Грамадства11

«Сказалі, што прастрэляць калені». Гісторыя палітвязня, асуджанага за кінутую бляшанку з-пад энергетыка, калі яму было ўсяго 17

Ілля быў асуджаны да трох з паловай гадоў паводле гучнай «пінскай справы». Масавымі беспарадкамі на паслявыбарчай акцыі пратэсту, на той момант 17-гадовага пінчука, расцанілі кінутую ў бок міліцэйскага кардону пустую бляшанку з-пад энергетыка і спробу зламаць дрэва. Пацярпелых не было. А вось за збіццё, якое Ілля перажыў у ноч на 10 жніўня 2020 года, ніхто так і не адказаў.

Хлопец паступіў пасля школы ў каледж, але яго затрымалі. У зняволенні ён паспеў ажаніцца і развесціся, адчуць сапраўдную падтрымку родных, і адначасова — поўнае бяссілле перад сістэмай. Яго прыніжалі, каралі за любую дробязь, кляймілі як «палітычнага» і трымалі ў карцарах ды ШІЗА ў сценах з цвіллю.

«Вясна» паразмаўляла з Іллём Боханам пра затрыманне ў ноч выбараў, баранавіцкае СІЗА, працу ў калоніі, ціск на палітвязняў і кантроль пасля вызвалення.

Падтрымаць Іллю фінансава

«Нас адводзілі ў пакой, дзе супрацоўнік у пальчатках біў людзей»

У жніўні 2020 года Ілля толькі скончыў школу. Паступіць атрымалася ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Але да пачатку студэнцкага жыцця ён не паспеў — пачаліся пратэсты.

«Я бачыў, што адбываецца вакол: як усе галасавалі за Ціханоўскую, усе былі за яе, як яна выязджала… Памятаю, я сядзеў у машыне, і пачуў па радыё, што зноў перамог Лукашэнка. Хоць у мяне самога яшчэ не было выбарчага голасу, было відавочна, што на выбарах мусіла перамагчы Ціханоўская. Ну і наогул надакучыла, як людзей зневажаюць, беззаконне вакол. Таму я вырашыў падтрымаць людзей і выйсці з імі на пратэсты».

У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, калі пачаліся масавыя пратэсты пасля выбараў, Ілля, які толькі паступіў у каледж, апынуўся сярод затрыманых:

«Пасля мітынгу людзі пайшлі па доўгай вуліцы. Многія ехалі на машыне, і мы таксама. Мы сігналілі з астатнімі ў падтрымку людзей, што ішлі пешшу. Калі мы заехалі ў двор, да нас адразу ж выехалі сілавікі. З аднаго боку — аўтазак, а з другога — легкавік. Супрацоўнікі адразу пачалі бегчы да нас, а мы не ўцякалі, бо ведалі, што нічога супрацьзаконнага не зрабілі. Але нас адразу пачалі круціць, заломваць рукі, паклалі тварам у капот і білі па нагах. Пасля гэтага нас пасадзілі ў машыну і павезлі ў пастарунак, каля якога нас чакалі супрацоўнікі ў масках. Адзін з іх схапіў мяне за галаву і заціснуў яе паміж сваіх каленаў. Ён пачаў сціскаць ўсё мацней і біць па спіне. Да яго далучыўся яшчэ адзін супрацоўнік. Потым мяне скруцілі і павялі ў пастарунак. Але скруцілі так, што мяне неслі за рукі».

Шлях уніз, у цір, апынуўся асабліва балючым.

«Калі мы спускаліся ў цір, то адзін супрацоўнік пачаў біць па мне каленам. На гэта яму другі сказаў: «Не бі, а то заб'еш!» Той перастаў. Мне надзелі кайданкі — заціснулі па-максімуме. Там мы ўсе сядзелі да раніцы. Да гэтага часу рукі анямелі ад кайданкаў.

Затым нас па адным чалавеку адводзілі ў пакой, дзе супрацоўнік у пальчатках біў людзей, а потым, проста як сабак, закідваў назад у цір. Людзі пасля такога не маглі ўзняцца нават. Калі супрацоўнікі казалі каму-небудзь з іх ўстаць, а чалавек не мог, то яго білі па нагах дубінкай.

Раніцай нас пачалі падымаць на кабінеты на допыты. Цэлы ўчастак быў забіты людзьмі. Некаторыя проста ляжалі на падлозе. Было столькі людзей, што было складана прайсці. Мяне падвялі да кабінета па справах непаўналетніх. Калі я чакаў, то да мяне падышоў супрацоўнік і сказаў, што ўсуне палку ў дупу, каб я сцёк крывёю… Ён нічога не зрабіў, а мяне завялі ў кабінет. Там праверылі мой тэлефон. На відэа, якія ў іх былі, я нічога не рабіў, таму адразу нічога прад'явіць мне не змаглі. Я быў непаўналетні, таму ў пастарунак выклікалі маю маму. Яна забрала мяне пад распіску дадому».

«Я не думаў, што мяне могуць пасадзіць»

Амаль год Ілля вучыўся ў каледжы, але ў маі 2021 года яго затрымалі. Гэта адбылося на другі месяц, як хлопцу споўнілася 18 гадоў.

«15 мая 2021 года я прачнуўся а шостай раніцы ад працяглага грукату ў дзверы. У вочку ўбачыў двух мужчын у цывільным адзенні. Я спытаў, хто яны, на што адказалі, што міліцыя. Калі я адчыніў дзверы, яны мне паказалі ордэр на ператрус. На мае пытанні, у чым справа, супрацоўнікі пачалі патрабаваць сцягі, пагражалі, што іх знойдуць… Я не разумеў, што адбываецца. Гэтыя супрацоўнікі былі ледзь не маімі аднагодкамі — вельмі маладыя! Я іх папрасіў зняць абутак хаця б — яны адмовіліся. Тады я сказаў, што іх не пушчу. Супрацоўнікі прапанавалі паехаць з імі падпісаць дакументы, а потым паабяцалі прывезці дадому. Але ў машыне яны ўжо пачалі пытацца пра ўдзел у пратэстах і маральна ціснуць і пагражаць, што я паеду ў турму».

Іллю адвезлі ў Следчы камітэт, дзе яны доўга чакалі следчага з Брэста:

«Прыехаў галоўны па Брэсцкай вобласці — Марціновіч. Калі мяне завялі ў кабінет, ён адразу сказаў, што мяне пад варту. Мне паказалі відэа, на якім я нібыта кінуў бляшанку ў бок міліцыі, хоць яна і не патрапіла ні ў каго. Тое, што я казаў, не хацелі слухаць — казалі, што буду на судзе пра гэта распавядаць. Так я апынуўся ў ізалятары».

Былы палітвязень распавядае, што калі былі затрыманні паводле «пінскай справы», у яго нават думак не ўзнікала, што ён таксама можа стаць яе фігурантам: «Я не ведаў, што здзейсніў нешта супрацьпраўнае. Я не думаў, што мяне могуць пасадзіць».

«На судах было смешна, але і крыўдна»

Іллю судзілі ў трэцяй партыі «пінскай справы». Яго абвінавачанне за «ўдзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК) заключалася ў тым, што ён кінуў у строй міліцыі алюмініевую бляшанку з-пад энергетыка. Аднак пацярпелага па справе не было. Са сведкаў-міліцыянтаў ніхто Бохана на судзе не пазнаў. Таксама яму ставілі ў віну тое, што ён падышоў да дрэва і пачаў нахіляць яго ў бок, каб зламаць, — але нічога не выйшла. У зале суда супрацоўнік «Зелянбуда» адзначыў, што дрэва выжыла, не зламалася. Аднак яго арганізацыя падрыхтавала пазоў, кошт дрэва ацэнены бухгалтэрыяй у 117 беларускіх рублёў. Гэтага аказалася дастаткова, каб абвінаваціць яго паводле ч. 2 арт. 293 КК.

«Гэтыя абвінавачванні смешныя. Я тады разумеў, што гэта ўсё для таго, каб проста мяне пасадзіць. На судах было смешна, але і крыўдна, вядома. Я разумеў, што судзяць мяне ні за што. Я спадзяваўся, што гэта калісьці скончыцца і мяне адпусцяць».

Былы палітвязень адразу ўзгадвае, што за ўсё зняволенне адзін раз пісаў памілаванне:

«У 2022 годзе ў калонію прыязджаў пракурор і сказаў, каб мы ўсе напісалі памілаванне, тады нас дадому адпусцяць. Але нас падманулі. Яшчэ адзін раз прапаноўвалі напісаць памілаванне ў 2024 годзе — за тры месяцы да майго вызвалення. Але я адмовіўся, бо і так выходзіў на волю».

Але, як прызнаецца Ілля, у яго заўсёды была надзея на датэрміновае вызваленне.

«Давалі зразумець, што лёгка сядзець не будзе» 

Былы палітвязень успамінае, што адчуванні ад СІЗА, калі ўпершыню туды трапіў, былі жудасныя:

«Мяне адправілі ў стары корпус баранавіцкага СІЗА — гэта як старая стайня. Было вельмі страшна. Там усё старое, смярдзючае, усюды цвіль. Былі незразумелыя адчуванні. Першы час я не разумеў, дзе знаходжуся. Было вельмі жудасна… Нас адразу пачалі саджаць у карцар — незразумела за што. Я прыехаў, а мяне праз тры дні ў карцар пасадзілі. Там чатыры сцяны, два метры — не ведаў, куды там сябе падзець, думаў, што з глузду з'еду там. Было вельмі складана. Там пастаянна прыніжалі, абражалі, адразу давалі зразумець, што лёгка сядзець не будзеш. На гэтых зэкаў глядзіш — страшна».

Хлопец узгадвае гісторыю сям'і Разановічаў з СІЗА, якая яго вельмі ўзрушыла:

«Я чуў, як крычала іх мама на ўсё СІЗА. Як Павел біў у дзверы, калі вялі маму кудысьці… Яе цягнулі, а яна плакала і крычала ад гора. Сын біўся ў дзверы і крычаў: «Мама, мама…» Мне расказвалі сукамернікі бацюшкі ды сына, якія чыталі іх справы, што людзей пасадзілі ні за што. Мне самому балюча чуць, як яна плача на ўсё СІЗА і крычыць: «Сын, муж». Я ў шоку быў, калі даведаўся, за што іх судзілі».

Ілля кажа, што ён адразу пасля затрымання адчуў да сябе прадузятае стаўленне, як да палітвязня:

«Далі бірку, спаць можна было толькі на другім ярусе. Пастаянна кідалі ў ШІЗА па надуманых нагодах. Напрыклад, я прыбраў камеру ў СІЗА ў Баранавічах, а яны пішуць у рапарце, што не прыбрана. У іншых зняволеных паводле звычайных артыкулаў такога не было, а ў нас [палітвязняў] увесь час».

«Мне пашылі вясельны касцюм — звычайную робу, але прыгожую»

Хлопец узгадвае, на судзе да апошняга не верыў, што яму прызначаць рэальнае пазбаўленне волі — ды яшчэ і тры з паловай гады:

«Я да канца спадзяваўся на адтэрміноўку. Мне адвакат казаў, што праз тое, што быў непаўналетнім на пратэсце, могуць прызначыць такое. Але калі я пачуў пра пакаранне ў тры з паловай гады — мяне ператрэсла».

У апошнім слове на судзе Ілля зрабіў прапанову дзяўчыне, з якой сустракаўся да затрымання, але шлюб у такіх умовах пратрымаўся каля года.

«Яна мяне чакала, прыходзіла на ўсе суды падтрымліваць. Я наважыўся зрабіць ёй прапанову, каб бачыцца ў калоніі на працяглых спатканнях. У лісце яна адказала, што згодная. У пачатку было ўсё нармальна. Улетку 2023 года мы распісаліся ў калоніі. На прамзоне за цыгарэты мне спецыяльна пашылі вясельны касцюм з кішэнямі — звычайную робу, але прыгожую. Яна была як быццам са шкла — блішчала. Таксама ў мяне былі турэмныя духі — кандыцыянер для бялізны Lenor я наліў у баначку ад кропель для носа. Такі спрэй выкарыстоўвалі як духі. Таксама за цыгарэты я падстрыгся — мне зрабілі мадэльную стрыжку. Распісвалі тады некалькі пар. Сведкам выступаў супрацоўнік калоніі, таксама была супрацоўніца ЗАГСа і яшчэ нейкі мужчына, які фіксаваў шлюб. Працэдура шлюбу ў калоніі прайшла вельмі хутка. У нас спыталі, ці згодныя мы, і ўсё. Потым жонак адправілі на вобшук перад доўгім спатканнем на два дні. Напэўна, гэта было лепшае ў гэтым вяселлі.

А потым мы разышліся — характары не сышліся. Я не хацеў яе стрымліваць. Яна хацела хадзіць кудысьці, а я не хацеў раўнаваць і сябе забіваць гэтымі перажываннямі. Так я зразумеў, што трэба разыходзіцца, бо толькі мне ад гэтага горш рабілася. Мы развяліся, калі я быў у калоніі. Я падаў заяву на развод у суд, але ў мяне яе не прынялі. Яна падала і мне толькі потым даслалі апавяшчэнне, што мы разведзеныя. Я цяжка гэта перажыў. Першы месяц наогул не ведаў, куды сябе падзець: хадзіў у смутку, думаў пастаянна пра гэта. Але з часам рабілася ўсё лягчэй, а пасля вызвалення наогул забыўся».

«З часам усё забаранілі для палітвязняў»

Свой тэрмін Ілля адбываў у бабруйскай калоніі. Умовы там ён называе жорсткімі. Але адзначае, што стаўленне да палітвязняў пагаршалася з часам:

«У 2022 годзе не так моцна прэсавалі, супрацоўнікі былі больш лаяльнымі да нас. Але з часам яны прыдумлялі нешта новае. Да майго вызвалення з палітвязнямі нельга было мець зносіны, нічога ў нас не браць і даваць таксама. Калі я заехаў у калонію, то яшчэ можна было адукацыю нейкую атрымаць, а потым ужо нельга. З часам усё забаранілі для палітвязняў: вучыцца, хадзіць у царкву, гуляць у футбол, хадзіць на курсы ангельскай. Некаторыя нават грошы за курсы ЕШКО заплацілі, але іх усё адно павыкрэслівалі. Гэтыя ўсе забароны былі напрыканцы 2023 — у пачатку 2024 года. Я нават не памятаю, якія падзеі тады адбыліся, каб так палітвязням пагоршылі становішча. Нам усяляк ўскладнялі жыццё. Днямі былы вязень, што нядаўна вызваліўся з бабруйскай калоніі, казаў, што цяпер там проста немагчыма сядзець — настолькі там кепскія ўмовы сталі. Проста жудасна».

Праз арышт у першы навучальны год Ілля так і не атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Хлопец дзеліцца, што ва ўмовах калоніі ён не хацеў атрымліваць адукацыю — для гэтага не было ніякай матывацыі. У калоніі наведваў бібліятэку — яго цікавілі гістарычныя кнігі:

«А потым з бібліятэкі пачалі прыбіраць нібыта «экстрэмісцкія» кнігі. Я трохі вучыў ангельскую, але потым і іх забралі. Таксама канфіскавалі з бібліятэкі кнігі на польскай мове. Сказалі, што гэта варожая краіна. У бібліятэцы не засталося нармальных кніг…»

«Брыгадзір адмаўляўся выдаваць палітвязням гуму»

Са словаў былога палітвязня, на прамзону яго не пускалі, ён перапрацоўваў гуму, якую прывозілі з «Белшыны»:

«На прамзону было вельмі складана трапіць, але некаторыя палітвязні там працуюць. А я хадзіў на ўчастак перапрацоўкі сырой гумы па тры гадзіны ў дзень.

Але брыгадзір адмаўляўся выдаваць палітвязням гуму. Ён казаў, што нам нельга даваць, таму мы мусім шукаць самі. Мы не маглі знайсці яе нідзе, таму ў нас заўсёды была не выкананая норма па гуме, за што адміністрацыя нас прэсавала. Норма была кілаграм, а мы маглі назбіраць на грам 300-400. Супрацоўнікі пыталіся пастаянна, чаму мы не рвем гуму, мы ім казалі, як ёсць, але ім было без розніцы. Пальчаткі выдавалі раз у месяц, якія рваліся за пяць дзён, а потым як хочаш, так і працуй. Працавалі мы ў вялікім двухпавярховым цаху — там зімой было вельмі халодна. Грошай за гэтую працу фактычна не плацілі. У месяц налічвалі капеек 50-60, але я ніколі не бачыў гэтых грошай».

«Якое б у цябе не было здароўе — ты пойдзеш на працу» 

Што тычыцца медычнай дапамогі ў калоніі, то Ілля падзяліўся гісторыяй, якая яскрава ілюструе ўсю сітуацыю:

«Памятаю, на футболе (калі яшчэ дазвалялі палітычным гуляць) я моцна падвярнуў нагу, яна вельмі моцна распухла. У траўмапункце дыягнаставаў расцяжэнне і далі мыліцы. Гэта была нядзеля, таму мне сказалі прыйсці ў панядзелак і ўзяць вызваленне ад працы. Але калі я прыйшоў туды на наступны дзень, лекар сказаў, што нічога мне ніхто даваць не будзе і каб я ішоў на працу. Якое б у цябе не было здароўе — ты пойдзеш на працу. Я да майстра падыходзіў, казаў, што мне складана будзе працаваць з мыліцамі, але ён сказаў, што калі няма вызвалення, то нічога зрабіць не можа.

