Крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску не будзе вызваляць ад самой службы
У Беларусі разглядаюць законапраект, які можа істотна змяніць падыход да прызыву грамадзян у войска. Паводле прапанаваных зменаў, на тэрміновую вайсковую службу будуць прызываць не толькі тых, хто ўхіляецца ад прызыву, але і тых, супраць каго ўжо распачатая крымінальная справа або ідзе судовае разбіральніцтва за ўхіленне, піша Sputnik.

Як удакладніў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Марэцкі, галоўная ідэя законапраекта ў тым, каб замацаваць у законе магчымасць прызыву асобаў, якія «свядома пазбягалі» мерапрыемстваў прызыву.
Фактычна гэта азначае, што крымінальная адказнасць за ўхіленне не здымаецца, але такія грамадзяне дадаткова могуць быць накіраваныя ў армію.
Законапраект прайшоў некалькі этапаў узгаднення — у пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў, сакратарыяце, а таксама ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў. Пасля дапаўненняў і карэктаванняў законапраект узгаднілі з Саветам Міністраў.
Далей дакумент трапіў на разгляд да Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ні заўваг, ні прапаноў з ягонага боку не паступіла. Гэта азначае, што законапраект атрымаў «зялёнае святло» і цяпер накіраваны ў Савет Рэспублікі, дзе яго таксама павінны разгледзець і зацвердзіць.
Каментары