Марыя Шарапава прадае асабняк у Лос-Анджэлесе за $25 мільёнаў ФОТЫ
Былая зорка тэніса Марыя Шарапава вырашыла прадаць свой асабняк у прэстыжным раёне Манхэтан-Біч Лос-Анджэлеса. Дом з відам на акіян, але без тэніснага корта.

38-гадовая былая першая ракетка свету, пераможца пяці турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе ў 2004-2014 гадах Марыя Шарапава разам з грамадзянскім мужам, брытанскім бізнэсменам Аляксандрам Гілксам, вырашылі прадаць свой асабняк у Лос-Анджэлесе, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на агентку па продажах Сюзам Перыман з агенцтва Carolwood Estates.

Паводле агенткі, прычынай продажу стала тое, што пара плануе праводзіць больш часу ў Еўропе з сям'ёй. У Шарапавай і Гілкса ёсць трохгадовы сын.
Шарапава набыла ўчастак з відам на акіян за 4,1 мільёна даляраў у 2012 годзе, а затым замовіла індывідуальны праект дома ў архітэктурнай фірмы KAA Design з Лос-Анджэлеса. Будаўніцтва было завершана ў 2015 годзе.
У базе агенцтва Carolwood Estates на гэты час дом адсутнічае, але тое, як ён выглядае, можна даведацца з відэа, у якім сама Шарапава праводзіць экскурсію па асабняку.

У доме — прасторная ўваходная зала з вельмі высокай столлю і бетоннымі сценамі.

З гасцёўні, якая спалучана з кухняй, можна выйсці да басейна.

Дом мае пяць спальных пакояў. Ванны пакой каля спальні гаспадароў злучаны з тэрасай.


У падвале знаходзяцца дзве дарожкі для боўлінга.

На тэрыторыі таксама абсталявана зона для барбекю. А вось тэнісны корт адсутнічае.

Паводле даных амерыканскай кампаніі ў галіне нерухомасці Redfin, медыянны кошт жылых дамоў у Манхэтан-Біч у чэрвені ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 4,6% і склаў 3,4 мільёна даляраў. Адзначаецца, што попыт на элітную нерухомасць у гэтым раёне вырас пасля пажараў у Pacific Palisades на пачатку гэтага года.
Паводле агенткі, Шарапава і Гілкс таксама валодаюць домам у Фларыдзе.
Каментары