Беларус трапіў у рабства ў Дагестане. Калі ўцёк, трапіў на вайну — а цяпер ва ўкраінскі палон
26-гадовага Яўгена Камянкова шукалі ў Беларусі з 2022 года, а ў яго тым часам былі прыгоды ў Расіі.
У палон да ўкраінцаў трапіў 26-гадовы Яўген Камянькоў з Бабруйска. Сваю жыццёвую гісторыю ён расказаў праекту «Хачу жыць», які заахвочвае расійскіх вайскоўцаў здавацца ў палон.

Камянькоў выхоўваўся ў дзіцячым доме. Калі вырас, паехаў на заробкі ў Маскву. А ўрэшце апынуўся ў рабстве ў Дагестане. Выбрацца было складана, бо яго дакументы спалілі.
У Беларусі хлопца абвесцілі ў вышук, але знайсці не змаглі.
З Дагестана Яўген спрабаваў уцячы сем разоў. Калі нарэшце атрымалася, ён трапіўся паліцэйскім. Тыя адправілі яго ў прыёмнік-размеркавальнік для замежнікаў. Там прапанавалі выбар — ці на вайну, ці ў турму, а адтуль на вайну.
Урэшце Камянькоў апынуўся на фронце, пад Мар'інкай на Данбасе.
«Такія, як ён, у расійскай арміі звычайна трапляюць у «расходныя» падраздзяленні, дзе ідуць на штурм на мыліцах і інвалідных крэслах», — адзначае праект «Хачу жыць».
«Павярнуўся назад — расстралялі. Не выканаў загад — расстралялі. Пры мне «абнулілі» васьмярых, не лічачы ўкраінскага ваеннапалоннага… У маёй групе засталося 9 чалавек з 82», — расказвае Камянькоў.
Па словах Камянькова, яму цудам удалося выжыць пасля таго, як яго хацелі «абнуліць» свае ж з дапамогай FPV-дрона, калі ён ішоў да ўкраінскіх пазіцый здавацца. Украінцы аказалі яму неабходную медыцынскую дапамогу, за што ён ім вельмі ўдзячны і просіць прабачэння за тое, што прыйшоў на іх зямлю са зброяй.
Каментары