Наогул у медчастцы на ўсе твае хваробы выдаюць ібупрафен. Калі толькі паміраеш, тады табе дадуць бальнічны. Зубны наогул адмаўляўся лячыць зубы — толькі вырываць. Кажаш, што баліць зуб, а ён адказвае, што не бачыць, каб у мяне нешта балела. У медчастцы не хацелі наогул лячыць: ні таблеткі, ні мазі, наогул нічога не выдавалі. Заўсёды адзін адказ: ібупрафен прапіць — і ўсё нармальна будзе.

Памятаю, мне доўгі час балеў страўнік. Я прыходзіў у медчастку, а яны мне ібупрафен выдавалі. Яго трэба было лекаваць, але яны нічога не рабілі».

«Спалі на голых дошках»

Са словаў Іллі, у калоніі існуе шмат метадаў ціску на палітвязняў:

«Нас пастаянна палохалі «крытай турмой», новай крымінальнай справай паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса і ШІЗА. Некаторых палохалі «петушатняй». Гэта ўсё рабілі аператыўнікі — па сутнасці, толькі яны вырашаюць, што з табой будзе ў калоніі.

Памятаю, у 2023 годзе аператыўнікі выклікалі ўсіх і пыталіся, ці лічым мы сябе палітычнымі зняволенымі і ці ведаем, што такое «Вясна». Пад канец тэрміну ў 2024 годзе мне прапаноўвалі зняцца ў прапагандысцкім інтэрв'ю — казалі, што прыедзе нейкая Гладкая, але я не ведаю, хто гэта такая. Я сказаў, што мне гэта нецікава і адмовіўся. Мне нічога за гэта не было».

Як узгадвае былы палітвязень, аператыўны супрацоўнік пагражаў яму зрабіць больш жорсткім рэжым — перавесці на «крытую»:

«Але яны не паспелі, бо мне заставалася толькі тры месяцы да вызвалення».

Ілля расказвае, што ў бабруйскай калоніі вельмі часта палітвязняў змяшчаюць у штрафныя ізалятары з надуманых нагодаў. Апошні раз — перад вызваленнем — Ілля адбыў у ШІЗА 42 сутак за тое, што нібыта хацеў з кімсьці ў атрадзе адсвяткаваць свой дзень нараджэння.

«Мне выпісалі рапарт за тое, што нібыта паводле вопісу не хапала рэчаў. Хоць рэжымнік сказаў, што ўсё адпавядае, але проста трэба выпісаць парушэнне. Калі мяне вялі на пакаранне, начальнік калоніі спытаў, колькі мне дзён засталося да вызвалення. Мне тады заставалася 44 дні. Ён сказаў сядзець ціха, і тады мяне ніхто чапаць не будзе. Праз два дні па мяне прыйшоў аператыўнік. Мяне павялі на прыём да начальніка. Мне паставілі ў віну, што я нібыта размаўляў матамі з начальнікам атрада. Сказалі пацвердзіць гэта, і тады праз 10 сутак мяне выпусцяць. Але мяне не выпусцілі да канца тэрміну.

Камеры ШІЗА знаходзяцца ў падвале. Памерам яны тры-чатыры крокі. У камеры вельмі смярдзіць і ўсюды цвіль. Там вельмі холадна. Падлога ў камеры драўляная, і па ёй пастаянна бегалі ад волкасці нейкія маленькія казуркі. Ложак там прыбіты да сцяны, мы спалі на голых дошках. Нам не давалі ні коўдры, ні падушкі. Я якраз быў у міжсезонку, калі адключылі ацяпленне і забралі целагрэйкі, якія выдавалі на ноч. Таксама забралі тэрмабялізну, таму спалі ў адной робе. Я не ведаю, як я гэта вытрымаў… Першыя 15 дзён я думаў, што з глузду з'еду. Потым я зразумеў, што мне проста трэба пацярпець да вызвалення. І так справіўся».

Ілля ўспамінае, што ў ШІЗА і ПКТ трымалі ў сакавіку-красавіку 2024 года Эдуарда Бабарыку, фігуранта «пінскай справы» Ігара Салаўя.

«Камеры ШІЗА забітыя палітычнымі. Звычайных зняволеных там сустрэнеш не так часта. Туды адпраўляюць за ўсё: за тое, што пагаварылі, за тое, што гарбаты папілі, і проста за тое, што ты палітычны…»

«Першую ноч я не мог заснуць — баяўся прачнуцца ў калоніі» 

Вызваляўся Ілля з калоніі проста з ШІЗА, таму не было магчымасці ні з кім развітацца. Але і за гэта могуць пакараць іншых зняволеных, адзначае хлопец.

«На ранішняй праверцы мне сказалі рыхтавацца. Я вызваляўся з іншым палітвязнем. Мы сядзелі ў клетцы гадзіны дзве і чакалі выхаду. Перад выхадам у нас абшукалі ўсе рэчы, што ў нас былі. У мяне былі наогул усе рэчы з калоніі, бо не было магчымасці раздаць іх — іх проста прынеслі мне, бо я быў у ШІЗА. Нас зверылі па дакументах і адпусцілі. Я выйшаў, а там родныя чакаюць. Нават не верылася, што еду дадому. Наогул не верылася».

Хлопец успамінае, што перш за ўсё дома ён прыняў ванну з «бомбачкай»:

«Я проста чмурэў і не верыў, што дадому вярнуўся. Першую ноч я не мог заснуць — баяўся прачнуцца ў калоніі. Думаў, што гэта ўсё сон».

«Сказалі, што прастрэляць калені»

Пасля вызвалення ў красавіку 2024 года былому палітвязню вызначылі «прэвентыўны нагляд» на два гады: з 22 да 6 гадзін трэба знаходзіцца па месцы рэгістрацыі, два разы на месяц адзначацца ў інспекцыі, не выязджаць за межы Пінска. Калі Ілля стаў на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, супрацоўнікі сілавых органаў устанавілі над ім поўны кантроль:

«Адразу пасля вызвалення я баяўся, што могуць прыйсці супрацоўнікі. Адразу да мяне прыехаў ГУБАЗіК. Пасля праверкі тэлефона яны сказалі, што калі яшчэ раз мяне заўважаць на такіх мерапрыемствах [акцыях пратэсту], то прастрэляць калені.

Потым мяне выклікалі ў КДБ, дзе пагражалі, што адправяць назад у турму, калі захочуць. У мяне ўвесь час правяралі тэлефоны, часта прыязджалі дадому і ладзілі ператрусы ў кватэры. Я ўвесь час быў пад іх кантролем. Мяне гэта палохала. Я баяўся, калі мне тэлефанавалі невядомыя нумары або званілі ў дзверы, а я нікога не чакаў. Часта супрацоўнікі прыходзілі раптоўна, без папярэджання. Яны не званілі нават у дамафон, а адразу ў дзверы грукалі. Заходзілі і казалі: «Давай сюды тэлефон на праверку». Потым мяне пачалі саджаць на «суткі» ў ізалятар, нібыта за парушэнні «прэвентыўнага нагляду». Апошні раз выпісалі штраф. Але калі мне выпісалі чарговае парушэнне за тое, што я нібыта не адчыніў дзверы супрацоўнікам, бо не знаходзіўся дома, я зразумеў, што трэба ўцякаць…

Я два тыдні хаваўся ў Пінску — мяне шукалі ўвесь гэты час. Увесну гэтага года я экстранна з'ехаў у Грузію, адкуль трапіў у Польшчу. Мяне абвясцілі ў вышук, але цяпер я адчуваю сябе ў бяспецы».

Ілля адзначае, што, калі б ён не пакінуў Беларусь, то яго зноў прыцягнулі б да крымінальнай адказнасці за парушэнне рэжыму і зноў адправілі ў турму. Але праз пяць гадоў, тры з якіх ён правёў за кратамі, кажа, што не шкадуе, што тады падтрымаў пратэст.

Каментары1

  • Кальян
    13.06.2025
    Мужичок

Цяпер чытаюць

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране1

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Праз некалькі тыдняў пасля сутак у ІЧУ памерла 66-гадовая жанчына з анкалогіяй. Яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь8

У Маладзечне 13-гадовая дзяўчынка закахалася ў 16-гадовага старшакласніка. Усё скончылася сумна14

Самалёт з Мінска ў Дубай экстранна сеў у Баку

Ізраільскія СМІ: ядзерны рэактар у іранскім Натанзе знішчаны дашчэнту12

Каму з беларускіх дзяцей нельга вучыцца за мяжой? Мінадукацыі пракаментавала нашумелы закон3

Прапагандыст Ігар Тур вырашыў перасяліцца бліжэй да Астрашыцкага Гарадка20

Ціханоўская пра кейс Мельнікавай: Сітуацыя страшная32

У Польшчы затрымалі афганца, які думаў, што ён у Парыжы. Так яму сказаў праваднік, што суправаджаў ад мяжы Беларусі3

Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране1

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць