Аляксандр Лукашэнка-малодшы стаў сузаснавальнікам прыватнай кампаніі. Гэта першы зафіксаваны выпадак, калі хтосьці непасрэдна з сям’і кіраўніка Беларусі наўпрост валодае прыватным бізнэсам, піша «Бюро».

Кампанія «Сезон упакоўкі» з’явілася 2 чэрвеня 2025 года. Дваццацігадоваму Аляксандру Лукашэнку — малодшаму належыць 20%. Астатнімі 80% валодае фірма «Марскія сезоны», якую стварыла бізнэс-лэдзі Людміла Няронская — блізкая сяброўка Віктара і Ліліі Лукашэнкаў.
Нядаўна расказвалася, як Няронская дзякуючы сяброўству з сям’ёй старэйшага сына Лукашэнкі зарабляе на рыбным бізнэсе ў Беларусі і Расіі. Нагадаем, што ў «Марскіх сезонах» працаўладкаваны і муж старэйшай унучкі Лукашэнкі Вікторыі Лукашэнкі — Дзмітрый Дзятлаў.

«Сезон упакоўкі» ўнука Лукашэнкі будзе займацца вытворчасцю гафраванай паперы і кардону, папяровай і кардоннай тары. Пры рэгістрацыі кампанія пазначыла ў якасці юрыдычнага адраса адмысловую эканамічную зону «Брэміна-Орша», якая ў народзе вядомая як «аршанскі афшор» за кошт шырокіх ільгот і прэферэнцый, якімі яе надзяліў Лукашэнка асабіста сваім указам.
Праз тыдзень пасля стварэння кампанія «Сезон упакоўкі» змяніла адрас рэгістрацыі і цяпер базуецца ў адміністрацыйным комплексе будынкаў у пасёлку Балбасава на тэрыторыі «Брэміна-Оршы», дзе значацца фірмы «кашалькоў» Лукашэнкі: «Брэміна груп», «Ардзіта», «Рузэкспедыцыя» і «Сцісхо».
Ці ўвайшла кампанія «Сезон упакоўкі» ў склад адмысловай эканамічнай зоны, каб карыстацца шматлікімі льготамі і прэферэнцыямі ад дзяржавы, пакуль дакладна не вядома. Рэч у тым, што ў чэрвені, неўзабаве пасля рэгістрацыі фірмы, якой сумесна валодае ўнук Лукашэнкі, аператар АЭЗ — «Брэміна груп» — нечакана схаваў раней публічны спіс рэзідэнтаў.
«Тое, што ўсё вакол Лукашэнкі завязанае на сям’ю, нядзіўна, калі ўлічыць, што кіраўнік рэжыму Беларусі не маладзее. Дзіўна, вядома, паставіць у бізнэс унука з такім імем, таму што хочаш не хочаш — гэта відавочная сувязь у плане палітычна афіляваных людзей, таму што ў краінах, якія кіруюцца прынцыпамі свабоднага рынку, празрыстасці, прававой дзяржавы, такая блізкасць да палітычнай вертыкалі адразу выклікала б дадатковыя пытанні. І гэта навязвае думку, што ніхто ў атачэнні сям’і Лукашэнкі сур’ёзна і не разглядае нейкія іншыя альтэрнатывы [супрацоўніцтва], апрача Расіі, Кітая і падобных краін», — пракаментаваў «Бюро» дацэнт Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.
Каментары