Грамадства2323

Саша Раманава набыла дом у Ірландыі за 370 тысяч еўра

Беларуская журналістка Саша Раманава падзялілася вопытам, як яе сям'я прайшла праз вар'яцкія ірландскія аўкцыёны на нерухомасць, ледзь не купіла дом, у якім немагчыма жыць, і ў выніку набыла жыллё, ад якога адмаўляліся мясцовыя.

Саша Раманава Sasha Romanova Саша Романова
Саша Раманава. Скрын відэа: sasharomanovagalway / YouTube

Саўладальніца медыяпраекта Kyky беларуска Саша Раманава разам з мужам пераехала ў Ірландыю ў 2023 годзе. Пераезд быў звязаны з працай мужа. Яны пасяліліся ў горадзе Голуэй (захад Ірландыі) і пачалі здымаць жыллё — велізарны дом на чатыры спальні за 2700 еўра на месяц.

Як расказвае жанчына ў відэа на сваім ютуб-канале, гэта было неверагодна цяжка, бо абодва іх заробкі цалкам ішлі на аплату арэнды і камунальных паслуг. Яны адчувалі сябе студэнтамі, у якіх пад канец месяца не заставалася грошай, і разумелі, што трэба нешта мяняць.

Знешні выгляд дома, які арандавала сям'я Сашы Раманавай. Скрын відэа: sasharomanovagalway / YouTube

Іпатэка

Замест таго, каб працягваць плаціць за чужы дом, яны вырашылі паспрабаваць набыць свой. Як тлумачыць журналістка, у Ірландыі, каб замежнік мог прэтэндаваць на іпатэку, ён павінен пражыць у краіне як мінімум адзін год. Гэта адно з базавых патрабаванняў банкаў.

Далей узнікае пытанне візы, або, як кажуць у Ірландыі, «штампа» (stamp). Гэта адзнака ў пашпарце, якая вызначае, што чалавеку дазволена рабіць у краіне (працаваць, вучыцца, быць на ўтрыманні і гэтак далей). Кожны штамп мае свой нумар.

Саша Раманава падкрэслівае вельмі важны момант: для банка неабавязкова мець самы «лепшы» ці доўгатэрміновы штамп. Яе муж атрымаў ухваленне іпатэкі са «штампам 1» (Stamp 1).

Гэта звычайны працоўны дазвол, які прывязаны да канкрэтнага працадаўцы. Яму не давялося чакаць атрымання «штампа 4» (Stamp 4), які дае права працаваць на каго заўгодна і лічыцца больш стабільным і надзейным дазволам на жыхарства.

Аднак існуюць важныя выключэнні. Не ўсе штампы даюць права на іпатэку. Як правіла, банкі не разглядаюць заяўкі ад уладальнікаў студэнцкіх штампаў (Stamp 2/2A) і штампаў без права на працу (Stamp 0 і Stamp 3).

Хоць многія раяць наймаць брокера, сям'я вырашыла не звяртацца да яго паслуг і звярнулася ў першы ж банк, дзе ў іх былі адкрыты рахункі. Там ім адразу выдзелілі менеджарку, якая вяла іх справу і ўсё падрабязна тлумачыла. Муж Сашы — айцішнік, таму, як яна кажа, заробак у яго «дастаткова трывалы» для Ірландыі. Для іпатэкі хапіла нават аднаго яго заробку.

Атрымаўшы ад банка афіцыйны ліст з сумай, якую ім гатовыя выдзеліць, яны пачалі дасылаць яго агентам па нерухомасці. Дамы шукалі на папулярным сайце Daft.ie. Як тлумачыць журналістка, пацвярджэнне ад банка адразу паказвае агентам, што пакупнік сур'ёзны, і прагляды пачалі прызначаць літаральна на наступны дзень.

Як кажа Саша Раманава, яны шукалі дом коштам да 400 тысяч еўра. Значную колькасць прапаноў яны па розных прычынах адразу адхілілі. У сваім відэа яна расказала пра тыя, якія ім спадабаліся.

Пошук дома

Першы дом у прыгарадзе стаў для Сашы, па яе прызнанні, «дакучлівай марай». Ён выстаўляўся за 370 тысяч еўра, але ў выніку адкрытага аўкцыёну і ставак яго кошт падскочыў да 450 тысяч.

Першы дом. Скрын відэа: sasharomanovagalway / YouTube

Сям'я зразумела, што ў іх няма столькі грошай, дый дом таго не каштаваў: раён далёка ад цэнтра, сам дом маленькі, з нізкімі столямі і невысокім індэксам энергазберажэння.

Другі дом знаходзіўся ўсяго за два кіламетры ад горада, і яго пачатковы кошт быў 330 тысяч еўра. Гэта быў вуглавы тэрас-хаўс з вялікім садам і нават некалькімі ўласнымі дрэвамі.

Праўда, унутры ўсё было ў занядбаным стане: старая кухня, брудныя пакоі, танны лінолеўм. Сапраўдны камін быў працоўны і нават награваў ваду ў сістэме ацяплення, але дом меў рэйтынг энергазберажэння G — самы нізкі з магчымых.

Так выглядае вуліца, на якой знаходзіцца другі дом, што разглядалі для пакупкі. Скрын відэа: sasharomanovagalway / YouTube

Як аказалася, дом прадавалі сыны пажылой пары, якая пражыла там усё жыццё. Пасля смерці ўладальнікаў нашчадкі нічога не рамантавалі, проста здавалі дом некалькі гадоў. На момант прагляду кошт дома з-за канкурэнцыі іншых пакупнікоў ужо вырас да 390 тысяч еўра. Плаціць больш за 400 тысяч за дом, куды яшчэ трэба ўкласці каля 100 тысяч на рамонт, ім падалося неразумна.

Набыццё 

Нарэшце, трэці дом, які яны паехалі глядзець, быў трохпавярховы дуплекс (нешта накшталт таўнхаўса). Яго кошт знізіўся з 360 да 340 тысяч еўра, і на яго быў усяго адзін прэтэндэнт. Як тлумачыць Раманава, прычына нізкага попыту ў тым, што ў

гэтага дуплекса агульны дворык на чатыры сям'і і ёсць кіруючая кампанія, з якой трэба ўзгадняць глабальныя змены, напрыклад, знос сцяны унутры дома. Ірландцы як моцныя індывідуалісты аддаюць перавагу няхай і маленькаму, але ўласнаму доміку.

Але для сям'і з Беларусі, па словах Сашы, камфорт, высокі індэкс уцяплення і добры рамонт былі важнейшыя за магчымасць самастойна ламаць сцены. Яны прапанавалі 340 тысяч еўра. Іншы пакупнік адразу падняў стаўку да 350. Тады яны паднялі сваю прапанову да 360 тысяч, і канкурэнт адмовіўся.

Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Па словах Сашы, з імі звязаўся рыэлтар і сказаў, што гаспадары перадумалі прадаваць, бо нібыта вырашылі пакінуць дом для сваёй пяцігадовай дачкі, каб у яе было жыллё, калі яна паступіць ва ўніверсітэт. Пры гэтым рыэлтар намякнуў, што калі яны прапануюць 370 тысяч, гаспадары, магчыма, перадумаюць.

У выніку, як расказвае Саша, узважыўшы ўсе аргументы за і супраць, яны вырашылі пагадзіцца. Тым больш, што месячныя выплаты па іпатэцы ў гэтым выпадку абыходзіліся б у 1600 еўра на месяц у параўнанні з 2700 еўра за арэнду. Да таго ж жыццё з суседзямі і агульным дваром падалося ім нават больш прывабным для сацыялізацыі дзіцяці, чым ізаляванасць ва ўласным доме.

Каментары23

  • НН
    16.09.2025
    Будзе артыкул пра распіл Інфапойнтам грошай, напрыклад на розныя феміністычныя праекты?
  • Ў
    16.09.2025
    Колькі тожебелорусов будзеце яшчэ піярыць?
  • Коцік
    16.09.2025
    Ну ўсё, зараз усе з'ехаўшыя абзайдросьцяцца і перагрызуца

Цяпер чытаюць

Лабараторыі дзвюх краін пацвердзілі, што Навальнага атруцілі ў турме6

Лабараторыі дзвюх краін пацвердзілі, што Навальнага атруцілі ў турме

Усе навіны →
Усе навіны

«У Беларусі я пазбаўлены элементарных правоў». Былы журналіст лукашэнкаўскага пула Дзмітрый Семчанка выехаў з краіны17

У Барысаве васьмікласнік упаў з даху шматпавярховіка

«Думаў, мяжу закрыюць толькі на ўезд». Беларус расказаў, як вяртаўся на аўтамабілі з Еўрасаюза

Смарт-гадзіннікі школьнікам усё ж такі дазволілі

Расійскі пасол: Польшча яшчэ будзе апраўдвацца за закрыццё мяжы19

Крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску не будзе вызваляць ад самой службы3

Эксперт патлумачыў літоўцам, чаму беларусы выбіраюць Літву і які гэта патэнцыял для будучыні7

Падчас расійскай атакі дронамі на Польшчу жылы дом мог быць пашкоджаны абломкамі польскай ракеты5

Былы міністр юстыцыі Хаменка папрасіўся на выхад з Савета Рэспублікі. Ён быў намеснікам Качанавай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лабараторыі дзвюх краін пацвердзілі, што Навальнага атруцілі ў турме6

Лабараторыі дзвюх краін пацвердзілі, што Навальнага атруцілі ў турме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць