Былы гендырэктар Tut.by Аляксандр Чэкан — пра партал, Зісера, стартапы і прагноз па развіцці тэхналогій
Беларускі прадпрымальнік, былы генеральны дырэктар Tut.by Аляксандр Чэкан расказаў пра сваю працу на партале і іншых праектах, а таксама даў прагноз — у што будуць інвеставаць. Інтэрв'ю выйшла на ютуб-канале «Тры па Грынвічы».

Чэкан нарадзіўся ў Мінску і вырас у Зялёным Лузе.
«Мне, мусіць, пашанцавала, што ў мяне даволі рана з'явіўся камп’ютар. І вось, уласна, так вырасла маё захапленне тэхналогіямі. Маці выкладала музыку і сусветную мастацкую культуру ў школе, а бацька працаваў у НДІ парашковай металургіі, быў загадчыкам лабараторыі», — згадвае Аляксандр.
Ён адвучыўся ў БДЭУ на спецыяльнасці «рэкламны менеджмент» — прывабіла тое, што факультэт спалучаў матэматыку і творчыя прадметы.
Як патрапіў у Tut.by
Яшчэ ў школе Аляксандр на сваім кам'ютары стварыў сайт, які быў прысвечаны аглядам беларускіх радыёстанцый:
«У мяне не было інтэрнэту, і першы сайт, які я ўбачыў на экране камп’ютара, быў сайт, зроблены ўласнымі рукамі. Я выпісваў, купляў усе камп'ютарныя газеты. Іх там было тры-дзве з паловай штукі на той момант.
І ў нейкі момант у «Камп’ютарнай газеце» друкавалі мануал па HTML, па мове разметкі для вэб-старонак. І я, уласна, сеў, сабраў свой першы сайт, яго адкрыў у браўзеры. (…) І толькі праз пару месяцаў я атрымаў доступ у сапраўдны інтэрнэт».
Як згадвае Чэкан, ужо на першым курсе ён выкладаў вэб-дызайн і камп'ютарную графіку дзецям у навучальным цэнтры і ўладкаваўся на стажыроўку ў Tut.by:
«Я тады толькі паступіў ва ўніверсітэт, і тады ж, той жа восенню (5 кастрычніка 2000 года. — НН), адкрыўся Tut.by. Адзін мой знаёмы сказаў, што адкрыўся такі партал, і яны шукаюць розныя кантэнт-праекты для яго напаўнення.
Я напісаў e-mail, і мне Зісер адказаў. І так пачалася мая гісторыя супрацоўніцтва, а пазней і кар'еры на Tut.by. (…) Мне было 17 гадоў, і мяне ўзялі ў якасці заснавальніка сайта, які быў прысвечаны радыёстанцыям».
Чэкан некаторы час займаўся толькі сваім праектам (які з цягам часу стаў часткай «Радио Tut.by»), але пазней яму прапанавалі стажыроўку ў іншай беларускай інтэрнэт-кампаніі.
«Я прыйшоў да Юрыя с пытаннем: «Мне прапануюць практыку, якая заключаецца ў тым, каб сядзець і празвоньваць аб'явы, высвятляць, прададзена кватэра ці не. Мне, зразумела, інтэрнэт-бізнэс цікавы, але хацелася б больш творчага прымянення сябе». Ён кажа: «Слухай, калі табе цікава, то проста прыходзь у офіс і займайся, глядзі і нешта рабі».

Так Аляксандр стаў займацца ўсім запар — «размяшчаў і прадаваў рэкламу, прадаваў хостынг, рабіў семінары па інтэрнэт-маркетынгу, займаўся кантэнтам» — і паступовы вырас да генеральнага дырэктара партала. На гэтай пасадзе ён быў з 2012 па 2017 год.
«Фокус апошнія гады быў на, у тым ліку, нейкім пераасэнсаванні, якія бізнэсы ў нас з'яўляюцца ключавымі, у якія інвеставаць больш, якія трэба прадаць ці закрыць».
Пра феномен Юрыя Зісера і ўплыў Tut.by на грамадства
Згадваючы Юрыя Зісера, Аляксандр заўважае, што ён быў чалавекам, які моцна захапляецца:
«Ён мог нырнуць у нейкую тэму, якая яму цікавая, з галавой. Ці то інтэрнэт-бізнэс, ці арганная музыка ці медыцына. (…) Ён умеў зрабіць так, каб людзі верылі ва ўласныя здольнасці. (…) Юрый ўмеў натхняць людзей. Не толькі адбіраць, але і натхняць іх. Адбіраць па патэнцыяле і дапамагаць ім раскрываць гэты патэнцыял. (…)
Мне здаецца, у гэтым суперсіла. І ў ягоных каштоўнасцях, якія [былі] яго стрыжнем, дапамагалі трымацца, і ўвесь гэты час не ісці на нейкія кампрамісы з сумленнем».

Як адзначае Чэкан, Tut.by спрабаваў данесці пазіцыю аб тым, што «ў незалежнай краіне, якая спрабуе пабудаваць нармальнае грамадства, медыя неабходныя, яны павінны быць розныя. І яны павінны мець магчымасць выказваць нейкую пазіцыю. І цынічна ці стратэгічна больш выгадна, каб гэта былі медыя, якія ўнутры краіны існуюць. Таму што больш шанцаў на аб'ектыўнасць, якой бы гэта аб'ектыўнасць ні была».
Згадваючы закрыццё Tut.by, Аляксандр адзначае, што гэта рана ці позна павінна было адбыцца:
«Ёсць такія страты, якія, з аднаго боку, ты разумееш, што яны непазбежныя, з іншага боку, яны ніколі не ў час. Як сыход блізкіх людзей — разумееш, што ўсе мы смяротныя, [але] ты не чакаеш гэтага сёння і не чакаеш гэтага заўтра».
Аляксандр мяркуе, што «за 20 гадоў існавання Tut.by заўсёды знаходзіўся на такой мяжы. Самім фактам існавання ён падвяргаўся такой пагрозе больш-менш на працягу многіх гадоў».
Пераход у тэхналагічны сектар
Паралельна з працай у Tut.by Аляксандр пачаў цікавіцца стартапамі, інфраструктурай для іх і венчурнай дзейнасцю. Хоць пераход з медыя ў тэхналагічны сектар можа выглядаць нетрывіяльна, ён лічыць, што менавіта досвед працы на партале зрабіў яго магчымым.
«Tut.by у гэтым сэнсе быў прадукт, які людзі стваралі кожны дзень, бачылі вынік кожны дзень, мы маглі ставіць эксперыменты, правяраць бізнэс-мадэлі і размаўляць з жывымі карыстальнікамі кожны дзень. (…) Асабліва на пасадзе SEO у мяне атрымалася зрабіць шэраг класных праектаў па зліцці-паглынанню.
Мы па дарозе запускалі шмат праектаў унутры Tut.by, кагосьці куплялі, нешта прадавалі, потым з'явілася слова «стартап», мы ж гэта заўсёды рабілі, проста з іншай тэрміналогіяй».
Аляксандр атрымаў адукацыю па праграме Executive Master of Business Administration, навучаўся ў Стэнфардзе, дзе глыбей пагрузіўся ў глабальныя бізнэс-працэсы. І зразумеў, што ўвесь яго досвед і навыкі з медыяпрадукту цалкам прымяняльныя ў стартап-сферы.
Гісторыя стварэння Haxus і трансфармацыя ў Palta.
Ідэя стартап-акселератара ў Аляксандра нарадзілася прыкладна ў 2015 годзе і ён пачаў шукаць партнёраў для запуску.
Чэкан сабраў так званыя soft-commitments — папярэднія абяцанні інвестараў падтрымаць праект, калі ўсё пойдзе добра. У працэсе пошуку партнёраў ён сустракаўся з Юрыем Гурскім, вядомым беларускім прадпрымальнікам. Гурскі тады сказаў фразу, якая стала ключавой: «Пад добрыя праекты грошы заўсёды знойдуцца. Давай шукаць добрыя праекты». Так пачалося іх супрацоўніцтва.

Як даводзіць Чэкан, першапачаткова Haxus разглядаўся як інвестыцыйны фонд, аднак пад уплывам жыццёвых рэалій трансфармаваўся ў венчур-білдар — стварэнне кампаній з нуля. Haxus ператварыўся ў Palta:
«Гэта была ідэя, фактычна, прапановы серыйнага прадпрымальніцтва праз інвестыцыі, але потым яна трансфармавалася ў будаўніцтва кампаній з нуля. Таму што стала даволі хутка відавочна, што гатовых фаундэраў, якім патрэбны проста грошы — там даў і забыўся, і «ўбачымся на бордзе праз квартал ці праз год», — на той момант на рынку не было.
Таму першапачатковая ідэя Haxus як прататыпа інвестыцыйнага фонду трансфармавалася, фактычна, у такі вось венчур-білдэр, і таму быў перагледжаны партфель, і таму ў 2020 годзе быў зроблены рэбрэндынг Haxus у Palta».
Аляксандр падкрэслівае, што Haxus не быў у чыстым выглядзе ні фондам, ні акселератарам і не быў арыентаваны выключна на беларускія праекты. Яго заснавальнікі — Юрый Гурскі і Аляксей Губараў (які ўжо каля 25 гадоў жыве на Кіпры) — хацелі працаваць з усім рэгіёнам Усходняй Еўропы. Хакатоны і набор каманд праходзілі ў Кіеве, Пецярбургу, Мінску, на Кіпры. Мэта была — знаходзіць таленавітых людзей, ствараць з іх каманды і запускаць глабальныя прадукты.
Чаму пераехаў у Лондан
Аляксандр Чэкан цяпер жыве ў Лондане. Пераезд туды называе «лагічным рашэннем».
«З пункту гледжання кампаніі тут ужо тады былі планы па адкрыцці офіса. І я разумеў, што гэта створыць пэўную канцэнтрацыю людзей, абмен ведамі. І гэта дазволіць атрымаць сінэргію за кошт лакацыі для ўсіх кампаній Palta».
Рэлакацыя не была складанай.
Акрамя гэтага, як заўважае Чэкан, Лондан дае моцны штуршок для развіцця ІТ-кампаній:
«Найперш гэта доступ да капіталу. Тут усё ж такі па-ранейшаму вялізная колькасць фондаў, у тым ліку венчурных фондаў. І тут практычна ва ўсіх глабальных гульцоў ёсць нейкія свае лакальныя офісы, прадстаўніцтвы. (…)
Плюс, вядома, адукацыйная сістэма, якая выпускае больш чым з сотні ўніверсітэтаў спецыялістаў у самых розных абласцях сусветнага ўзроўня. Адукацыя тут сапраўды класная».
Калі казаць пра ўражанні ад Лондана, то Аляксандра здзівіў клімат — мужчына чакаў горшага. «Калі я пражыў тут першую зіму, я зразумеў, што, аказваецца, тут у студзені квітнеюць нарцысы на вуліцах, і зімой поўна зеляніны. І гэта такая прыемная нечаканасць.
Ну, а з пункта гледжання горада, характарызую яго такім ёмістым словам «diversity». Ён сапраўды вельмі розны з пункту гледжання культуры, моў, нейкіх прафесійных інтарэсаў, захапленняў. 40% жыхароў нарадзіліся не ў Вялікабрытаніі, і таму гэта стварае цікавы суп з такой разнастайнасці».
Як змяніўся венчурны рынак пасля 2020 года
Як адзначае Чэкан, з 2020 года рынак венчурных інвестыцый перажыў шмат турбулентных момантаў: спачатку была пандэмія, потым вайна, эканамічныя крызісы і ваганні працэнтных ставак у ЗША. Усё гэта моцна паўплывала на стартапы.
Інвестыцыйны рынак не спыніўся, але пераарыентаваўся. Цяпер большасць інвестыцый ідзе ў AI-стартапы (праекты, звязаныя са штучным інтэлектам), AI-агентаў (праграмныя «памочнікі», якія выконваюць задачы самастойна), AI у медыцыне (напрыклад, для пошуку лекаў — AI drug discovery), глыбокія тэхналогіі (deep tech) — складаная навукова-тэхнічная распрацоўка (квантавыя камп’ютары, біятэхналогіі і інш.).
«Венчурны інвестар глядзіць на тое, што зараз развіваецца і праз 5-10 гадоў будзе расці непрапарцыйна ўсяго астатняга рынку», — лічыць Аляксандр.
Па яго словах, яшчэ адзін важны працэс, які цяпер назіраецца ў свеце і які нельга не ўлічваць, гэта дэглабалізацыі — краіны пачынаюць закрывацца і менш супрацоўнічаць.
Так, людзі часта не могуць атрымаць візы, каб пераехаць у краіны з лепшымі рынкамі (асабліва ў ЗША). З другога боку, гэта дазваляе асобным краінам развіць сваю AI-сферу.
Па словах Чэкана, сёння найлепшым варыянтам (sweet spot) для інвестараў з’яўляюцца заснавальнікі, якія ўжо запускалі стартап і цяпер пачынаюць новы праект з дапамогай AI (second time founder empowered by AI).
Як тлумачыць прадпрымальнік, сёння шмат каманд могуць ствараць тэхналагічныя прадукты без знешніх інвестараў. Часта гэта некалькі чалавек, якія з дапамогай сучасных інструментаў, напрыклад, Cursor і ChatGPT, самастойна распрацоўваюць тое, што раней патрабавала вялікай каманды і фінансавання. У выніку ў такія праекты інвестарам цяжка «зайсці», бо яны ўжо добра сябе адчуваюць і не маюць вострай патрэбы ў грошах.
«У інвестараў, у фонду, напрыклад, заўсёды задача спачатку адна — сабраць фонд, а потым трапіць у тыя праекты, якім ты на самой справе як бы не патрэбны, таму што ў іх і так усё добра. Таму тут, мне здаецца, для абодвух бакоў ёсць свае, скажам так, цікавыя чэленджы», — даводзіць прадпрымальнік.
Якія прагнозы на будучыню
Як даводзіць Чэкан, сёння ў цэнтры ўвагі AI-агенты — аўтаномныя праграмы, якія могуць самастойна прымаць рашэнні, выконваць задачы і ўзаемадзейнічаць з іншымі сістэмамі. Іх эксперыментальна выкарыстоўваюць у бізнэсе, навуцы, адукацыі.
Але ёсць і больш глыбокі пласт — суперінтэлект, або AGI (Artificial General Intelligence), які, паводле некаторых прагнозаў, можа з’явіцца на працягу некалькіх гадоў. Ён будзе мець здольнасць вучыцца і мысліць на ўзроўні, які пераўзыходзіць чалавечы. І хоць прадказаць яго наступствы лёгка (ён трансфармуе чалавецтва), зразумець, як дакладна гэта адбудзецца, — значна складаней і цікавей.
Ужо цяпер назіраецца новы трэнд: AI пачынае ствараць самога сябе. Так, кампанія DeepMind нядаўна паведаміла, што выкарыстала метад reinforcement learning (падмацавальнае навучанне), каб распрацаваць алгарытм, які навучаецца лепш, чым любы створаны чалавекам. Гэта азначае выхад на мета-ўзровень развіцця тэхналогій — калі AI стварае новы, больш эфектыўны AI.
Новая энергетычная рэальнасць і робаты
Аднак, як даводзіць Чэкан, усе гэтыя працэсы патрабуюць аднаго важнага рэсурсу — энергіі. Таму наступны вялікі тэхналагічны фронт — гэта энергетыка.
Сёння ўся ўвага скіраваная на развіццё тэхналогіі ядзернага сінтэзу (fusion) — гэта працэс, які імітуе сонечную рэакцыю, і тэарэтычна можа забяспечыць чалавецтву амаль бясконцую, бяспечную і чыстую крыніцу энергіі. Такая энергетыка патрэбна, каб сілкаваць інфраструктуру AI.
Акрамя гэтага, развіваецца накірунак SMR — Small Modular Reactors (малыя модульныя рэактары). Гэта новы тып атамных станцый, якія прасцей, танней і хутчэй будаваць. Яны могуць стаць пераходным рашэннем, пакуль сінтэз не стане рэальнасцю.
Калі наблізіцца да бліжэйшай будучыні, то робататэхніка выглядае наступным трэндам пасля AI. Кампаніі, такія як Tesla, ужо абяцаюць мільёны робатаў, якія будуць працаваць у вытворчасці, абслугоўванні і нават у быце. Робаты, падключаныя да штучнага інтэлекту, стануць фізічным увасабленнем лічбавага розуму.
«Вайб-кодынг» — пагроза для існуючых бізнэсаў
Сёння ў тэхнасферы назіраецца цікавая з'ява, якую называюць «вайб-кодынгам». Гэты тэрмін жартам апісвае працэс, калі людзі без тэхнічнай адукацыі пачынаюць ствараць уласныя праграмы і дадаткі з дапамогай інструментаў накшталт Cursor і чата GPT.
Чэкан лічыць, што гэта вялікі выклік для класічных SaaS-кампаній (Software as a Service), якія прапануюць гатовыя рашэнні тыпу CRM — сістэм кіравання праектамі, маркетынгавых інструментаў і іншых.
«З дапамогай сучасных інструментаў, у прынцыпе, можна многія рэчы ўжо сёння сабраць пад сябе кастамна, танна, сапраўды моцна танней, чым гэта было некалькі гадоў таму. І таму для многіх бізнэсаў гэта будзе выклік», — адзначае ён.
Аднак ён верыць, што спецыялізаваныя прадукты будуць запатрабаванымі, «калі яны даюць больш правільны юзер-экспірыенс, таму што не для ўсіх сітуацый радок чата ці нават галасавы інтэрфэйс добра падыходзіць».
Па яго словах, «будуць мець перавагу прадукты, якія здольныя навучацца на мільёнах карыстальнікаў, на мільёнах спецыялізаваных кейсаў».
«Безумоўна, гэта і магчымасці, і пагрозы. Яно заўсёды ж у пары ідзе. То-бок, можна ўсё што заўгодна закодзіць, але пытанне, ці ёсць на гэта попыт, ці ўмееш ты гэта прадаваць, яно ўсё роўна застанецца», — даводзіць Чэкан.
Каментары