Навука і тэхналогіі22

Ці забярэ камп'ютар вашу працу і калі робаты пачнуць мыць за нас посуд? Распыталі эксперта пра штучны інтэлект

Сяргей Палевікоў — аўтар блога пра штучны інтэлект у медыцыне AI Health Uncut і суаўтар падкаста Digital Health Inside Out. Мы звярнуліся да яго з папулярнымі пытаннямі пра ШІ: ці варта ветліва размаўляць з ChatGPT, што не пад сілу камп'ютарам і калі чакаць паўстання машын.

Сяргей Палевікоў. Фота: Sergei Polevikov / Facebook

«Штучны інтэлект? Звычайная камп’ютарная праграма»

Што такое наогул штучны інтэлект?

«Гэта звычайная камп’ютарная праграма, якая нібыта набліжае нас да чалавечага інтэлекту і ў нейкі момант, напэўна, перагоніць яго. Штогод штучны інтэлект робіцца ўсё лепшым і лепшым, бо алгарытмы лепшаюць, вылічальная магутнасць расце.

Напрыклад, ёсць тэст Цьюрынга, ён быў створаны шмат гадоў таму [матэматыкам] Аланам Цьюрынгам. Ён вызначае, наколькі добры алгарытм і наколькі ён набліжаны да чалавечага інтэлекту. Шмат гадоў гэтыя алгарытмы былі далёкія ад таго, каб прайсці такія тэсты, а цяпер мы можам казаць, што яны моцна наблізіліся да чалавечага інтэлекту». 

Сяргей тлумачыць, што ў сённяшнім ШІ няма нічога прынцыпова новага — выкарыстоўваюцца тыя ж алгарытмы-трансформеры, якія прыдумалі яшчэ некалькі гадоў таму. 

Калі вельмі спрасціць, трансформеры — гэта праграмы, якія чытаюць тэкст ці іншыя тыпы даных (напрыклад, малюнкі ці аўдыя) не па парадку, а ўсё адразу, і спрабуюць зразумець, якія фрагменты важныя і як яны звязаныя паміж сабой. Дзякуючы гэтаму трансформер можа падказаць, які будзе наступны параграф або, калі ў тэксце прапушчаныя словы, сказаць, што там прапушчана.

Сёння, калі кажуць пра штучны інтэлект, звычайна маюць на ўвазе нейрасеткі. Яны пачалі працаваць з нелінейнымі працэсамі — цяпер гэта прасцей, бо ў апошнія гады вельмі вырасла вылічальная магутнасць камп’ютараў і аб’ём іх памяці.

«Лінейны працэс — гэта калі ты прачынаешся і штодзень робіш адно і тое ж, прадказальныя рэчы, але ў большасці людзей жыццё непрадказальнае. Ты прачынаешся, ідзеш па дарозе, і раптам машына цябе апырскала брудам — гэта бліжэй да нелінейных працэсаў.

Раней алгарытмы дапамагалі ў больш простых працэсах — напрыклад, калькулятар вырашае простыя матэматычныя заданні. Але, бывае, на вытворчасці трэба вырашаць шмат нелінейных пытанняў, дапусцім, станкі ламаюцца на заводах. Цяпер нейронкі лепш з гэтым дапамагаюць», — па-простаму тлумачыць Сяргей.

«Камп’ютар не ўсведамляе, наколькі ветліва вы з ім гутарыце»

Для мільёнаў людзей ШІ набыў аблічча праграмы ChatGPT — чат-бота, які дапамагае з побытавымі, прафесійнымі і нават псіхалагічнымі праблемамі. Але, кажа Сяргей, па сваёй сутнасці ChatGPT — гэта проста вельмі разумны калькулятар. 

Шмат хто камунікуе з ChatGPT падкрэслена ветліва. Наколькі гэта абгрунтавана?

«Насамрэч камп’ютар не ўсведамляе, наколькі ветліва вы з ім гутарыце. Магчыма, могуць з’явіцца праграмы, якія ацэньваюць ветлівасць, і ад гэтага будзе залежаць іх стаўленне да карыстальніка, але ChatGPT пакуль што гэта не робіць», — каментуе Сяргей. 

Некаторыя ўжо карыстаюцца ChatGPT як уласным псіхолагам і дарадцам у асабістых пытаннях. Тут ёсць свае мінусы, падкрэслівае Сяргей:

«Праблема ў тым, што ў інтэрнэце нічога не знікае, нельга націснуць кнопку «выдаліць» — і ўсё. Заўжды ёсць шанс, што нешта застанецца. Напрыклад, нядаўна збанкрутавала кампанія 23andMe. Яна збірала ДНК у людзей, каб дапамагчы ім знайсці сваякоў ці нешта падказаць па здароўі. Але ў яе засталіся ўсе даныя людзей, і невядома, што з імі будзе. 

Але за межамі бяспекі пытанне ў тым, што зручна для людзей. Гэта як з Google, да якога людзі прывыклі і цяпер гугляць там усё, што ім прыйдзе ў галаву. Гутаркі з нейрасеткамі таксама застаюцца на серверах у кампаній. Напэўна, з часам людзі будуць ставіцца да гэтага больш нядбайна і пачнуць больш давяраць чат-ботам».

Фота: pexels.com

Менш ведаў пра жыццё, чым у 7-гадовага дзіцяці

Складана прадказаць, чаго дасягне ШІ праз 100 гадоў. Але можна прааналізаваць, у чым ШІ будзе складаней замяніць чалавека на бліжэйшыя паўстагоддзя.

Найперш — у сферах, дзе важная чалавечая сувязь.

«Напрыклад, можа быць складана замяніць артыстаў, комікаў. ChatGPT таксама цяпер можа прыдумляць жарты, але тут гаворка пра чалавечую сувязь. 

Наколькі бачу, вельмі складана будзе замяніць медсясцёр, таму што пацыенты гэтага проста не прымуць. Мне здаецца, у медыцыне распаўсюд ШІ зойме больш часу, чым у іншых сферах. Зразумела, што ШІ будуць выкарыстоўваць для аўтаматызацыі розных рэчаў, медыцынскіх запісаў. Але на тое, каб замяніць чалавечую сувязь, трэба больш часу».

Што да рынку працы, то людзі схільныя перавучвацца. А новыя тэхналогіі могуць ствараць працоўныя месцы: напрыклад, спатрэбяцца спецыялісты, каб працаваць з штучным інтэлектам.

Кадр са светлавой інсталяцыі «Дуга» аўтарства Арвідаса Буйнаўскаса & fume. Фота: «Наша Ніва»

Вакол ШІ ёсць шмат страхаў. Адзін з іх — што штучны інтэлект здолее паўстаць супраць людзей. Дык ці чакаць нам паўстання машын?

Сяргей у гэта не верыць, але адзначае: ён і не знаходзіцца ля вытокаў адпаведных праграм ШІ. Рэч у тым, што камп’ютары яшчэ і блізка не дайшлі да таго ўзроўню, пры якім можна пра такое казаць: 

«На сёння большасць гэтых праграм, напэўна, маюць менш ведаў пра жыццё і разумення, чым 7-гадовае дзіця. Хаця зразумела, што ў нейкіх сферах, у той жа матэматыцы, камп’ютар будзе ведаць болей. І па-другое, людзі самі стварылі ўсе гэтыя праграмы і кантралююць іх. 

Цяпер пачалася вялікая хваля, калі сам штучны інтэлект пачынае праграмаваць, але пакуль што гэта праграмы вельмі нізкага ўзроўню. Магчыма, гадоў праз 50 ШІ стане небяспечны, але пакуль што я ў гэта не веру».

Сяргей называе, у чым камп’ютарам будзе вельмі няпроста дацягнуцца да людзей. Калі ў плане інтэлекту яны наблізяцца да чалавечага ўзроўню ці стануць лепшымі за нас, то набыць здольнасць да адносінаў накшталт чалавечых — напрыклад, да кахання ці сэксуальных адносінаў — нашмат складаней.

Таксама будзе цяжка імітаваць у камп’ютары інтуіцыю, бо ёй складана навучыць праз трэніроўкі на нейкіх даных. А яшчэ ШІ можа рабіць вельмі простыя памылкі. Ёсць нават такая з’ява, як галюцынацыя нейрасеткі, калі той жа ChatGPT упэўнена выдае хлусню.

Калі робаты будуць мыць посуд і прыбірацца дома замест нас?

Чаго чакаць далей ад ШІ? Вось меркаванне Сяргея:

«Цяпер у ШІ ўкладаюць вельмі шмат грошай, таму і далей у сферы будзе прагрэс. Але ўсё будзе адбывацца за кошт развіцця мікрапрацэсараў, памяці, вылічальнай магутнасці, пабудуюць шмат новых цэнтраў для апрацоўкі інфармацыі.

Мяркую, узровень прагрэсу на трансформерах хутка скончыцца. У нейкі момант спатрэбяцца новыя алгарытмы, таму што з той жа вылічальнай магутнасцю і з лепшым алгарытмам можна рабіць нашмат лепшыя рэчы».

Сяргей расказвае пра рэчы, якія яго захапляюць у цяперашнім развіцці ШІ. Кавід спрыяў таму, што людзі сталі выкарыстоўваць штучны інтэлект у медыцыне і распрацоўваць новыя лекі нашмат хутчэй, чым раней. У арганізме чалавека адбываецца шмат нелінейных працэсаў, і алгарытмы ШІ вельмі добра пасуюць для працы з імі.

Робаты, якія выкарыстоўваюць ШІ, становяцца разумнейшымі. Напрыклад, гэта робаты, якія дапамагаюць у хатняй працы і могуць узяць на сябе рэчы, якія людзям не вельмі падабаецца рабіць, накшталт мыцця посуду. Вось толькі спатрэбіцца час, каб гэтыя робаты патаннелі і сталі даступныя шараговым спажыўцам.

Сяргей прызнае, што ён — тэхнааптыміст. Больш за тое — яму б хацелася, каб такое стаўленне да тэхналогій сустракалася часцей, а людзі рабіліся больш пісьменнымі ў сферы ШІ.

«Мне здаецца, шмат у каго развіваецца непрыязнасць да камп’ютараў і штучнага інтэлекту, але не заўжды гэта апраўдана. Я б хацеў, каб людзі больш вывучалі пра гэта — магчыма, тады будзе больш даверу да гэтых алгарытмаў і іншых вынаходніцтваў, якія цяпер з’яўляюцца ў нашым жыцці. Збольшага ўсе яны дапамагаюць чалавецтву.

Напэўна, трэба і дзецям пра гэта расказваць. Бо чым раней чалавека будуць да гэтага прывучаць, тым больш рознабаковы ён будзе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Human AI
    05.05.2025
    У мяне ёсць пасудамыйка. Мые посуд выдатна. Нахалеру для гэтага робат? Каб састаўляў посуд у пасудамыйку?
  • Пеця"смотрящий за киборгами" Капусцин
    05.05.2025
    йа, як эксперд па машынерыи, скажу вам чэсна, в калхозе яны точна не будуць рабиць, бо не работаюць на спирту, и их ляхко сламаць гаечным ключом

Цяпер чытаюць

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці1

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці

Усе навіны →
Усе навіны

Што са школьнай ежы дзецям падабаецца?1

Міністр Маркаў заявіў, што да 2020 года яны цярпелі незалежныя медыя, а цяпер надзвычай патрэбна цэнзура25

Ракета з Емена ўпала на тэрыторыі аэрапорта Бэн-Гурыён у Ізраілі5

Прынц Гары прапанаваў бацьку памірыцца, але кароль «раздражнены і злы» не адказаў2

Лэдзі Гага дала бясплатны канцэрт у Рыа-дэ-Жанэйра для 2 млн чалавек5

Пуцін патлумачыў, чаму вайна з Украінай не пачалася ў 2014 годзе14

Кіроўца каршэрынга Bolt пратараніў агароджу на літоўскай мяжы і быў затрыманы ў Беларусі5

З 1 верасня ў школах забароняць тэлефоны34

Крысціна Арбакайце, якой забаранілі ўезд ў Латвіі, будзе судзіцца11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці1

Новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць