У лесе на поўначы Тайланда паліцыя знайшла васьмігадовага хлопчыка, якога, як мяркуецца, выхавалі сабакі, паведамляе Bild.

Хлопчык доўгі час жыў разам з маці ў паўразбуранай хаціне на ўскраіне лесу. Жанчына мела сур’ёзную залежнасць ад наркотыкаў і часта пакідала сына аднаго, сама ж тым часам прасіла міласціну каля храмаў. Увесь гэты час хлопчыку дапамагалі выжыць сабакі.
Пасля паведамленняў мясцовых жыхароў сітуацыяй зацікавілася дабрачынная арганізацыя, якая займаецца абаронай дзяцей. Яе кіраўніца Павіна Хонгсакул звярнулася ў паліцыю. У канцы чэрвеня праваахоўнікі правялі ператрус у хаціне на драўляных слупах і знайшлі там хлопчыка разам з шасцю сабакамі.
Суседзі расказалі, што іншыя дзеці не падыходзілі да хлопчыка, таму ён усё больш сябраваў з сабакамі і пачаў паводзіць сябе так, як яны. Падчас выратавання ён, па словах сведак, брахаў і поўзаў на чатырох канечнасцях. Павіна Хонгсакул пацвердзіла: «Ён не размаўляў — толькі гаўкаў. Гэта было жудасна бачыць».
Цяпер дзіця знаходзіцца ў мясцовым прытулку. Улады называюць яго толькі першай літарай «А». Павіна Хонгсакул адзначыла, што яму будуць аказваць усю неабходную дапамогу і ёсць надзея, што ён зможа наладзіць сваё жыццё.
Каментары