«Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры кажа, што трэба падпісаць. Да 3 ліпеня нешта будзе».

Былы вядучы і палітзняволены Дзмітрый Лукша, які выйшаў на свабоду па памілаванні 3 ліпеня, у ТОКу расказаў пра абставіны свайго вызвалення. Ён сцвярджае, што загадзя не пісаў прашэнне аб памілаванні, яму гэта прапанавала зрабіць адміністрацыя калоніі 15 чэрвеня 2024 года:
«Я прыйшоў у кабінет, дзе быў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры. Усё вельмі спакойна, як у кіно. Ён паказвае мне пасведчанне. «Сядайце, калі ласка. Ёсць шанц, каб вы пайшлі дахаты» — «Добра». Ён кажа: «Вось, трэба падпісаць. Да 3 ліпеня нешта будзе». Я запытаўся, якія ўмовы. Ён адказаў: «Ніякіх. Вы выходзіце і ўсё. (…) Пра цябе забываюцца, калі, зразумела, сам нікуды не палезеш. Проста жыві».
Мужчына расказвае, што папрасіў прадстаўніка пракуратуры зрабіць такую ж прапанову яго жонцы Паліне Палавінка, якой заставалася трохі больш за месяц да вызвалення. «Ён не ведаў, што ў мяне ёсць жонка [за кратамі]. (…) Ён некаму тэлефануе. Я чуў, ён пытаецца: «Такая-та ў вас сядзіць? Пагаварыце з ёй таксама. Муж перадае прывітанне». І ён кажа [мне]: «Я не ведаю, у яе вельмі малы астатак».
Па словах Лукшы, толькі пасля вызвалення ён даведаўся, што яго жонцы такую ж прапанову зрабілі яшчэ 13 чэрвеня — то-бок за дзень да таго, як адбылася размова з ім. Такім чынам, падкрэслівае ён, Паліна выйшла на волю не з яго падачы.
Лукша расказвае, што да дня вызвалення ён не верыў, што яно насамрэч адбудзецца:
«Я, хутчэй, не верыў, што гэта будзе. (…) Калі я прыйшоў на [размову з пракурорам], са мной стаялі хлопцы. Я пытаюся: «У каго які астатак?». І яны адказваюць: «Два месяцы», «тры месяцы». А ў мяне год і тры месяцы.
Я да апошняга, да таго моманту, пакуль мяне не забралі [з атрада] 3 ліпеня быў упэўнены, што мяне не разгледзяць у Мінску. Я здагадваўся, што, пэўна, гэты дакумент паедзе ў Мінск. У Мінску будзе нейкая камісія ці самому чалавеку (Лукашэнку — НН) патрапіць. Я быў упэўнены, што мяне не адпусцяць з-за астатку. Год і тры месяцы — гэта вельмі шмат».
Па словах Лукшы, пасля падпісання прашэння аб памілаванні пачаўся напружаны перыяд чакання. Мы чамусьці падумалі, што нас выпусцяць перад 3 ліпеня, за тыдзень да гэтай даты. Што нас будуць выпускаць менавіта 3-га, мы былі ўпэўнены, што не — вельмі ж пафасна».
Аднак, насуперак меркаванням, вызваленне адбылося менавіта ў гэты дзень:
«Я памятаю, мы ідзём на сняданак, і бачу: вядуць некуды аднаго хлопца з тых, што са мной быў на падпісанні. І ў мяне адразу першая думка: «Ага, яго — так, а мяне — не. Інакш бы нас забралі ўсіх [з атрада]». А потым я зразумеў, што нас па адным вырывалі і адпраўлялі [на выхад]».
***
Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».
У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.
Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.
Глядзіце цалкам:
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Спадар Лукша са спадарыняй Палавінкай - муж і жонка адзіная спулка:
Яна адмовілася сьведчыць супраць мужыка
-Нават пайшла праз гэтую адмову здрадзіць ў вязьніцу
-Ён перадаваў ёй грыпсы (малявы) ўнутрывязеннай поштай
-Як падлукашэнкі прылецелі да яго з прапановай выпусьціць (пра зьмест якой мы ня ведаем), Ён цьвердзіў, каб і Яе выпусьцілі
Які б ня быў спадар Лукша прапагандыст, як бы ня склаліся іхія з жонкай лёсы па вызваленьню, але вышэйзгаданае выклікае павагу