Калумбійскі порнаакцёр спачатку забіў, а пасля расчляніў двух сваіх знаёмых-брытанцаў
Знаёмства ў інтэрнэце нечакана скончылася трагедыяй, падрабязнасці якой нагадваюць фільм жахаў.

Як піша The Times, прыкладна 10 гадоў таму на той час 52-гадовы інструктар па плаванні Альберт Альфонса на спецыялізаваным сайце пазнаёміўся з 25-гадовым Юстынам Маскера з калумбійскага горада Медэльін. У іх было агульнае захапленне экстрэмальнымі практыкамі сэксу. Альфонса здымаў уласныя відэа і выкладваў іх у інтэрнэт.
У сваю чаргу Маскера пад нікамі «I am Black Master» і «Mr D* 20 cm» зарабляў дадатковыя грошы, прапануючы свае відэа з экстрэмальнымі практыкамі на парнаграфічных сайтах па цане ад 20 да 80 фунтаў стэрлінгаў.
У хуткім часе Альфонса стаў пастаянным кліентам Маскеры, а пазней анлайн-знаёмства перайшло ў афлайн.
У кастрычніку 2023 года Альберт Альфонса, які на той час жыў у Лондане са сваім партнёрам Полам Лонгвартам, які не прымаў удзелу ў вычварэнскіх практыках, запрасіў Маскера ў Вялікабрытанію. Троіца наведала славутасці Лондана, сфатаграфавалася ў музеі мадам Цюсо, каталася на аўтобусе з адкрытым верхам і рачным параходзе. Усе выдаткі аплачваў Альфонса. Тым часам Маскера пачаў плесці свой злачынны план.
Пасля вяртання на радзіму ён запісаў правакацыйнае відэа пад назвай «For my slave Albert» і неўзабаве запрасіў Альфонса і Лонгварта на адпачынак у Калумбію ў сакавіку 2024 года.
У сацыяльных сетках з'явіліся фатаграфіі, на якіх двое сівых мужчын падчас прагулкі на хуткасным кацеры абдымаюць маладога мужчыну, які смяецца, пацягваюць піва і хаваюцца ад спёкі пад парасонам.
У чэрвені 2024 года пара пажылых брытанцаў зноў запрасіла Маскера да сябе. Альфонса аплаціў яму месячны курс англійскай мовы і абанемент у спартзалу.

Аднак, як высветлілі следчыя, яшчэ да прызямлення ў Хітроў калумбіец пачаў высвятляць кошт дома пары. Ужо знаходзячыся ў гасцях, ён здолеў скапіраваць рэквізіты банкаўскіх картак і паролі Альфонса, і шукаў на маркетплэйсах у інтэрнэце лядоўню і «прамысловы блэндар».
Сярод іншых пошукавых запытаў былі «серыйныя забойцы Лондана» і «фільм пра Джэка-трыбушыцеля». Акрамя таго, ён пачаў шукаць нерухомасць, што выстаўлена на продаж у яго родным горадзе ў Калумбіі.
Брутальныя забойствы
Раніцай 8 ліпеня, калі Альфонс пайшоў на працу, Маскера напаў на 71-гадовага Пола Лонгварта і забіў яго дзевяццю ўдарамі малатка па галаве. Цела ён схаваў у скрыню для захоўвання ў канапе. Затым выйшаў у інтэрнэт, каб забраніраваць авіябілет у Калумбію.
Калі 62-гадовы Альфонса вярнуўся дадому а 19:45, Маскера прапанаваў яму пайсці ў спальню для запісу сэксуальнага відэа. Падчас акта ён 13 разоў ударыў Альфонса нажом у шыю, пытаючы: «Ці падабаецца табе гэта?»
Пачалася доўгая барацьба, абодва былі ў крыві, камера перакулілася, але Маскера ўрэшце прымусіў ахвяру легчы на ложак і перарэзаў яму горла.
«Што сапраўды ўражвае падчас прагляду запісу — гэта тое, наколькі спакойным і поўнасцю кантралюючым сітуацыю застаецца абвінавачаны на працягу ўсяго відэа.
Ён выглядае настолькі абыякавым да таго, што толькі што зрабіў, што, пакуль спадар Альфонса памірае на падлозе, абвінавачаны пачынае спяваць, затым пускаецца ў танец, а пасля без аніякага вагання накіроўваецца да камп’ютара ахвяры і пачынае карыстацца ім, каб атрымаць доступ да яго фінансаў. Уражвае поўны спакой і абыякавасць.
Ніякага шоку, страху — толькі эйфарыя. Ён паводзіў сябе так, быццам нічога не адбылося», —
цытуе выданне словы пракуроркі Дыяны Хір.
Спробы схаваць злачынства
На працягу наступных двух дзён Маскера распілаваў целы ахвяр пілой. Галовы ён паклаў у лядоўню, астатнія часткі — у чамадан. Затым ён замовіў фургон з кіроўцам і выехаў у Брысталь. Перад гэтым ён зняў некалькі сотняў фунтаў з рахункаў ахвяр і даслаў паведамленне з тэлефона Альфонса ягонай начальніцы, быццам той ляціць у Коста-Рыку з-за надзвычайнага здарэння ў сям'і.
Магчыма, Маскера мог бы цалкам рэалізаваць свой план, каб не выпадковая сустрэча на Кліфтанскім мосце ў Брысталі.
10 ліпеня 2024 года каля 22:30 ён выйшаў з вялізным чырвоным чамаданам непадалёк ад моста. Два выпадковыя мінакі спыталіся, ці не патрэбна яму дапамога. Маскера, назваўшыся «Хуанам», з дапамогай Google Translate ім расказаў, што на мосце павінен сустрэцца з кліентам і перадаць «механічныя часткі і алей». Яны прапанавалі падвезці яго, але чамадан аказаўся «занадта цяжкі і вялікі, каб змясціцца ў багажніку».

У 23:05 камеры відэаназірання зафіксавалі, як Маскера цягне чырвоны чамадан па тратуары каля моста і глядзіць праз парапет уніз на цясніну ракі Эйван. Ахоўнікі моста заўважылі, што з чамадана цячэ нейкая вадкасць. Да яго звярнуўся веласіпедыст, які загаварыў з ім па-іспанску і папрасіў адкрыць валізку. Маскера адмовіўся і кінуўся на ўцёкі. Веласіпедысту атрымалася зняць яго на тэлефон.
Пасля гэтага мужчына быў абвешчаны ў вышук, і 13 ліпеня 2024-га паліцыя яго затрымала ля вакзала ў Брысталі. Ён усё яшчэ быў у акрываўленай футболцы. Пазней паліцыя знайшла адсечаныя галовы Альфонса і Лонгварта ў маразільнай камеры ў іх «моцна запэцканым крывёю» доме.
У судзе Маскера сцвярджаў, што забіў Альфонса ў мэтах самаабароны, бо нібыта бачыў, як той забіў Лонгварта. Аднак 21 ліпеня 2025 года прысяжныя прызналі яго вінаватым у двайным забойстве. Падчас прысуду Маскера не выказаў ніякіх эмоцый.
Выніковы прысуд Юстыну Маскера будзе вынесены 24 кастрычніка 2025 года. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Каментары
[Зрэдагавана]