Грошы ў Беларусь вязуць фурамі. Як дальнабоі і не толькі напаўняюць краіну валютай
Апошнія гады насельніцтва Беларусі прадае валюты нашмат больш, чым купляе. «Наша Ніва» разбіралася, чаму так адбываецца.

Народ гадамі прадае валюту больш, чым купляе
За дзевяць месяцаў гэтага года фізічныя асобы ў Беларусі прадалі ў банкі валюты на $1,21 мільярда больш, чым набылі. За аналагічны перыяд 2024 года розніца складала $1,26 мільярда. Агулам за ўвесь 2024 год насельніцтва прадало валюты амаль на $1,7 мільярда больш, чым набыло. Падобны паказчык будзе і сёлета.
Пры гэтым варта адзначыць, што насельніцтва ўжо пяты год запар з'яўляецца чыстым прадаўцом валюты, хоць у 2021‑2022 гадах станоўчае сальда было больш сціплым — $53 мільёны і $26 мільёнаў адпаведна. У 2023‑м было ўжо амаль $300 мільёнаў.

Чаму прадавалі валюту раней
Усе апошнія дзесяць гадоў насельніцтва было чыстымі прадаўцамі валюты за выключэннем 2020-га, калі паўплывалі эканамічныя і палітычныя фактары.
Да 2020‑га таксама была пяцігодка, калі фізічныя асобы штогод прадавалі валюты больш, чым куплялі. Але ў эканамічным плане перыяд 2015—2019 гадоў моцна адрозніваецца ад 2021—2025.
Гэта была вельмі цяжкая пяцігодка, калі даходы падалі. Праз значнае скарачэнне рэальных заробкаў людзі былі вымушаныя здаваць раней назапашаную валюту, праядаючы адкладзенае.
Па меры паляпшэння сітуацыі аб'ёмы продажу валюты насельніцтвам скарачаліся.
А што цяпер
А вось у 2023—2025 гадах насельніцтва актыўна прадае валюту на фоне росту рэальных заробкаў і без папярэдняга працяглага перыяду скупкі валюты.
Набываюць валюты таксама шмат. Калі за ўвесь рэкордны 2024 год беларусы купілі валюты на $11,07 мільярда, то за 10 месяцаў 2025‑га — ужо на $11,58 мільярда. То-бок на $512,2 мільёна больш, чым за ўвесь мінулы год.
Калі параўноўваць студзень—кастрычнік 2025 года з аналагічным перыядам 2024-га, то прырост складае амаль 28%.
Павелічэнне попыту на валюту пры стабільным росце рэальных даходаў — з'ява чаканая. Але пры гэтым насельніцтва і больш прадае валюты, чым у папярэднія гады.
Гэта многа ці мала?
Для таго, каб зразумець, $1,7 мільярда — гэта многа ці мала ў маштабах Беларусі, — можна паглядзець, напрыклад, на гадавы бюджэт Мінска. Сёлета ён склаў каля 11,8 мільярда рублёў, ці каля $4 мільярдаў. То-бок насельніцтва другі год запар прадае валюту на суму, якая раўняецца 44% бюджэту сталіцы.
Гэтыя лічбы ніяк не звязаныя паміж сабой, але адлюстроўваюць, як шмат валюты прадалі беларусы.
Адкуль бяруцца гэтыя грошы?
Статыстыка паказвае, што ў беларусаў цягам апошніх гадоў грошай становіцца больш. Пры гэтым часам можна пачуць, што насельніцтва прадае шмат валюты нібыта праз тое, што праядае назапашванні. Але з улікам росту рэальных даходаў і аналізу іншых чыннікаў становіцца зразумела, што прычына ў іншым.
Іншы фактар, на які часам указваюць эканамісты, — гэта скарачэнне валютных дэпазітаў і перавод іх у рублёвыя, паколькі, пачынаючы яшчэ з 2023 года, стаўкі па валютных дэпазітах сталі максімальна нявыгаднымі ў параўнанні з рублёвымі. Гэта часткова сапраўды так.
З 2023 года валютныя дэпазіты скараціліся, але на $1,1 мільярда. То-бок скарачэнні не такія вялікія ў параўнанні з сальда. А калі браць разам тэрміновыя дэпазіты з пераводнымі, то атрымацца, што агульная сума валюты на рахунках у насельніцтва ў параўнанні з 2023 годам вырасла на $194 мільёны.
Па-за ўвагай застаецца такі важны фактар, як масавая міграцыя і ў першую чаргу працоўная міграцыя.
Людзі, якія масава з'ехалі за мяжу ў 2020‑ 2023 гадах, ужо больш-менш уладкаваліся на новым месцы, але ў многіх засталіся бацькі ў Беларусі, якім яны могуць дасылаць (а па факце, хутчэй, перадаваць наяўнымі) грошы ў Беларусь, якія пасля могуць асядаць у абменніках. Але гэта даволі дробны фактар у параўнанні з тым, колькі чалавек з'ехала на заробкі. У прыватнасці, пайшлі ў дальнабойшчыкі.

Колькі дальнабойшчыкаў з Беларусі працуе ў ЕС?
Толькі ў адной Польшчы станам на восень 2025 года кіроўцамі-міжнароднікамі працуе каля 55 тысяч грамадзян Беларусі. У Літве — каля 25 тысяч. Атрымліваецца толькі ў гэтых дзвюх краінах каля 80 тысяч дальнабойшчыкаў з беларускімі пашпартамі.
Асаблівасць такой працы ў тым, што дальнабойшчыкі рэдка пераязджаюць самі і вывозяць сем'і за мяжу, бо 8‑10 месяцаў на год яны ўсё адно праводзяць у кабіне фуры.
Калі дадаць, што беларусы працуюць дальнабойшчыкамі не толькі ў польскіх і літоўскіх фірмах, то можна меркаваць, што лічба беларускіх дальнабойшчыкаў у ЕС можа дасягаць нават 100 тысяч чалавек.

Пагатоў сярод беларусаў кожны год становіцца ўсё больш грамадзян Польшчы, якія пасля атрымання другога грамадзянства выпадаюць са статыстыкі, але пры гэтым самі яны і іх сем'і працягваюць жыць і траціць грошы ў Беларусі.
Па колькасці дальнабойшчыкі даганяюць айцішнікаў
Колькасць беларусаў, якія працуюць дальнабойшчыкамі ў Еўрасаюзе, супастаўная з колькасцю айцішнікаў, якія працуюць у Беларусі.
Раней ІТ-сектар пры такой колькасці занятых у галіне лічылі адным з асноўных драйвераў беларускай эканомікі. Апроч таго, што 100 тысяч айцішнікаў трацяць заробленыя грошы ў краіне, яны таксама ствараюць прадукт з высокай даданай вартасцю, дый самі кампаніі плацяць падаткі ў Беларусі.
Тым не менш выглядае, што наяўнасць каля ста тысяч дальнабойшчыкаў, якія ў сярэднім зарабляюць па 2000 еўра на месяц, з якіх каля 1500 еўра будуць прывозіць у краіну, — гэта таксама вельмі важны чыннік для эканомікі, які не адлюстроўваецца ў афіцыйнай статыстыцы.

Людзі, якія прадаюць нерухомасць або аўто, заўважаюць, што адчувальная доля іх кліентаў — гэта дальнабойшчыкі, якія працуюць у Еўропе.
Вымераць дакладны ўнёсак ад гэтага феномена немагчыма, але шэраг ускосных фактараў паказвае на тое, што гэта даволі істотныя сумы, якія пазітыўна ўплываюць на эканоміку краіны.
Каментары
но судя по динамике курс доллара к белке однозначно повторяет трек курса рабсейского рубля к доллару и это тоже логично, т.к. это наш единственный торговый партнер где взаиморасчеты ведутся в рабсейских рублях (газ и нефть - основа всего тут) и где на данный момент жесткая кредитно финансовая политка в ущерб экспортерам. его кстати сюда тоже тоннами везут гастрабайтеры, но курс рабсейского рубля тоже как и евро относительно стабилен..