Ці адрозніваецца жаночы мозг ад мужчынскага і што вызначае ўзровень інтэлекту? Нейрабіёлаг адказвае на розныя пытанні пра мозг
25-гадовая Марыя Строцава даследуе траўмы мозга ў амерыканскай лабараторыі і шукае лекі ад хранічнай стомленасці. Для «Нашай Нівы» яна адказала на самыя розныя пытанні пра мозг: чаму мы ноччу думаем пра тое, за што сорамна, ці адрозніваецца мужчынскі мозг ад жаночага, ці можа мозг ленавацца — і не толькі.

Нервовыя клеткі не аднаўляюцца?
Якога колеру мозг? Марыя тлумачыць, што ўсё залежыць ад таго, ці трапляе кроў у мозг, то-бок ці жывы яго «гаспадар»:
«Мозг атачае мноства крывяносных сасудаў, і пакуль ён знаходзіцца ў жывым целе, гэтая кроў паступае ў мозг, таму ён ружовы. Але калі яго дастаць з цела, ён, вядома, адразу зробіцца шэрым.
Тыя, хто хоць трохі паглыбляўся ў нейранавуку, ведаюць, што ў мозгу існуе белае і шэрае рэчыва. І гэтыя рэчывы літаральна маюць такі колер. Шэрае рэчыва — гэта целы нейронаў, а белае – іх хвосцікі, абматаныя тлушчам, які мае белы колер».
Дарэчы, пра нейроны. Існуе папулярная думка, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца. Марыя кажа, што гэта не так, але спадзявацца на іх масавае аднаўленне не даводзіцца. Усё таму што новыя нейроны могуць з’яўляцца толькі са стваловых клетак, а іх у мозгу зусім няшмат.

Але мозг здольны аднаўляцца ад пашкоджанняў, хоць і не заўжды магчыма вярнуць усе страчаныя функцыі. Рэч у такой якасці мозга, як нейрапластычнасць:
«На працы я бачу людзей пасля жудасных траўм ці месяцаў у коме — яны здольныя хадзіць, гаварыць, выконваць заданні. Гэта таму што мозг вельмі пластычны. Ён фарміруе новыя нейронныя сувязі і перакідвае на здаровыя нейроны задачы з тых зон, дзе адбылося пашкоджанне.
Шмат залежыць ад таго, што гэта за зоны, бо не ўсе функцыі мозга можна так аднавіць. Але ёсць даследаванне на мышах пра тое, што можна падсадзіць стваловыя клеткі ў нейкія часткі мозга, і тады з’явяцца новыя нейроны».
Ці сапраўды мы выкарыстоўваем мозг толькі на 10%?
Ёсць стэрэатып, што чалавек выкарыстоўвае толькі 10% мозга. На думку Марыі, гэта паходзіць з кніг па самаразвіцці — так аўтар пераконвае прачытаць яго кнігу, каб раскрыць свой патэнцыял. Але ж словы пра 10% — міф, хаця ў здаровым мозгу сапраўды не ўсе зоны актываваныя адначасова.
«Калі ў чалавека сутаргавы прыпадак, тады актывуецца ўвесь мозг, але ж гэта дрэнная гісторыя. Пры гэтым увесь мозг нам патрэбны: ён дае магчымасць не толькі рацыянальна мысліць, але і дыхаць, мець эмоцыі, выпрацоўваць гармоны і ўвогуле існаваць. Няма ніякай дарэмнай часткі, якую трэба ўключыць, каб зрабіцца суперчалавекам», — кажа даследчыца.
Жаночы і мужчынскі мозг — ці адрозніваюцца?
А наколькі навукоўцы сёння разумеюць, як працуе мозг? Марыя кажа, што, з аднаго боку, цяпер мы сапраўды ведаем шмат пра гэты орган, выходзіць мноства даследаванняў.
З іншага боку, мозг — самы складаны орган у чалавечым арганізме. 86 мільярдаў нейронаў у нашай галаве фарміруюць паміж сабой больш за 100 трыльёнаў сувязей, і ўсё гэта настолькі складана, што можна параўнаць вывучэнне мозга з даследаваннем космасу:
«Мы ведаем далёка не ўсё, ёсць яшчэ вельмі шмат фундаментальных пытанняў пра мозг, на якія мы спрабуем адказаць. Напрыклад, пытанне свядомасці дагэтуль адкрытае. Што такое свядомасць, як у чалавека фармуецца ўяўленне пра сябе?
Ёсць вельмі шмат пытанняў пра памяць, адчуванне сябе. Цяпер выходзіць шмат даследаванняў пра нейрапластычнасць, і мы ўвесь час даведваемся нешта новае пра тое, які гнуткі мозг і як ён рэарганізуецца. Раней думалі, што кожная асобная частка мозга адказвае за нейкую функцыю, а цяпер усё больш кажуць пра сеткі, якімі звязаныя гэтыя зоны».
Магчыма, сярод гэтых даследаванняў ёсць і нешта пра розніцу мужчынскага і жаночага мозга, калі яна існуе? Марыя тлумачыць, што мозг кожнага чалавека ўнікальны. Але, калі паглядзець на статыстыку, сапраўды ёсць нязначныя адрозненні ў выпадку з рознымі біялагічнымі паламі.

Напрыклад, сярэдні памер мозга мужчыны большы за сярэдні памер мозга жанчыны — але важна адзначыць, што памер мозга не роўны інтэлекту, і ў жанчын нейроны часам больш шчыльна размешчаныя ў мозгу. У мужчын больш развітае міндалепадобнае цела, якое адказвае за страх і агрэсію, а ў жанчын — гіпакамп, цэнтр памяці і апрацоўкі кантэксту.
Таксама ў мужчын больш сувязей унутры паўшар’яў мозга, што можа дапамагаць ім лепш паглыбляцца ў задачу, якую трэба вырашыць. У жанчын, у сваю чаргу, больш сувязей паміж паўшар’ямі, што можа весці да лепшай інтэграцыі эмацыянальнай і лагічнай частак асобы, гнуткасці мыслення.
Чаму перад сном усплываюць дрэнныя думкі?
Калі памер мозга не азначае большы інтэлект, цікава, што ўвогуле ўплывае на разумнасць чалавека. Часцей за ўсё разумнасцю называюць агульны інтэлект — здольнасць лагічна мысліць, апрацоўваць інфармацыю, разумець складаныя паняцці. Менавіта яго вымяраюць тэсты на IQ.
«Здаецца, усе ўжо разумеюць, што тэсты на IQ дужа спецыфічныя: нешта імі можна памераць, але нельга лічыць іх дакладнымі. На IQ моцна ўплываюць гены, па розных ацэнках яны вызначаюць яго на 40-80%. Але пры гэтым вельмі важныя асяроддзе, кантэкст, падтрымка, умовы жыцця.

Калі чалавеку дапамагаюць адаптавацца і раскрывацца, калі ў яго добрае асяроддзе і падтрымка людзей, то ўсё ў яго будзе добра. А калі ён з першага дня жыцця дыхае таксінамі і мае многа дзіцячых траўм, то зразумела, што ён не раскрыецца так, як мог бы», — кажа Марыя.
Чаму мозг любіць успамінаць позна ноччу нейкія дрэнныя і сорамныя моманты і перадумваць іх нанава?
Марыя кажа, што калі мы кладзёмся спаць, заціхаюць усе праблемы і задачы, якія адцягвалі нашу ўвагу днём. Тады мы больш канцэнтруем увагу на пераглядзе памяці, эмацыйных з’яў.
Часцей за ўсё гэта нешта негатыўнае, і вось чаму:
«Мы лепш памятаем рэчы, што маюць яркую эмацыйную афарбоўку — тады мозг надае ім большую вартасць. З іншага боку, эвалюцыйна мы канцэнтруемся на дрэнным, бо гэта важна для выжывання. Лепш адзін раз збегчы, бо падалося, што на гарызонце тыгр, чым не збегчы і загінуць.
Таксама людзі — сацыяльныя істоты, і калі ад нас адмовіцца атачэнне, наша група, эвалюцыйна гэта была б пагроза жыццю. Таму мы моцна канцэнтруем увагу на сацыяльных пытаннях. Перад сном, калі надыходзіць цішыня, усё гэта пачынае ўсплываць».
Важнасць негатыўных рэчаў — адна з прычын, чаму мы не можам проста «выключыць» дрэнныя думкі:
«Хаця мы і жывём у адносна бяспечным свеце, з першабытных часоў у нас ёсць задача выжыць. Таму мы і схільныя трымаць увагу на негатыўным. Не трэба сябе за гэта крытыкаваць, так можна атрымаць адваротны эфект.
Ёсць такі эфект белага мядзведзя: калі нам кажуць, каб мы пра нешта не думалі, мы наадварот будзем пра гэта думаць больш. Напрыклад, я скажу вам не думаць пра белага мядзведзя. Пра што вы пачалі думаць?»
Такое цыклічнае мысленне пра адно і тое ж часам мае свой сэнс. Бывае, што чалавеку трэба перапрацаваць нейкую праблему, нечаму навучыцца — тады мозг будзе падкідаць думкі пра яе.
Як успомніць, што хацеў запісаць?
З усімі такое было: забываеш нешта патрэбнае, напрыклад, куды паклаў ключы, але пры гэтым памятаеш шмат гадоў тэкст любімай песні з дзяцінства, хаця і няма патрэбы яго ведаць. Марыя Строцава тлумачыць, што тут зноў рэч у эмацыйнай афарбоўцы — дзіцячая песня будзе несці з сабой шмат яркіх эмоцый.
Што да ключоў, інфармацыю пра іх мы захоўваем не ў доўгатэрміновую памяць, куды ідуць у тым ліку ўспаміны з дзяцінства, а ў кароткатэрміновую. Гэты від памяці моцна звязаны з канкрэтнай сітуацыяй.

«Напрыклад, мы недзе пакінулі ключы, але калі не звярнулі ўвагі, куды іх кладзём, інфармацыя пра гэта не запішацца. Калі вы перайшлі ў іншы кантэкст, ментальны ці фізічны, вы гэтую інфармацыю страцілі», — кажа Марыя.
З гэтым механізмам звязанае яшчэ адно побытавае пытанне.
Чаму, калі мы ўваходзім у пакой, часам забываем, што мы хацелі там зрабіць? Рэч у так званым эфекце дзвярнога праёму. Калі мы праходзім праз яго, мозг успрымае гэта яе своеасаблівую мяжу. Мы трапляем у новы кантэкст, і ён можа выкінуць інфармацыю з нашай кароткатэрміновай памяці. У такіх выпадках варта вярнуцца туды, адкуль вы прыйшлі, бо стары кантэкст часам дапамагае ўспомніць забытую дэталь.
Дарэчы, гэта працуе не толькі з дзвярыма. Напрыклад, можна дастаць тэлефон, каб нешта запісаць у нататкі, адкрыць нататкі і забыцца, што хацелі зрабіць. Тут таксама варта вярнуцца да мінулага кантэксту.
«Мозг заўжды будзе імкнуцца захаваць энергію»
Калі мозг можа быць такі ненадзейны, верагодна, ён здольны і ленавацца. Ці не?
Марыя лічыць, што лянота — гэта ацэнкавая канцэпцыя, тым больш у выпадку з мозгам. Гэты орган займае 2% цела, але спажывае ажно 20% энергіі: ужо такія лічбы паказваюць, што мозг няспынна працуе. Часта за нежаданнем прыкладаць нейкія інтэлектуальныя намаганні хаваецца, напрыклад, выгаранне ці дэпрэсія.
З іншага боку, мозг сапраўды схільны часам недапрацоўваць, але гэта не лянота:
«Мозг заўжды будзе імкнуцца захаваць энергію і аптымізаваць працу. Ён не будзе кожны раз ісці складаным шляхам і вучыць усё нанова.
Мы можам мець нейкі стэрэатып наконт нацыянальнасці або пола, і мозг не захоча яго аналізаваць, бо так прасцей. Але часам варта прыкласці намаганні і сапраўды задумацца пра такія рэчы».
З гэтым звязаная папулярная парада выбіраць розныя шляхі, калі ідзеш на працу. Калі мы дадаём у жыццё нешта новае, мозгу трэба выдаткаваць энергію, каб з гэтым звыкнуцца — а значыць, нейкі час працаваць «на аўтамаце» не атрымаецца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
1.У сярэднім мозг мужчыны па масе большы на восем адсоткаў за мозг жанчыны;
2.У сярэднім мужчына меньш эмацыянальна робіць разумовыя вынікі, таму яны звычайна больш лагічныя і правільныя за жаночыя, бо жанчына больш карыстаецца эмоцыямі ў сваіх выніках, і таму яе вынікі меньш лагічныя і меньш правільныя за мужчынскія. Гэта ж спрыяе таму, што доўгатэрміновае планаванне у мужчыны яўна лепш за жаночае, калі мужчынскі розум не затуманен алкаголем ці іншымі падобнымі рэчамі.
Вынік вышэйапісанага даўно напісаны ў Новым Запавеце: "Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава – Хрыстос, жонцы галава – муж, а Хрысту галава – Бог." - гэта Слова Божае.