Літаратура22

Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай Прэміі Ежы Гедройця. Хто трапіў у выніковую шасцёрку?

Журы прэстыжнай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця сёння назвала ўдзельнікаў «кароткага спісу». У выніковую шасцёрку прэтэндэнтаў на вядомую ўзнагароду за найлепшую кнігу прозы па-беларуску за 2022-2023 трапілі творы Валянціна Акудовіча, Ганны Янкута, Змітра Бартосіка, Евы Вайтоўскай, Марыі Вайцяшонак і Валера Гапеева, піша Reform.news.

Шасцёрка намінантаў выглядае так:

1. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» — Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023

Фаліянт амаль у 400 старонак аднаго з самых уплывовых філосафаў Беларусі.

«Перадусім гэта кніга пра стварэнне дыскурсу сучаснага беларускага мыслення і герояў, якія яго стваралі, — пракаментаваў выхад доўгачаканага праекта ў сацсетках сам спадар Валянцін.

Ды гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе «мая краіна». З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» — дадаў мысляр.

2. «Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022

«Забіць упалмінзага» — трэцяя кніга Змітра Бартосіка ў серыі «Падарожжаў Свабоды» пасля папярэдніх: «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста». Тут, як і ў ранейшых кнігах, апавядаецца пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, — без інтэрпрэтацый. Дарэчы, ужо ў 2023 годзе кніга была зноў перавыдадзена.

3. «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах.

У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.

Раманам зачытваюцца не толькі школьнікі, але і іх бацькі. Як адзначае выдавецтва, на твор яны атрымалі проста процьму водгукаў.

4. «На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023

Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. Натуральнасць тэксту, нязмушанасць моўнага стылю і помнасць народнага гутарковага маўлення робяць прозу і паэзію Марыі арыгінальнымі і непадробнымі сярод шматлікіх творцаў нашай сучаснай літаратуры.

5. «Вольнеры. Прадвесце» — Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

«Перад вамі — самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі, — піша пра новы твор Валера Гапеева «Кнігаўка». — Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана…».

6. «Час пустазелля» — Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

У першай палове 2022 года пісьменніца Ганна Янкута жыла на пятым паверсе даваеннага дома ў варшаўскім раёне Макотаў. Адольваючы доўгія лесвічныя пралёты, яна набірала на тэлефоне нататкі. Фіксавала свае думкі і назіранні на чэках з крамы, кавалачках паперы, у польскіх і беларускіх гарадах, у варшаўскім геалагічным музеі.

Пасля ў вэрхале запісанага пачала вымалёўвацца гісторыя. Ніткі, якімі Ганна сшывала свае фрагменты ў адно, таксама былі рознага паходжання — адна дагістарычная, з геалагічнага музея, другая — геаграфічная, з вандровак па Беларусі і Польшчы, трэцяя — казачная, натхнёная нябачным суседам…

Так атрымалася кніга «Час пустазелля» — раман, напісаны на аснове дзённіка. Ці можна сфармуляваць інакш: сканструяваны дзённік, які спрабуе асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года.

У складзе журы Прэміі Гедройця сёлета: літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; філолаг, кандыдатка філалагічных навук, пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса Studia Białorutenistyczne Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Цырымонія ўзнагароджання традыцыйна адбудзецца ў канцы лістапада.

Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 года, на сённяшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі — Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.

Каментары2

  • Mr.X
    01.10.2024
    Ганна Янкута – самая прыгожая пісьменніца. Вельмі падабаецца знешне. Буду чытаць.
  • Acab
    01.10.2024
    Mr.X, сабе чытаць ці ўголас?! Як ўголас, зрабіце ласку, запішыце аўдыёкніжку

Цяпер чытаюць

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Усе навіны →
Усе навіны

Адроджаныя лютаваўкі Ромул і Рэм адзначылі свой першы дзень нараджэння3

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў16

Туск у Капенгагене заклікаў еўрапейскіх лідараў усвядоміць, што вайна ўжо ідзе6

Ілан Маск анансаваў стварэнне канкурэнта Вікіпедыі6

Па Новай Баравой ходзіць мужчына, які пастаянна мяняе абліччы. Хто ён такі?9

Пуцін расказаў, колькі зарабляе Расія на продажы ЗША ўрану6

Чатырохгадовая беларуска са спісу Forbes «30 да 30» зрабіла агляд беларускіх страў і ў чарговы раз скарыла інстаграм6

Пуцін запэўніваў Еўропу, што слабасць недапушчальная12

Mark Formelle пачаў выпускаць адзенне для немаўлят

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць