«Байсол» маёй эвакуацыяй не займаўся». Два палітвязні выказалі прэтэнзіі Стрыжаку, той адказаў
Былых зняволеных абурылі неадназначныя допісы кіраўніка «Байсола» ў сацсетках.

Былы палітвязень Уладзь Ефімовіч заявіў, што кіраўнік фонду салідарнасці «Байсол» Андрэй Стрыжак напісаў у сваіх сацсетках пра яго, Уладзя, эвакуацыю, і з допісу складваецца ўражанне, што гэта менавіта «Байсол» яго эвакуяваў, у той час як насамрэч фонд не меў аніякага дачынення да выезду хлопца з Беларусі. Падобную гісторыю распавёў яшчэ адзін беларускі палітвязень. «Белсат» паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі і папрасіў Андрэя Стрыжака яе пракаментаваць.
«Уладзь Ефімовіч эвакуяваны»
7 красавіка гэтага года на фэйсбук-старонцы Андрэя Стрыжака з’явіўся пост: «Уладзь Ефімовіч эвакуяваны. Наступілі на руку і зламалі тры пальцы, білі электрашокерам у пах. Малады хлопец трапіў у турму за ўдзел у суполцы, дзе дзяліўся відэа расейскай вайсковай тэхнікі і абмяркоўваў партызанскую вайну ў Беларусі. Адсядзеў увесь тэрмін і звярнуўся па дапамогу ў эвакуацыі да «Байсола». Дапамагчы нашай камандзе ратаваць людзей тут (далей ідзе спасылка — НН)».
Падобны пост быў апублікаваны таксама ў інстаграме. І пад ім Уладзь пакінуў каментар: «Вы, Андрэй, і «Байсол» маёй эвакуацыяй не займаліся!» Хлопцу ніхто не адказаў. Відэа з Уладзем, на якім ён таксама заяўляе, што «Байсол» не эвакуяваў яго, аднак прыпісаў сабе гэта, з’явілася ў сацсетках адной беларускай журналісткі. Сваю гісторыю былы палітвязень апавёў таксама «Белсату».
Уладзь быў затрыманы 15 лістапада 2022 года. Яго асудзілі да трох з паловаю гадоў зняволення паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Беларусі: 361-1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім», 361-4 — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Уладзіслаў Ефімовіч — адзін з пяці затрыманых у пачатку лістапада 2022 года ўдзельнікаў закрытага чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», што МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем». Са словаў самога хлопца, ён здымаў расейскую вайсковую тэхніку ў Беларусі, перадаваў звесткі ў «Беларускі Гаюн», а таксама супрацоўнічаў з украінцамі.

«Няма часу чакаць візу, бо неўзабаве затрымаюць»
Маладзён выйшаў на волю 20 студзеня 2025 года паводле памілавання з увагі на хваробу, аднак ужо праз два тыдні зразумеў, што неўзабаве зноў можа быць затрыманы, і пастанавіў, што трэба з’язджаць.
«Да мяне прыходзіў крымінальны вышук. Я звязаўся з хлопцам, з якім мы сядзелі ў адным атрадзе, а на той момант ужо быў у Літве. Я папрасіў дапамогі. Ён мне даў кантакты арганізацыі «Дапамога». Я ім напісаў, мяне скіравалі ў «Вясну» за візавым падтрыманнем, а адтуль мне даслалі анкету «Байсола». Служба падтрымання «Байсола» адгаворвала мяне ехаць у Літву, прапаноўвала Польшчу. Я казаў, што ў мяне няма часу чакаць візу, бо мяне неўзабаве затрымаюць. Аднак яны сказалі, што ўсё роўна зробяць мне візу».
Чакаць, аднак, было небяспечна. Тады Уладзь ізноў звярнуўся ў «Дапамогу». Калі былы палітвязень апынуўся на літоўскім баку мяжы, ён папрасіў прытулку. «Дапамога» дамовілася з міграцыйнай службаю, што хлопец будзе жыць у іх, і забрала ў свой «Замак» (дом, у якім некаторы час могуць жыць беларусы пасля эвакуацыі).
«А на Дзень Волі, праз два тыдні, мне піша чалавек з «Байсола» і пытаецца, што ў мяне з візай? Я адказаў, што я ўжо даўно ў Літве. На гэтым мая камунікацыя з «Байсолам» скончылася. Яны нічым мне не дапамаглі. «Байсол» маёй эвакуацыяй не займаўся. Калі б я чакаў візу ад іх, я цяпер ужо зноў сядзеў бы», — апавядае Уладзь.
«Нельга казаць пра даты і маршрут эвакуацыі»
Пра эвакуацыю Уладзя расказала заснавальніца віленскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава:
«Уладзь звярнуўся да нас па эвакуацыю. Я напісала ў «Вясну», адкуль Уладзю адправілі анкету «Байсола» для афармлення візы. Аднак праз пару дзён хлопец паведаміў, што ўжо не можа чакаць і заставацца ў Беларусі, тады мы арганізавалі ягоны выезд».
Пра эвакуацыю Уладзя, як і іншых палітвязняў, «Дапамога» не паведамляла публічна з мэтаў бяспекі. «Мы не паведамляем пра эвакуацыі дзеля бяспекі. Ні ў якім разе нельга казаць пра даты, маршрут, бо тады можна вылічыць, як рухаўся чалавек, хто дапамагаў», — кажа Наталля.
«Сказалі, што я мушу вярнуцца ў Беларусь, і тады маёй справай зоймуцца»
Яшчэ адзін беларускі палітвязень, які пажадаў захаваць ананімнасць, быў вымушаны некаторы час хавацца ў Расіі. Адтуль ён хацеў перабрацца ў Еўропу, аднак узніклі пэўныя складанасці і каналы, на якія была надзея, закрыліся. Акрамя таго, у беларуса скончыўся пашпарт.
«Я тады папрасіў сваіх калег за мяжою дапамагчы мне. Яны скантактавалі мяне з нейкімі людзьмі, гэта быў ананімны тэлеграм-канал. Там мне сказалі, што я мушу вярнуцца ў Беларусь, тады маёй справай зоймуцца», — кажа былы палітвязень.
Мужчына з жахам думаў пра Беларусь, аднак вярнуўся, і зноў звязаўся з тэлеграм-каналам, які і раіў яму гэта зрабіць.
«Я напісаў, што ў Беларусі і чакаю каманды. Аднак у іх там узнікла нейкая паўза праз міжнародны парадак дня, які склаўся на той момант. Праз тое што ў мяне скончыўся пашпарт, легальна выбрацца з краіны я не мог. Я зноў пачаў пісаць сваім калегам, што мне тэрмінова патрэбная дапамога, бо я ўжо два тыдні ў Беларусі, і мяне раней ці пазней вызначаць. Тады мяне звязалі з фондам «Дапамога», які і арганізаваў маю эвакуацыю», — апавядае былы палітвязень.
Пасля таго як апынуўся ў Літве, мужчына не збіраўся з’яўляцца ў публічнай прасторы — кажа, што ў мэтах бяспекі важна захаваць у таямніцы і маршрут, і даты эвакуацыі, а акрамя таго, у яго ў Беларусі заставалася сям’я.
«І раптам праз некалькі дзён я ўбачыў інфармацыю пра сябе, што я ўжо ў Літве, на старонцы кіраўніка «Байсол» Андрэя Стрыжака. Пры тым што я не прасіў яго пра гэта і ўвогуле ніяк не хацеў разгалошваць свой кейс, нават аніякіх збораў не абвяшчаў. Мне было зразумела, чаму «Байсол» не здолеў мне дапамагчы — так склаліся абставіны, аднак навошта яны апублічылі маю эвакуацыю, я не зразумеў».
Андрэй Стрыжак: «Выпадак з Ефімовічам — вынятак»
У допісе ў сацсетках пра ўзгаданага вышэй палітвязня Андрэй Стрыжак не сцвярджаў, што яго эвакуяваў «Байсол». Не было, аднак, і супрацьлеглай інфармацыі. Мяркуючы з каментароў, падпісчыкі ўспрынялі навіну так, нібы эвакуяваў усё ж «Байсол» — дзякавалі фонду і пісалі, якія яго работнікі малайцы і крутыя. У адказ на каментары ад аўтара допісу былі толькі ўпадабанні.
«Белсат» папрасіў Андрэя Стрыжака пракаментаваць гэтыя абедзве гісторыі. Датычна беларуса, які папрасіў не называць ягонага імя, Андрэй адказаў, што зрабіў допіс, «калі ўжо была публічная інфармацыя пра ягонае знаходжанне ў Літве».
«Белсат» запытаўся: можа, «Байсол» паведамляе ў сваіх сацсетках пра ўсіх эвакуяваных беларусаў, незалежна ад таго, хто дапамагаў у выездзе?
«Не, мы даём інфармацыю толькі пра тых, з кім мы працуем. Звычайна ўсе нашыя трэкі — гэта нашая праца ад пачатку да канца. Выпадак з Ефімовічам — вынятак, калі чалавек звярнуўся да некалькіх структураў па дапамогу адначасова.
Наконт таго, што «Байсол» аніякай дапамогі яму не надаў, то ён як былы палітзняволены, мае права на разавую выплату ў памеры 1000 еўра і на персанальны збор. Калі ён звернецца да нас у межах гэтых опцый, то атрымае гэтую дапамогу», — адказаў Андрэй Стрыжак.
Фонд салідарнасці «Байсол» быў заснаваны ў 2020 годзе з мэтаю дапамогі беларусам, пацярпелым ад пераследу дзейных уладаў. Фонд збірае грошы для рэпрэсаваных як за мяжою, так і ў Беларусі. Паводле яго кіраўніка Андрэя Стрыжака, за час працы былі паспяхова закрытыя больш за тысячу збораў на 4,2 мільёна еўраў. Акрамя таго, фонд сцвярджае, што за гэты час ажыццявіў дзясяткі паспяховых эвакуацыяў з Беларусі нават у вельмі складаных сітуацыях.
Каментары