Грамадства1010

«Шрайбмана як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых — эпоха Tut.by і хіпстараў»

Адной з важных характарыстык добрай журналістыкі з’яўляецца наяўнасць аўтарскіх тэкстаў (відэа і астатняга), моцных персаналій, за вострымі матэрыяламі якіх хочацца сачыць. У нашай гісторыі ўжо былі спробы выгадаваць менавіта такіх аўтараў, але потым штосьці пайшло не так, лічыць журналістка Таццяна Ашуркевіч. З гэтай нагоды яна пагаварыла для «Цэнтра новых ідэй» з вядомым журналістам Юрыем Дракахрустам пра тое, чаму ў 90-я гады Беларусь пачула шмат гучных журналісцкіх імён, чаму іх наяўнасць — гэта важна, і як паўтарыць тую ж з’яву ў наш час. 

Юрый Дракахруст — журналіст і аналітык «Радыё Свабода»

— Калі я праглядала беларускія газеты з 1990-х гадоў, то здзіўлялася, як шмат тады з’явілася гучных імён у журналістыцы. Гэтая плеяда была вельмі моцнай, і наколькі я разумею, ваc таксама сталі заўважаць менавіта тады. Мне падаецца, пасля таго перыяду больш такой з’явы ў нас не было. Гэта заслуга менавіта гэтага гістарычнага часу? 

— Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х у нас сапраўды ўзышло шмат «зорак» у розных сферах. Значная частка цяперашніх палітыкаў з’явіліся менавіта тады. Тое самае было і з журналістыкай: многія яскравыя постаці, якіх мы і цяпер бачым у медыйнай прасторы, паўсталі ў той перыяд. У пераломныя часы так часта адбываецца. Я да пачатку 90-х займаўся матэматыкай. Але тады і ў медыя, і ў палітыку, і ў бізнэс, які толькі нараджаўся, прыходзілі людзі з розных сфер. Быў час дылетантаў і авантурыстаў. 

Але ўзыходы новых «зорак» мы бачылі і пазней. Можна назваць хоць бы Арцёма Шрайбмана. Ён даволі хутка заняў сваё месца на Алімпе нашай прафесіі. 

— Мне здаецца, выпадак з Арцёмам унікальны. А што наконт астатніх? Раней я думала, што, магчыма, у нас сапраўды больш не было пераломных момантаў, не было глебы, на якой такія імёны маглі вырасці. Але ж потым здарыўся 2020 год. І я б не сказала, што пасля штосьці моцна змянілася. 

— Арцёма як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых — эпоха TUT.BY і хіпстараў. А што да 2020 года… Паразы рэдка спараджаюць суквецце «зорак». Хаця ў палітыцы гэты год іх спарадзіў — Бабарыка, Ціханоўская, Латушка, Вячорка, Калеснікава. Ну а ў нашым рамястве — пакуль так, не з’явіліся. Мо пазней з’явяцца, з пераасэнсавання 2020 года. У XIX стагоддзі, праз 20 гадоў пасля паўстання Каліноўскага, ў Піцеры з’явілася група беларускіх студэнтаў «Гоман», якія прыдумалі Беларусь і беларусаў як асобную нацыю. Можна прыгадаць і «Культуру» Ежы Гедройця, які ў пэўным сэнсе прыдумаў сучасную Польшчу. Нешта такое можа адбыцца і ў нас, і яно абавязкова адбудзецца — раней ці пазней.

— Мне падавалася, што справа ў іншым: наша журналістыка пачала развівацца ў нейкі ўласны бок. Умоўна, быў «ваш» перыяд, калі з’явілася шмат моцных аўтараў, і гэта быў пачатак нашай эвалюцыі ў бок заходніх медыя. Але потым штосьці змянілася — журналістыка быццам бы стала больш каманднай, неіндывідуальнай. Можа, справа ў тым, што наша медыйнае поле проста гэтаму не спрыяе? 

— Умовы на нашым полі зараз наогул мала чаму станоўчаму спрыяюць. Незалежная беларуская журналістыка зараз амаль цалкам эмігранцкая. У выніку мы губляем непасрэднае адчуванне свайго грамадства: мы не ходзім на «Камароўку» і па каву ў «Цэнтральны», не ездзім на «сотцы» па праспекце. Варта сказаць і пра фінансавыя праблемы: цяпер амаль усе заўважныя незалежныя медыя — «экстрэмісцкія фармаванні». Хто будзе даваць ім рэкламу? У такіх умовах не даводзіцца чакаць з’яўлення сузор’я новых імёнаў. 

— А мне здаецца, што гэта тое, што трэба падтрымліваць звонку ужо цяпер. Павел Слюнькін неяк сказаў, што «Захад моцны індывідуальнасцямі». Моцнае меркаванне — гэта бадай што адзіны сродак, які ў нас ёсць, каб змагацца з навакольнымі жахамі. Таму для мяне было прыемным адкрыццём, калі Вольга Лойка запусціла свой праект з аўтарскімі калонкамі. Атрымліваецца, усё ж ёсць разуменне таго, што нам гэта патрэбна? 

— Праект Лойкі сапраўды вельмі важны, у яго, можа, не такая вялікая аўдыторыя, але ён — пра сэнсы, пра бачанне. Я б прыгадаў і Мелказёрава, і Шапарава. Яны сталі на крыло якраз пасля 2020 году. З аднаго боку, умовы зараз цяжкія. З іншага, новыя тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці. Адкрый уласны YouTube-канал — і, калі пашанцуе, ты заваюеш свет. 

— Але гэтага цяпер і не адбываецца. Атрымліваецца, у нас ёсць магчымасці і новыя сродкі для таго, каб такія людзі з’яўляліся, але ўсё чамусьці спыняецца на Шрайбмане. 

— Гэта як на чый густ. Для некага куміры — хутчэй Мелказёраў і Шапараў. А наконт 2020 года мне падаецца плённай метафара разраджанага акумулятара. Ёсць такое адчуванне. З пачатку стагоддзя беларускае грамадства назапашвала сацыяльную энергію — падымаўся бізнес, ішлі камунікацыі з Захадам, з’яўляліся НДА. У 2020 годзе ўсё гэта выбухнула. Але мы прайгралі. І энергія, якая прывяла да выбуху 2020 года, не трансфармавалася ў пабудову новага грамадства, як яно было напрыканцы 80-х — напачатку 90-х. Не адбылося з’яўлення новых імёнаў у журналістыцы, у прыватнасці. А ў цэлым у грамадстве ідзе павольнае назапашванне энергіі, «акумулятар» зараджаецца.

— Можа быць такое, што гэта не назапашванне, а, наадварот, павольны заняпад? 

— Адно не выключае іншага. У палітычнай, нават грамадскай сферы — вонкава так, заняпад. Тут можна правесці аналогію з грамадскай сітуацыяй у Расійскай імперыі пасля паразы рэвалюцыі 1905 года. Таксама рэакцыя, рэпрэсіі, і разам з тым стома людзей ад палітычнага, нават ад грамадскага, сыход у прыватнае, асабістае. 

Я не думаю, што тут ёсць нейкі «залаты ключык», пры дапамозе якога медыя могуць павярнуць гэты трэнд. Але трэба спрабаваць — што яшчэ застаецца? Нечы поспех, шчаўчок ад дакладнага патраплення і будзе паказнікам таго, што трэнд памяняўся і штыль скончыўся. Той жа 2020 год пачаўся не з вылучэння Цапкалы — ён пачаўся з выбухападобнага росту аўдыторыі ТГ-каналаў.

Каментары10

  • Open IA
    31.03.2024
    Прабачце, але тэксты Шрайбмана нагадваюць сачыненні ЧатаГПТ - траскучыя, але пустыя. Нібыта вумныя словы, структураваныя ў лагічныя абзацы, а сэнс - поўная банальшчына, паўтарэнне нейкіх агульных ісцін і штампаў. Да таго ж, тэксты цалкам безасобасныя. Пачытаў і забыўся. А вашу хвалёную Лойку пару разоў пачытаў і стала гідка - гэта амаль Мукавозчык ці Тур, толькі трохі з іншага боку. Такая ж хамаватая расейская пісаніна, з нейкімі бясконцымі пад'***камі, і паталагічнай іроніяй. Ня ведаю, ці да турмы яна так жа пісала, ці там ёй прашыўку нлвую паставілі.
  • ЯНКА
    31.03.2024
    • ГРАФ ДРАКА... •
    🤓 У бурлівым ютубаўскім канале «Радыі Свабода» часта пялешчыцца Зьміцер Гурневіч — гэткі нясумны аналітык рознага зь інтэлектуальным гумарком.
    😶‍🌫️ І былы «Свабодна-навасьціец» Валеры Карбалевіч. Апошні (можа, так і трэба?) выгуквае кожнае слоўца як апошняе й падаецца — Бог баронь! — дуба дасьць напрасткі перад сафітамі.
    👺 А Юры Драка..., выбачайце, няўжо хруст, як тэй казаў, і папалам? Даўно ня бачна яго ў «цілявізяры» Ютупа. Хоць ягоная наяўнасьць тамака, гэткага антызянонца, таксама падавалася ўвесь час мне спрэчнаю.
    🕯️А не, — пішуць тутака — усё грэецца ад свабодаўскай паходні. Мо', кідае ў яе паперкі? Альбо пужае Карбалевіча, каб тэй нагнятаў яшчэ болей страху пад-стаць (абы толькі ня сесьці) сучаснай абстаноўцы.
  • Помню
    31.03.2024
    Kate, у 2014 годзе на тутбаі кішмя кішэлі каментатары, якія пісалі, што ўкраінцы гэта "фашысты-бандэраўцы". Каменты на беларускай мове амаль не прапускалі. А ў абарону Зянона Пазьняка (які ў тых каментатараў таксама быў "фашыстам"), увогуле ніколі не прапускалі.
    Зараз я разумею, што тыя каментатары гэта была расейская ботаферма.
    Але ж мадэратар тутбая іх спакойна прапускаў і не баніў...
    У 2020м на тутбаі ўжо не было, што "бчб гэта фашысты".

Цяпер чытаюць

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме23

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Усе навіны →
Усе навіны

Два прычалы і нафтавы танкер пашкоджаны ў нафтаналіўным порце Прыморск пад Пецярбургам пасля атакі БПЛА3

Расіяне праз газавую трубу заходзяць у Купянск, як колісь у Суджу2

«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла3

Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу3

Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі1

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі39

У Грузіі затрымалі грузавік з украінскім гексагенам. Ён нібыта быў прызначаны для аперацыі «Павуцінне-2»7

Рэпер Murovei выпусціў беларускамоўны альбом10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме23

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць