Свет3030

Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы

Статыстыка выкарыстання зброі ў Швецыі пераўзышла краіны Усходняй Еўропы і Італію.

Станцыя метро Рынкебю. Фота: Wikimedia Commons

Як піша Die Welt, рэкордным па ўзроўні злачынстваў з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі для Швецыі стаў 2022 год, калі яна па гэтым паказчыку ў пераліку на душу насельніцтва стала другой у Еўрасаюзе пасля Харватыі. Тады ў краіне быў зарэгістраваны 391 выпадак страляніны. Вынікам стала смерць 62 чалавек. Яшчэ 107 былі параненыя. Гвалт усё часцей закранае выпадковых людзей, не звязаных з крымінальнымі структурамі. Нават выбухі каля жылых дамоў перасталі быць рэдкасцю.

Станцыя метро Рынкебю (Rinkeby), што на поўначы Стакгольма, адкрывае доступ да мікракосму мігранцкага жыцця: каля яе прадаюць гародніну, гатуюць кебабы, тут працуюць цырульні і кавярні, якія пераважна трымаюць выхадцы з Самалі. Жанчыны ў хіджабах, мужчыны ў халатах — гэта, бадай, самы сумнавядомы раён Швецыі, назву якога часта згадваюць, калі СМІ і палітыкі абмяркоўваюць бандытызм і правал інтэграцыі мігрантаў.

У гэтым раёне, дзе жыло многа самалійцаў, і ўтварылася група падлеткаў, якія спачатку разам прагульвалі школу, а потым уцягнуліся ў злачынную дзейнасць, жорсткасць якой з кожным годам нарастала.

Пік наступіў у 2015 годзе, пасля сур'ёзнага крадзяжу, у якім людзі ў масках скралі каля 180 тысяч еўра з пункта абмену валют. У Рынкебю хутка разышлася інфармацыя пра тое, хто быў да гэтага датычны. Малодшыя члены групоўкі раззлаваліся, што іх не ўзялі на справу.

Аднаго са злачынцаў пабілі, а калі ён спрабаваў уцячы, — смяротна паранілі ў спіну. Далей пайшла ланцуговая рэакцыя. Праз два дні застрэлілі аднаго з меркаваных удзельнікаў забойства.

Ніхто не панёс адказнасці за гэтыя забойствы. З варагуючых груп хутка ўтварыліся дзве групоўкі — Shottaz і Dödspatrullen. Іх супрацьстаянне цягам некалькіх гадоў прывяло да вялікай колькасці смерцяў.

Гэтыя банды, мяркуюць эксперты, сталі зыходным пунктам некантраляванага выбуху злачыннасці, які дагэтуль трымае Швецыю ў стане няспыннай напружанасці.

Прычыны канфліктаў: барацьба за кантроль над прыбытковым рынкам наркотыкаў, імкненне ўзняцца ў гангстарскай іерархіі ці нават простая абраза.

У Швецыі лёгка здабыць зброю, якую кантрабандай прывозяць з Усходняй Еўропы. У кліпах гангста-рэпераў і сацыяльных сетках можна ўбачыць, як маладыя людзі пазіруюць з аўтаматамі. Але гэтая зброя выкарыстоўваецца не толькі перад камерай, але і ў рэальным жыцці — і даволі часта.

Першыя забойствы ў Рынкебю шакавалі акругу. Маці падлеткаў, што пражываюць у гэтым раёне, заснавалі групу «Nattvandring» («Начная прагулка»). Кожныя выхадныя паўтара дзясятка жанчын збіраюцца ў цэнтры Рынкебю, каардынуюць дзеянні з мясцовай паліцыяй і патрулююць наваколле.

Некаторы час пасля першых забойстваў у Рынкебю захоўваўся адносны спакой. Але праз паўтара года адбылося чарговае забойства: у піцэрыі застрэлілі мужчыну. І гэтае забойства зноў стала вынікам канкурэнцыі мясцовых банд.

Але да таго часу гвалт выплеснуўся на іншыя часткі краіны: Мальмё, Гётэборг, меншыя гарады. Паводле даных паліцыі, у 2022 годзе кожная другая ахвяра страляніны пражывала па-за межамі трох найбуйнейшых гарадоў краіны. Раней гэты паказчык складаў толькі каля 35%. Банды пашырылі сваю дзейнасць на ўсю тэрыторыю краіны.

Скрын відэа: Euronews.com

У чым прычына росту злачыннасці?

Нягледзячы на ўзмацненне заканадаўства аб кантролі над зброяй і павелічэнне фінансавання паліцыі, тагачасны ўрад, большасць у якім складалі сацыял-дэмакраты, не змог спыніць рост злачыннасці. Правыя нацыяналісты з партыі «Шведскія дэмакраты» здолелі выкарыстаць гэта ў перадвыбарчай кампаніі, звёўшы ўсю праблему да міграцыі і няўдалай інтэграцыі.

Да 2015 года Швецыя мела адзін з самых ліберальных міграцыйных рэжымаў у свеце, але крызіс вымусіў перагледзець гэтую палітыку. «Шведскія дэмакраты» сталі другой па сіле партыяй у краіне, а цяпер падтрымліваюць правацэнтрысцкі ўрад і ўплываюць, перш за ўсё, на міграцыйную палітыку.

Аднак органы бяспекі разглядаюць праблему шырэй. Яны бачаць прычыны росту гвалту ў спалучэнні сацыяльнай ізаляцыі, адсутнасці інтэграцыі, павелічэння разрыву паміж багатымі і беднымі і рэзкага росту спажывання наркотыкаў.

Так лічыць і Дыямант Салігу (Diamant Salihu) — адзін з самых вядомых шведскіх крымінальных рэпарцёраў, які ўжо больш за дзесяць гадоў даследуе гвалт у краіне. Ён аўтар некалькіх кніг пра шведскія банды, у тым ліку пра канфлікт у Рынкебю.

Як сцвярджае Салігу, ён размаўляў з дзясяткамі людзей, якія так ці інакш былі ўцягнутыя ў бандыцкія разборкі ў Рынкебю, у тым ліку з сем'ямі забітых або асуджаных членаў банд. На яго думку, прычына гвалту ў спалучэнні сацыяльных праблем і палітычных няўдач.

Жыллёвая палітыка Швецыі прывяла да таго, што людзі з мігранцкім паходжаннем амаль не маюць шанцаў выехаць з сацыяльна праблемных раёнаў. Жыллё ў цэнтрах гарадоў дарагое, а чарга на атрыманне лепшага сацыяльнага жытла можа доўжыцца дзесяцігоддзямі. Тыя ж, хто мае сродкі — найперш этнічныя шведы — даўно пакінулі гэтыя раёны.

Салігу, які з сям’ёй уцёк з Косава ў Швецыю ў 1991 годзе, можа пацвердзіць гэта з уласнага досведу. Ён лічыць сацыяльную сегрэгацыю найбольшай перашкодай у інтэграцыі мігрантаў.

«Я сам вырас у раёне накшталт Рынкебю, але тады там яшчэ жылі шведскія сем’і, з якімі можна было камунікаваць. Школы былі змяшанымі. Я хутка вывучыў шведскую і завёў новыя кантакты», — тлумачыць ён.

Але з таго часу сацыяльны разрыў павялічыўся, а прыватызацыя сістэмы адукацыі Швецыі прыводзіць да таго, што моладзь з пераважна мігранцкіх раёнаў мае нізкія стартавыя магчымасці.

У дадатак — у мусульманскіх сем’ях дзяцей часта аддаюць у рэлігійныя школы або бяруць з сабой у доўгія паездкі на радзіму. У выніку яны павольней вывучаюць шведскую мову, многія не заканчваюць школы, трапляюць на вуліцу, дзе прадаюць наркотыкі — і, урэшце, альбо сядаюць у турму, альбо гінуць.

Што рабіць?

На працягу доўгага часу шведская дзяржава амаль не прысутнічала ў такіх уразлівых раёнах, як Рынкебю. З пачатку 2000-х як сацыял-дэмакраты, так і кансерватары скарацілі фінансаванне, скасавалі сацыяльныя паслугі, а за два гады да пачатку смяротных гангстарскіх канфліктаў нават закрылі мясцовы апорнік паліцыі.

Асабліва турбуе тое, што як ахвяры, так і злачынцы становяцца ўсё маладзейшымі. Пасля пасадкі старэйшых бандытаў утварыўся вакуум улады, які занялі маладыя злачынцы. Яны цяпер вядуць крывавую вайну за дамінаванне.

Забойствы на замову і атакі на супернікаў — хуткі спосаб падняцца ў бандыцкай іерархіі.

Раскрывальнасць забойстваў сярод непаўналетніх складае ад 20 да 25 працэнтаў, і непаўналетнія правапарушальнікі звычайна трапляюць у турму толькі на два-тры гады. Для многіх гэта прывабная рызыка.

Яшчэ пры сацыял-дэмакратах былі прыняты меры па ўзмацненні барацьбы з гвалтам. Цяперашні правацэнтрысцкі ўрад і саюзныя з ім «Шведскія дэмакраты» працягваюць гэты курс. Акрамя мер па ўмацаванні паліцыі, абмяркоўваецца закон, падобны да таго, што быў прыняты ў суседняй Даніі, які падвойвае пакаранні за злачынствы, звязаныя з дзейнасцю ў бандыцкім асяроддзі.

Праз пяць гадоў пасля першай эскалацыі ў Рынкебю адкрыўся новы паліцэйскі ўчастак. Ён пабудаваны як крэпасць: уваход праз некалькі ахоўных брам, вокны куленепрабівальныя, сцены пакрыты жалезнымі пласцінамі.

У раёне таксама актывізаваліся сацыяльныя службы. У выніку ўсіх гэтых захадаў узровень злачыннасці ў некаторых найбольш гарачых месцах сапраўды знізіўся. Аднак жанчыны працягваюць збірацца на свае начныя патрулі.

«Калі мы пакінем гэта пакаленне сам-насам з праблемамі, гвалт ніколі не скончыцца», — кажа адна з іх.

Каментары30

  • Ляпідарны Геній
    21.07.2025
    Швецыя, канешне, геніяльная краіна: зачыненыя (ці зьлёгку прыадчыненыя) дзьверы для беларусаў, малдаванаў, украінцаў (да вайны), а для афрыканскіх мусьлімаў ня тое што дзьверы, вокны паадчынялі.
  • Вавилон
    21.07.2025
    В чем проблема взять их скопом и депортировать? Или это уже фошизм?
  • Каламут
    21.07.2025
    Ляпідарны Геній, усё так, ды не так. Швецыя дае прытулак, калі людзі бягуць ад вайны. Калі вайны няма, то ўсё вельмі складана.

    У Афрыцы і на Блізкім Усходзе шмат дзе ваююць. У Беларусі лукашысцкі тэрор, але ж на вуліцах не страляюць. Таму шведская міграцыйная служба цяжка ўспрымае беларускія кейсы.

    Ну і не толькі муслімаў, як вы кажаце, прытуляе Швецыя. Войны і ў Еўропе бываюць. Цяпер у краіне шмат украінцаў, раней туды ехалі з крывавых Балкан. Праверачнае слова - Златан Ібрагімавіч.

Цяпер чытаюць

«Дзе былі органы апекі?» Хатнім тыранам, які забіў сваю жонку ў Мазыры, аказаўся аператар НПЗ5

«Дзе былі органы апекі?» Хатнім тыранам, які забіў сваю жонку ў Мазыры, аказаўся аператар НПЗ

Усе навіны →
Усе навіны

«МЛ Віцебск» стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе

Што зменіцца ў працы маршрутак — асноўныя новаўвядзенні5

Былы брамнік Генадзь Туміловіч застаўся ў Ізраілі без працы і трапіў у чорныя спісы банкаў8

Беларусь засыпала снегам ВІДЭА

Хлопец атруціўся падчас рамантычнай вячэры ў рэстаране. І змог дабіцца кампенсацыі ў 1100 рублёў2

Адкуль на шапках узяўся пампон?3

У Беразіне мужчына з нажом напаў на міліцыянера і ўцёк у лес26

За кармушку за акном вас могуць аштрафаваць на 840 рублёў. Тлумачыць юрыст26

Уладзімір Някляеў. Адзінота. Новая паэма7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзе былі органы апекі?» Хатнім тыранам, які забіў сваю жонку ў Мазыры, аказаўся аператар НПЗ5

«Дзе былі органы апекі?» Хатнім тыранам, які забіў сваю жонку ў Мазыры, аказаўся аператар НПЗ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць