Літаратура33

«Ён забыўся, што ў нашай краіне час — нішто». Класічны кітайска-амерыканскі бестсэлер выйшаў па-беларуску

Чым беларускаму чытачу можа быць цікавая кніга пра традыцыйную кітайскую сям’ю? Расказвае Зося Лугавая.

«Вецер з Усходу, вецер з Захаду» — гісторыя сутыкнення традыцыйнага кітайскага свету з прагрэсіўным заходнім на прыкладзе адной заможнай кітайскай сям’і. Кнігу называюць сямейнай сагай, хаця па цяперашніх мерках яна вельмі сціплага памеру: 160 старонак. Ці можа сучаснага чытача зацікавіць кніга, якой хутка сто гадоў? Што яна можа яму прапанаваць? 

Пэрл Бак (Pearl Buck) — гэта вядомая амерыканская пісьменніца, Нобелеўская лаўрэатка 1938 года. Разам з бацькамі-місіянерамі яна доўгі час правяла ў Кітаі. Пэрл сталела ў кітайскім асяроддзі, і гэта дазволіла ёй глыбока зразумець кітайскі характар і лад жыцця. Анатацыя да кнігі сцвярджае, што нават самі кітайцы прызнаюць Пэрл Бак кітайскай пісьменніцай. 

Гэта кніга пра маладую жанчыну, якая раптам апынаецца на мяжы сутыкнення двух сусветаў: заходняга і ўсходняга, амерыканскага і кітайскага. Квэй-лан гадуецца ў традыцыйнай кітайскай сям’і, якая жыве так, як жылі продкі стагоддзямі. Але замуж яна выходзіць за мужчыну, які атрымаў заходнюю адукацыю. І ейны свет перакульваецца. 

Як не згубіць пры гэтым сябе? Як захаваць сваю ідэнтычнасць? Што новае і карыснае можна ўзяць для сябе з іншых культур? Усё гэта па-ўсходняму тонка закранаецца ў лаканічным, але цэльным і глыбокім тэксце Пэрл Бак. 

Квэй-лан становіцца мастком паміж старым і новым сусветамі, расказвае пра паступовыя перамены ў сабе, у адносінах з мужам і з сям’ёй. Адметна, што ні яна, ні муж не рвуць сямейныя сувязі радыкальна, што ў цяперашнім індывідуалістычным свеце — звыклы сцэнар. Цярплівасць, з якой маладая сям’я адракаецца таго, што лічыць непрымальным (напрыклад, у гадаванні дзяцей), але працягвае клапаціцца пра бацькоў, здзіўляе і кранае. Бывае, што і крыху раздражняе, але тут самы час прыгадаць, што гэта не проста іншая культура, але і зусім іншая эпоха. 

У беларускім перакладзе захоўваецца не зусім нашая інтанацыя: ён чытаецца лёгка, але добрае перадае, што мы маем справу з іншым менталітэтам і светабачаннем. У кнізе будзе багата такой экзотыкі, як уладкаванне традыцыйнага кітайскага дома (дзяленне на мужчынскі і жаночы двары), наяўнасць жонкі і наложніц (маці гераіні — Першая дама, а ёсць яшчэ Другая, Трэцяя і Чацвёртая), безумоўнае падпарадкаванне дзяцей бацькам, бінтаванне ног дзяўчатам і іх пакуты дзеля сумнеўнай прыгажосці. А яшчэ — надзвычайная важнасць хлопчыкаў, нязначнасць дзяўчынак і тое, што дзіця належыць усёй сям’і, а не толькі маці і бацьку. Спецыфічная адукацыя, умоўная медыцына, рытуальнасць жыцця. Махровы патрыярхат і амаль рабскае становішча прыслугі. Але пры гэтым вельмі тонкае ўспрыманне прыроды: колераў, гукаў, пахаў. Гераіня расказвае, што гадзіну сядзела ў садзе і слухала птушак, а пра свой узрушаны эмацыйны стан кажа: «Я кідаюся туды і сюды, як кволая сліва на ветры, занадта парывістым, каб яму супраціўляцца». 

Гэтая кніга нагадвае: мы мала ведаем пра іншых. Нават калі падаецца, што ведаем. Нават калі ўпэўненыя, што хутка зразумеем і здолеем адаптавацца. Мяркую, гэта гукнецца шмат каму з сённяшніх беларускіх эмігрантаў. У кнізе гэты аспект раскрываецца на прыкладзе брата Квэй-лан і яго амерыканскай жонкі, з якой ён вяртаецца дадому пасля вучобы ў ЗША. Братаў у сваім пратэсце ідзе далей, чым Квэй-лан і яе муж. Ён адмаўляецца заключаць шлюб, узгаднёны яшчэ пры нараджэнні, прывозіць чужынку і не падпарадкоўваецца бацькам. Па сутнасці, ён пачынае належыць нейкаму новаму і даволі ўмоўнаму свету. Ён не тут, не там, а недзе па-над тагачаснымі ЗША і Кітаем. 

«На Захадзе ён прывык да таго, што любыя яго жаданні неадкладна выконваюцца. Ён забыўся, што ў нашай краіне час — нішто і што яго лёс можа застацца нявырашаным да самай смерці. Тут няма каго прыспешыць, каб паскорыць падзеі».

Амерыканка Мары, якая ўсім сэрцам хацела стаць часткай кітайскай сям’і мужа, мела вытрымку і цярпенне, у пэўны момант канстатуе: «Я назаўжды амерыканка». І кажа, што не можа стаць кімсьці іншым. Гучыць як напамін усім тым, хто спрабуе адмовіцца ад сябе ранейшага ва ўмовах эміграцыі.

У кнігі добры фінал з прысмакам лёгкага смутку, які нагадвае: штосьці старое мусіць адысці, знікнуць, саступіць месца новаму. Людзі, якія гадаваліся і жылі ў іншым укладзе, не заўсёды змогуць прыняць перамены. І гэтыя боль і расчараванне могуць прыспешыць іх смерць. 

«Для пажылых бацькоў надышлі бязлітасныя дні, калі кампраміс паміж маладымі і старымі немагчымы. Цяпер пакаленні аддзеленыя як ніколі. Нож новага часу адсякае галіну ад дрэва». 

Падчас чытання ў мяне ўзніклі паралелі з рэальнасцю, у якой існуюць беларусы. А разам з імі — багата пытанняў пра бацькоў і дзяцей. Ва ўсе часы існаваў разрыў, а то і канфлікт паміж пакаленнямі. Але што ў нашым канкрэтным выпадку? Якімі будуць беларускія дзеці, што цяпер нараджаюцца і гадуюцца на скрыжаванні культур у эміграцыі? Ці магчыма захаваць баланс паміж рознымі культурамі ўнутры аднаго маленькага чалавека? А што будзе з дзецьміі ўнутры аўтарытарнай Беларусі? Наколькі магчыма ўберагчы іх ад інтаксікацыі? І ці змогуць гэтыя сусветы паразумецца ў будучыні? Што мусім для гэтага рабіць мы? І ці робім?.. 

«У яго будзе свой уласны свет. Напоўніцу ён не будзе належаць ні Усходу, ні Захаду, а значыць, будзе адрынуты ўсімі, бо ніхто не зразумее яго. Але калі ў ім будзе сіла абаіх бацькоў, то ён спазнае абодва светы і так пераможа», — кажа Квэй-лан пра пляменніка, які народзіцца ў ейнага брата і амерыканкі Мары. Калі зірнуць крыху шырэй, то за дзвюма гэтымі бацькоўскімі фігурамі можна пабачыць краіны і культуры. І спадзявацца, што чужая культура здольная ўзбагаціць і ўзмацніць. Але толькі пры ўмове, што і сваёй ты не адракаешся. 

Пэрл Бак. Вецер з Усходу, вецер з Захаду. — Кракаў: Гутэнберг-паблішэр, 2025. Пераклад з англійскай — Кацярына Несцяровіч

Каментары3

  • .
    02.05.2025
    Беларускія дзеці эмігрантаў будуць (амаль) не беларускімі :( Школ практычна няма, дастатковай колькасці сяброў-беларусаў такога ж узросту побач - таксама.
    Прыклады ў папярэдніх хвалях міграцыі. Беларусы "рассеяны" па свету і па большасці губляюць самаідэнтыфікацыю.
    Якія-небудзь шанцы былі б, калі б здолелі арганізоўваць свае "гета" або этнічныя анклавы. Аднак такое практыкавалася ва "ўсходніх" народах, у яўрэяў. Заходнія нацыі занадта індывідуалістычныя.
    Штосьці дасі інтэграцыя і камунікацыя ў інтэрнэце, але ў яе свае абмежаванні.
    А дзеці ў Беларусі будуць "мясам" для чарговага эксперыменту. Раней атрымалі прадукт "савецкі чалавек", зараз тыя ж падыходы на новым узроўні. Нават калі сам чалавек унутры здолее вырасці свабодным, дзяржава і карнікі будуць усё роўна трамваваць псіхіку. І грамадства з паломанымі механізмамі сувязей і ініцыятыў будзе (ужо ёсць) хворым.
  • Mikola
    05.05.2025
    Škada, što u Gutenberg Publisher niama e-bookau
  • Anatol Starkou
    06.05.2025
    Mikola, Шкада. А я тры хвіліны таму знайшоў ксёнжку East Wind, West Wind - The Saga of a Chinese Family by Buck, Pearl S., і спампаваў яе. Почти новая. 1930 года выпуска.

Зянковіч назваў імя правакатара, з якога пачалася справа змоўшчыкаў супраць Лукашэнкі. Яго кар'ера цяпер пайшла ўгару19

Зянковіч назваў імя правакатара, з якога пачалася справа змоўшчыкаў супраць Лукашэнкі. Яго кар'ера цяпер пайшла ўгару

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь атрымала афіцыйнае паведамленне ад польскага боку пра адкрыццё мяжы

Расійскі чыноўнік уцёк з-пад канвою ў судзе і схаваўся ў консульстве Арменіі. Гісторыя скончылася трагічна3

Ціханоўская сустракалася з Келагам у Нью-Ёрку6

Snoop Dogg згадзіўся правесці канцэрт у Расіі5

Рэкламны банер з Аляксандрам Глебам павесілі на тым скрыжаванні ў Мінску, дзе ён стаў удзельнікам смяротнай аварыі12

Наўроцкі ў ААН назваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прыярытэтам Польшчы5

Прызнанне палесцінскай дзяржавы: ЗША застаюцца адзінай сілай, чый голас будзе мець вырашальнае значэнне15

«Рэйв на заводзе». Зумеры падымаюць продажы беларускіх прадпрыемстваў, здымаючы вірусны кантэнт14

Зяленскі назваў умову вылучэння Трампа на Нобелеўскую прэмію3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зянковіч назваў імя правакатара, з якога пачалася справа змоўшчыкаў супраць Лукашэнкі. Яго кар'ера цяпер пайшла ўгару19

Зянковіч назваў імя правакатара, з якога пачалася справа змоўшчыкаў супраць Лукашэнкі. Яго кар'ера цяпер пайшла ўгару

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць