Меркаванні6464

Адмін беларускай Вікіпедыі: Давайце спынім пісаць пра бяздарнасцяў толькі таму, што яны беларусы або эмігранты

Днямі журналіст «Еўрарадыё» Тарас Тарналіцкі, які шмат піша пра беларускую культуру, напісаў у фэйсбуку пост пра новы выпуск праграмы «Мне таксама не падабаецца» з удзелам Крысціны Дробыш, Міхася Зуя і Насты Роўды, прысвечаны гэтай самай беларускай культуры. Ён абвінаваціў СМІ ў тым, што яны замала пішуць пра культуру. На гэтую публікацыю адрэагаваў адзін з адміністратараў Беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч, які ставіць пытанне рэзка — а ці вартае сапраўды ўсё тое, што адбываецца ў беларускай культуры, таго, каб пра яго пісаць?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Piotr Lapinski NurPhoto via Getty Images

Многія навіны пра сучбелкульт — гэта спробы выцягнуць з невядомасці людзей і праекты, якія невядомыя не таму, што пра іх мала пішуць, а таму, што іх дзейнасць проста мала каго чапляе.

Усё ж давайце лічыць, што ў медыя, як у артыкулаў Вікіпедыі, ёсць нейкі парог значнасці, гэта не газета з платнымі абвесткамі пра будзь-якія рэчы.

Усе абураюцца, што мала пішуць пра беларускую літаратуру, музыку, кіно і выстаўкі за мяжой. Пра літаратуру насамрэч пішуць шмат: за год выходзіць больш рэцэнзій на беларускія кнігі, чым на што-небудзь іншае. Яно зразумела, бо журналістыка і літаратура «сазлучаныя сасуды» — адны і тыя ж твары і там, і тут.

Музыка, кіно і выставы — масавая культура, не спрачаюся. Але што з таго вартае артыкула, а не проста абвесткі? Мне не вельмі зразумела, навошта пісаць пра фестывальнае кіно — яно літаральна робіцца для сваіх, для старэйшых калег, якія толькі так і могуць адшукаць таленавітыя кадры.

Для чаго чытачу «Нашай Нівы» ці «Зеркала» ведаць, што малады беларускі рэжысёр прэзентаваў сваю новую стужку на фестывалі ў правінцыйным французскім гарадку — не ўяўляю.

Калі стужка нічым не адзначылася, яе не ацанілі нават сінемафілы з журы фестывалю, то навошта пра яе ведаць беларусам? І такога ў нас занадта шмат: калі значэнне не адпавядае прысвечанай увазе.

«Ну як жа так, гэта ж беларуская культура!», — абурыцца нехта. Але выстаўка члена праўладнага Саюза мастакоў Беларусі ў гарадской галерэі Магілёва можа быць па ўсіх параметрах больш каштоўная па значэнні, сэнсах і майстэрстве, чым выстаўка беларускай эмігранткі ў Вільні.

Амаль упэўнены, што тыя, хто абураюцца, што медыя мала пішуць пра мастацтва, абураліся б, калі б нехта напісаў пра творчасць мастака з недастаткова выразнай палітычнай пазіцыяй.

Памятаю, летась ці пазалетась у адным медыя абураліся, што іншае назвала трох пераможцаў нацыянальнага конкурсу найлепшымі мастакамі Беларусі. Маўляў, як жа так можна, калі многія эмігравалі?

Пісаць, быццам бы, трэба пра крыштальна правільных палітычных эмігрантаў, няхай у іх творчасці нічога няма адметнага, а 99% беларусаў з Беларусі ніколі не змогуць трапіць на іхнія выстаўкі ў Вільні. Такімі патрабаваннямі навязваецца нейкая культурная гетаізацыя медыя.

Найлепшая пазіцыя для медыя: калі няма пра што пісаць, то не пісаць, не спрабаваць выдаваць пустазелле за культурныя парасткі.

Зараз патлумачу на сваёй сферы дзейнасці.

Я па прафесіі архітэктар, вучыўся гэтаму 7 гадоў, малюючы алоўкам, акварэллю, адмываючы тушшу, вычэрчваючы шэдэўры антычнасці і лепячы з пластыліну разеткі і панарамныя краявіды, слухаючы лекцыі па гісторыі сусветнай, беларускай і расійскай архітэктуры, па горадабудаўніцтве і ўрбаністыцы, па рэстаўрацыі, ахове помнікаў, па каларыстыцы, па эстэтыцы і многім іншым. Гэта не лічачы таго, што ў мяне была школа з эстэтычным ухілам і мастацкая школа, дзе былі свае профільныя дысцыпліны, у тым ліку гісторыя мастацтва.

Мяне рыхтавалі рабіць мастацтва ці прынамсі разбірацца з ім. У любым разе ў візуальных мастацтвах мая экспертыза будзе на галаву вышэйшая, чым экспертыза выпускніка журфака, хоць я магу не так складна пісаць, як ён. І я са смехам гляджу, калі гавораць пра тое, што зноў нічога не напісалі пра чарговую кніжку, фільм ці выстаўку беларускага аўтара.

Многія з гэтых рэчаў — што рабізна на вадзе, якая не пакідае слядоў. А вось з тымі вынікамі творчай дзейнасці, якія пакідаюць мае калегі, давядзецца жыць поплеч мільёнам беларусаў многія дзесяцігоддзі.

Калі вы гаворыце пра культуру, то вы забываеце, што культура — гэта ўсё, што не мае прыроднага паходжання: ад крэмневых прылад працы да камп'ютарных гульняў. Палітыка, спорт, археалогія, святкаванне 9 Мая — гэта ўсё культура.

Я разумею, што калі вы кажаце, што мала пішуць пра культуру, то маеце на ўвазе мастацтва. Але вы забываеце, што і мастацтва таксама вельмі рознае:

— Ці напісаў нехта пра новы дызайн аўтобусаў МАЗа з беларускіх медыя? Ці абурыўся нехта, што медыя не напісалі? Не? А што здарылася, нейкая не такая культура гэты ваш прамысловы дызайн?

— Ці напісаў нехта пра асаблівасці новага парку, пабудаванага да Дажынак у Заслаўі?

— Ці напісаў нехта пра мастацкія вартасці новага помніка ахвярам нацыстаў у Беларусі? Не? Ідэалагічна няблізка? Ізноў нейкая не тая культура.

— Ці былі дэталёвыя разборы праектаў, якія ўдзельнічалі ў нацыянальным фестывалі архітэктуры? Не? Але ж гэта амаль як фільм на фестывалі!

— Ці напісаў нехта пра архітэктурныя вартасці новага жылога комплексу ў Сухараве? Не? Як жа так?

Я думаю, першае, што ўзнікае ў галаве, калі чалавек чытае гэты пералік: «Каму гэта трэба? Ніхто не будзе пра гэта чытаць. Гэта нейкая нявартая дробязь».

Менавіта! Але чаму вы баіцеся спытаць тое ж самае пра мастацтвы, на якія акцэнтаваная ваша ўвага? Калі б мяне папрасілі напісаць пра вартасці новага жылога комплексу ў Сухараве, я пакруціў бы пальцам каля скроні, бо ў ім няма нічога вартага, нават разгромная крытыка комплексу не вартая майго часу.

І тое ж самае з новымі літаратурнымі творамі, пастаноўкамі, фільмамі і выстаўкамі — не ўсё тое вартае паперы, што называе сябе культурай.

Тое, колькі пішуць пра культуру, адлюстроўвае агульны ўзровень культуры і зацікаўленасць грамадства ў гэтай культуры. Ніхто не адмяняў асветніцкую функцыю медыя, але выратаванне тапельца — справа рук, у першую чаргу, самога тапельца.

Я сутыкаўся з тымі архітэктарамі, у якіх быў уласны, непаўторны стыль — насамрэч яны былі бяздарнасцямі, якія грэбавалі тым, каб скапіраваць нешта добра ў іншых, а таму ляпілі нейкі пачварны трэш, на які балюча глядзець. Ніхто не можа сам: спачатку ты капіруеш, паўтараеш, пераймаеш, а толькі пасля з'яўляецца нешта тваё ўнікальнае.

Калі няма сваёй вартай культуры, то лепш знаёміць чытачоў з сусветнай, фарміраваць густы публікі на найлепшых прыкладах.

Слова «беларуская» не дадае ніякай вартасці культуры: як і любая нацыянальная прыстаўка, вартасць дадае талент творцаў.

Каментары64

  • Чытач
    24.07.2025
    Ня згодзен з аўтарам. Лепш бы пісалі пра ўсе "нязначныя" падзеі ў беларускай культуры.
    Але замест гэтага прапануюць 100500 артыкулаў пра дзікпікі Гайдукевічаў і Стрыжакоў.
  • Культурны мастак
    24.07.2025
    Ізноў ты я ж самыя граблі. Чакаць, пакуль таленты з'явяцца, і потым іх на руках насіць. Астатняе нецікава. Давай шэдэўры! Так не працуе. Сапраўды таленавітае застанецца. Астатняе будзе глебай для таленавітага. Пішыце, спадарства, пішыце пра ўсё. Мне ўсё цікава
  • Крытык
    24.07.2025
    Ёсць асобная каста мастакоў і знатакоў сучаснага мастацтва, якія існуюць для ўласнага самападтрымання: адны ствараюць нікому не патрэбныя рэчы, задача іншых - усхваляць гэтае непатрэбства і казаць, што іншыя занадта дурныя, каб зразумець такое мастацтва. А насамрэч гэта проста дрэннае мастацтва і людзі, якія зарабляюць на хлусні. Першы раз? Не. Паглядзіце колькі інфамахляроў, якія прадаюць курсы дыхання паветрам. А вось гэтыя знатакі знайшлі сваю нішу нашмат раней.

Цяпер чытаюць

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі3

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

«Прапаноўваў два блокі Winston, каб перадалі Знаку ліст». Былы палітвязень Дзмітры Міхайлаў — пра Максіма Знака

У Мінску здарыўся чарговы патоп

Шрайбман: Лукашэнка больш прагматычны за Пуціна10

У Закарпацці падлеткі 13, 14, 16 і 17 гадоў згвалтавалі 46-гадовую жанчыну3

Палітвязню з Маладзечна, у якога няма адной нагі, прысудзілі 4 гады калоніі1

Блогер-канспіролаг Вірус спыняе сваю дзейнасць, бо ніхто яму не данаціў13

«Прагноз кіроўцы — 15—16 гадзін на мяжы». Пасажыры аўтобусаў, што едуць у Літву, скардзяцца на незвычайна доўгае чаканне1

«Нават дарослыя хацелі далучыцца». Як беларусы ў эміграцыі арганізавалі летнік для дзяцей у Белавежскай пушчы

Застаўся без парэчак. Уладальнік гадавальніка пад Мінскам — пра тое, як надвор’е паўплывала на працу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі3

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць