Грамадства

«Задумваюся, як будзе, калі ўсё гэта закране маё дзіця». Беларусы расказалі, ці плануюць яны нараджаць дзяцей найбліжэйшым часам

«Салідарнасць» спытала ў некаторых маладых беларусаў, якія жывуць у Беларусі, ці плануюць яны рабіцца бацькамі ў найбліжэйшай будучыні і што ўплывае на іх рашэнне.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Myron Standret / vecteezy.com

«Не разлічваем на «даў бог зайку, дасць і лужок»

Настассі — 26 гадоў, яе мужу Рыгору — 29 (усе імёны суразмоўцаў змененыя). Пытанне дзяцей сужонцы абмяркоўвалі не раз, але заўсёды прыходзілі да высновы, што пакуль планаваць працяг свайго роду не будуць.

«Няма жадання і няма фінансаў. Я люблю дзяцей, але пакуль што мы самі не можам быць фінансава незалежныя. Летась, каб зрабіць аперацыю котцы, чакалі заробак. На «дасць бог зайку, дасць і лужок» мы не разлічваем. Таму спачатку хацелася б забяспечыць сябе фінансава.

Я працую ў сферы адукацыі, дзе гэта немагчыма — мой заробак каля 315 даляраў пры нагрузцы ў стаўку, таму буду шукаць іншыя шляхі. Калі муж таксама працаваў у адукацыі, было цяжка, але цяпер ён перайшоў у IT, таму можам дазволіць сабе больш. Балазе, ёсць сваё жыллё — жывем у кватэры маіх бацькоў, а яны пабудавалі сабе трохпакаёвую і яшчэ выплачваюць за яе крэдыт».

«Цэны на здымнае жыллё, а ўжо тым больш уласнае, прымушаюць захлынацца слінай»

Марыі і Яраславу 25 гадоў. Пара пакуль не жыве разам, але будуе планы на будучыню. Завесці дзяцей яны б таксама хацелі, але перашкаджае фінансавае пытанне.

«У найбліжэйшыя два-тры гады дакладна планаваць дзяцей не будзем. Хацелася б, але ўсё ўпіраецца ў жыллё і фінансы. Мы абодва жывем у інтэрнатах і бачым, у якіх умовах тут жывуць сем'і. Калі з адным дзіцём гэта яшчэ так-сяк, то з двума і больш дакладна не. Цэны на здымнае жыллё, а ўжо тым больш уласнае, прымушаюць захлынацца слінай.

У найбліжэйшай будучыні я вельмі разлічваю на павышэнне заробку, а так стараемся абодва адкладаць».

«Не раней, чым праз гадоў сем»

Маі — 21, яе маладому чалавеку — 28. Пара жыве разам каля двух гадоў, а сустракаюцца больш за тры. Дзяцей Мая і Аляксандр плануюць, але не ў найбліжэйшай будучыні.

«Не раней, чым праз гадоў сем. Па-першае, спачатку хацелася б набыць сваё жыллё: не хочацца пастаянна шукаць здымнае, будучы з дзіцём. Тым больш, што многія арэндадаўцы ставяць умову: без дзяцей і жывёл.

Па-другое, неабходны добры заробак, каб даць дзіцяці ўсё неабходнае, а гэта даволі складана ў нашай краіне. Таксама мы адкладаем пытанне дзяцей, таму што цяпер вельмі незразумелы час: у любы момант можа адбыцца нешта небяспечнае».

«Рэформы ў адукацыі, арміі — многае мне не падабаецца, і я задумваюся, як будзе, калі ўсё гэта закране маіх дзяцей»

Маргарыце — 35 гадоў, яе мужу — 31. У мужа і жонкі двое дзяцей, 2019 і 2021 года нараджэння:

«Старэйшага мы нараджалі яшчэ ў спакойны час, малодшая ў нас атрымалася трохі незапланаваным дзіцём, але гэта ніяк не паўплывала на наша рашэнне нараджаць».

Па словах Маргарыты, у яе, «як у любога з бацькоў, ёсць пэўныя страхі за будучыню сваіх дзяцей».

«Напрыклад, мяне палохае, што будзе, калі нашы дзеці пойдуць у школу: чаму яны будуць навучацца? Бо палітычная сітуацыя ў краіне ўплывае на адукацыйны вектар. Пры гэтым я аптыміст па жыцці: веру, што ёсць пісьменныя спецыялісты, якія імкнуцца абыходзіць вострыя куты нашай цяперашняй адукацыі.

Мне таксама хочацца навучыць сваіх дзяцей крытычнаму мысленню да таго, як яны пойдуць у школу, каб у іх не было сляпой веры даросламу чалавеку. Дарослы не роўна аўтарытэт, ён не заўсёды можа мець рацыю. Вядома, хацелася б лепшага для сваіх дзяцей. І, на жаль, не заўсёды гэта лепшае — у краіне, дзе мы жывем. Рэформы ў адукацыі, арміі — многае мне не падабаецца, і я задумваюся, як будзе, калі ўсё гэта закране маіх дзяцей.

Але мы з мужам верым: нешта будзе мяняцца і не ўсё будзе так сумна, як мы цяпер можам надумаць».

На пытанне, ці прысутнічаюць складанасці ва ўтрыманні і выхаванні дваіх дзяцей, суразмоўніца «Салідарнасці» адзначае толькі фінансавыя моманты.

«Заробкі не паспяваюць за ростам цэнаў, а патрэбы ўзрастаюць, асабліва са сталеннем дзяцей. Таму нашы магчымасці не заўсёды супадаюць з «хацелкамі» — людзі, якія хочуць завесці дзяцей, павінны разумець, што траціць прыйдзецца шмат. Часам даводзіцца ў чымсьці адмаўляць сабе, таму што трэба дзіцяці».

Станавіцца шматдзетнымі бацькамі сужонцы не плануюць.

«На гэта ёсць шмат прычын. Па-першае, здароўе: складанасці былі ўжо ў другую цяжарнасць, наўрад ці мой арганізм зможа паспяхова вынасіць і нарадзіць яшчэ адно дзіця, а потым аднавіцца. Па-другое, эмацыйны складнік: ці змагу я выседзець яшчэ адзін дэкрэт? Я ўжо загрузла ў побыце і вельмі хачу на працу.

Таксама важным момантам з'яўляецца нерухомасць, дакладней, яе адсутнасць. Цяпер мы ўчатырох жывём ва ўмовах аднаго пакоя. Пасяліць сюды яшчэ адно дзіця было б непавагай да сябе і ўжо наяўных дзяцей. А нарадзіць трэцяга дзеля атрымання кватэры — гэта як матэрыяльная выгада, я такога ні ў якім разе не хачу.

Ну, і фінансавае пытанне. Заробак ад з'яўлення трэцяга дзіцяці не вырасце, а выдаткі павялічацца. Прыйдзецца ў чымсьці абмяжоўваць і сябе, і дзяцей. А дзеля чаго? У нас ужо ёсць двое выдатных дзетак!»

«Задумацца пра свой працяг зможам, калі пераедзем»

Ксеніі і Андрэю — 23 гады. Пара разам ужо два гады, год жывуць у здымнай кватэры. Заводзіць дзяцей маладыя людзі пакуль не плануюць.

«Мы часта задумваемся пра пераезд па розных прычынах: хочацца жыць у бяспецы, адчуваць сябе свабодна, да таго ж хацелася б змяніць клімат на больш мяккі і цёплы.

А яшчэ ні я, ні Андрэй пакуль што не знайшлі сябе ў жыцці. Мы працуем, але хацелася б памяняць сферу дзейнасці, дамагчыся поспехаў у кар'еры, набыць машыну, падзарабіць грошай на будучыню, каб мець магчымасць забяспечваць не толькі сябе, але і дзяцей. Таму задумацца пра свой працяг мы зможам толькі тады, калі пераедзем і будзем адчуваць сябе камфортна. А гэта дакладна не раней, чым праз пяць гадоў».

«Відавочна не ў Беларусі»

Алісе 23 гады, яе дзяўчыне Дыяне — 25. Дзяўчаты хацелі б дзяцей, але не ў найбліжэйшай будучыні і не ў Беларусі.

«Я планую дзяцей дзесьці да 27-30 гадоў. Да гэтага пару гадоў хацелася б пахадзіць да псіхолага, разабрацца ў сабе і са сваімі праблемамі, каб гэта ніяк у будучыні не адбілася на дзіцяці, — кажа Аліса. — Аднак наўрад ці ў нас атрымаецца завесці дзяцей у Беларусі: так, пакуль у нашай краіне не ўвялі забаронаў у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці, як у Расіі, але, думаю, органы апекі зацікавіцца гэтым могуць».

«А ў мяне няма выразнага ўзросту, калі б я хацела завесці дзяцей, — дапаўняе партнёрку Дыяна. — Дакладна не раней за 28 гадоў, а далей, думаю, гэта будзе спантанна пры спрыяльных умовах. І відавочна не ў Беларусі. Мне б хацелася, каб, калі мы вядзем дзіця ў дзіцячы сад, яго праводзілі мама і мама. А не маці-адзіночка і яе «сяброўка». І каб для іншых дзяцей, іх бацькоў і выхавальнікаў гэта было нармальна, а не падставай для плётак і цкавання».

«Хочацца яшчэ пажыць для сябе»

Паліне 28 гадоў, яе маладому чалавеку — 27. Разам яны ўжо тры гады.

«Здавалася б, можна ўжо цяпер заводзіць дзяцей, але ў мяне новая класная праца, на якой хацелася б чагосьці дасягнуць. Таму адзін з асноўных крытэрыяў, якія ўплываюць на рашэнне нараджаць — гэта мая самарэалізацыя, а таксама фінансавае і жыллёвае пытанне.

Мы жывем у здымнай кватэры, і гэта немалая частка выдаткаў. З цяперашнімі цэнамі трэба забяспечыць хоць бы сябе, бо хочацца жыць, а не выжываць ад заробку да заробку».

Таксама дзяўчына прызнаецца, што ў яе ёсць страх стаць маці, паколькі гэта вялікая адказнасць: «Хацелася б яшчэ пажыць для сябе, таму дзяцей планую не раней за 30 гадоў».

«Вядома, ёсць яшчэ пытанне бяспекі — у наш час заўсёды будуць сумневы. Хацелася б жыць і нараджаць з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. У асноўным я адкладаю нараджэнне дзіцяці з-за пунктаў, выкладзеных вышэй».

Каментары

Цяпер чытаюць

Кныровіч расказаў, чаму былы дырэктар аршанскіх заводаў пасля вызвалення пайшоў ваяваць за Расію, дзе і загінуў1

Кныровіч расказаў, чаму былы дырэктар аршанскіх заводаў пасля вызвалення пайшоў ваяваць за Расію, дзе і загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне было 15». Былы студэнт абвінаваціў выкладчыка і кіраўніка ансамбля «Белая Русь» у дамаганнях, якія цягнуліся каля года12

Адзін укол — і слых вяртаецца. Навукоўцы зрабілі прарыў у лячэнні глухаты1

Былому намесніку начальніка расійскага Генштаба далі 17 гадоў зняволення1

«Плыве так вальяжна». У Бярозе ў возеры завялася «наша капібара» ВІДЭА

У лесе паміж Івянцом і Ракавам турысты сустрэлі рысь з рысянятамі ВІДЭА4

У Полацку жанчыну пакаралі за відэа ў тыктоку з мільённымі праглядамі3

Генадзь Туміловіч, толькі ўладкаваўшыся на працу ў Ізраілі, адразу ж уляпаўся ў скандал8

У сацсетках паскардзіліся, што міліцыя штрафуе за фатаграфаванне ў полі з васількамі. Гэта сапраўды так?5

Прэм'ер Літвы раскрытыкаваў рашэнне Польшчы ўвесці памежны кантроль5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кныровіч расказаў, чаму былы дырэктар аршанскіх заводаў пасля вызвалення пайшоў ваяваць за Расію, дзе і загінуў1

Кныровіч расказаў, чаму былы дырэктар аршанскіх заводаў пасля вызвалення пайшоў ваяваць за Расію, дзе і загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць