычна так склалася, што ў нас добра рыхтуюць спецыялістаў і ў біялогіі, і ў айці-сферы — гэта важна, таму што біёлагі цяпер шмат працуюць з вялікімі аб’ёмамі даных. Да таго ж у нас ёсць моцная навуковая традыцыя ў гэтай справе. Дастаткова згадаць акадэміка Васіля Купрэвіча, які шмат зрабіў у даследаваннях феномену старэння.
Мяркую, што калі ў Беларусі будуць больш спрыяльныя ўмовы для працы навукоўцаў, у нашай краіны будзе вельмі класны патэнцыял у любых навуках, асабліва ў біялогіі старэння».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦі адрозніваецца жаночы мозг ад мужчынскага і што вызначае ўзровень інтэлекту? Нейрабіёлаг адказвае на розныя пытанні пра мозг
Бункеры, укладанні ў знешнасць замест розуму. Баючыся эры штучнага інтэлекту, людзі кідаюцца ў крайнасці
Гродзенскага падлетка адправілі ў школу ў Літву — ён вывучыў літоўскую і цяпер перакладае ў Еўрапарламенце. Перакладаў ён і Ціханоўскіх
Каментары