Грамадства55

«Панеслася крывая ў шчаўе». Як жанчына з Ушачаў пячэ хатні хлеб

Да 40 гадоў Людміла Дунец працавала ў офісе. А пасля стала хатнім пекарам — асвоіла 30 гатункаў хлеба. Хіт продажу — хлеб «Лянок» на пшанічнай заквасцы, піша Vitebsk.biz.

Фота: Vitebsk.biz

Людміла Дунец нарадзілася ў вёсцы Загуззе ля Ушачаў, пазней жыла ва Ушачах і Віцебску.

Мае дзве вышэйшыя адукацыі: настаўніца рускай і беларускай моў і літаратур, менеджар-эканаміст.

З дзяцінства піша вершы. Кіраўнік народнага клуба творчых сустрэч «Муза» пры Ушацкім раённым цэнтры культуры. Удзельніца і лаўрэат шматлікіх літаратурных фестываляў і конкурсаў. Аўтар зборніка вершаў «Женщина и птица».

Стварыла хатнюю пякарню і брэнд «Жыта жыцця». Пячэ хлеб на заквасцы і іншую карысную прадукцыю.

Да 40 гадоў Людміла Дунец жыла ў горадзе, працавала ў офісе — і была задаволеная жыццём. Але неяк з’ездзіла на Купалле на сядзібу, дзе адраджаюць беларускія традыцыі, і пакаштавала там хатняга хлеба. «І тут я прапала! Панеслася крывая ў шчаўе, як кажуць у нас на Ушаччыне. Вырашыла навучыцца пячы хлеб на заквасцы. Паўгода атрымліваліся «лапці», але я лічыла сябе геніяльным хлебапёкам. І толькі пасля шматлікіх курсаў навучылася рабіць боханы, за якія не сорамна», — узгадвае жанчына. З таго часу прайшло тры гады. Сёння прадукцыя ад Людмілы Дунец — вядомы на Віцебшчыне брэнд «Жыта жыцця». Усе, хто хоць раз паспытаў яе хлеб, «падсаджваюцца» на яго, як на наркотык.

Фота: Vitebsk.biz

«Пасля пераезду на радзіму ў мяне пачало ўсё атрымлівацца»

У кожным чалавеку працягваюць жыць ягоныя продкі. І гэта не толькі адно прозвішча, гены, кроў, а моцная повязь на ўзроўні памяці роду, упэўненая Людміла.

— Аднойчы я зацікавілася, кім былі мае продкі. Аказваецца, прапрадзед меў млын. Прозвішча продка — Свірко, і месца, дзе ён жыў, называлі Свіркаў хутар. А ягоны нашчадак, мой дзед Іван, быў канструктарам-самавукам. З розных «жалязяк», як ён іх называў, рабіў электрычныя прылады: сокавыціскалку, маслабойку, млын. Да дзядулі мяшкамі вазілі зерне з усяго калгаса. А калі быў млын, то быў і свой хлеб. Яго пякла мая бабуля Міхаліна.

Дзед з бабуляй — з вёскі Загуззе, гэта за 12 кіламетраў ад Ушачаў. Там я і нарадзілася. Калі мне было тры гады, бацьку далі дом ад лясгаса ва Ушачах. У райцэнтры я скончыла школу. Але кожныя выхадныя, святы і канікулы праводзіла ў бабулі Міхаліны. Я вельмі люблю Загуззе: адсюль мой род, мае карані. Гэта найцудоўнейшы край! А якая тут прырода!

Пасля школы Людміла паехала вучыцца ў Віцебск. Пражыла ў горадзе амаль 25 гадоў. Працавала ў школе, банку, розных установах.

— Усё было добра, але я разумела: штосьці ў жыцці трэба мяняць. І ў 2019 годзе атрымалася так, што я з’ехала ў вёску Рыбакі. Гэта зусім побач з маім любімым Загуззем. А ў Рыбаках праз агарод ад майго дома — хата, дзе нарадзілася бабуля Міхаліна. Для мяне гэта было вельмі важна. Але праз некаторы час абставіны прымусілі пераехаць ва Ушачы.

Фота: Vitebsk.biz

З’ехаўшы з Віцебска, Людміла пачала пячы хлеб. Не таму, што яго нельга было купіць у вёсцы. Проста адчула покліч душы.

— Мой свядомы выбар — жыць там, дзе жылі мае продкі, — разважае суразмоўца. — Яны былі працаўнікі, рамеснікі, майстры. Гэта перадалося і мне. Я зразумела, што мая спадчынная справа — пячы хлеб. Цяпер падсвядомасць мне кажа: вось яна, твая родавая памяць, трымайся яе. І — нейкая містыка! — менавіта пасля пераезду на радзіму ў мяне пачало ўсё атрымлівацца. Раней я як быццам не магла сябе знайсці, мяняла адну працу за другой. А сюды вярнулася — і ўсё паўстала на свае месцы. Тут мне прапанавалі стаць кіраўніком і рэжысёрам народнага клуба творчых сустрэч «Муза» пры раённым Цэнтры культуры. Клуб аб’ядноўвае мясцовых паэтаў. Я сама пішу вершы, і гэта праца на поўную стаўку мне даспадобы. А выпечка хлеба — любімае хобі і дадатковы заробак.

Фота: Vitebsk.biz

«Паўгода пякла самы просты хлеб, але думала: я геній!»

На Купалле ў 2019 годзе Людміла трапіла на сядзібу, дзе ўпершыню паспрабавала хатні хлеб на заквасцы.

— Які ён быў смачны, той хлеб! Я была вельмі ўражаная, усё думала: «Божухна, ну добра, людзі маюць хатні сыр, малако, яйкі, але каб самому пячы хлеб! Гэта нешта неверагоднае!» У маёй галаве ўвесь час круцілася думка: трэба і мне навучыцца. У верасні, на народнае свята Багач, я яшчэ раз прыехала на тую сядзібу. І, як цяпер памятаю, за тры рублі купіла пакецік сухой закваскі. Лёс так павярнуўся, што праз месяц пераехала з двума дзецьмі на Ушаччыну. На кухні ў вясковай хаце дастала тую закваску — і пачала шчыраваць. Паўгода пякла просты, жытнёва-пшанічны хлеб, па адным і тым жа рэцэпце. Ён атрымліваўся неблагі на смак, але па форме, як лапаць. Але ж я думала: я нейкі геній, вялікі пекар!

Фота: Vitebsk.biz

Людміла хацела ведаць пра хлеб усё. Падпісалася ў сацсетках на вядомых пекараў. Прагледзела дзясяткі відэаўрокаў. Прайшла курсы, як вывесці жытнюю закваску. І яна, на шчасце, праз сем дзён атрымалася! Першы бохан з уласнай закваскі — правільнай і здаровай — жанчына спякла 1 чэрвеня 2020 года.

— Гэта было неба і зямля ў параўнанні з тым хлебам, які я рабіла раней. І ўсё, тут я прапала! Панеслася крывая ў шчаўе, як кажуць у нас на Ушаччыне. Шукала рэцэпты, карміла закваску, даглядала яе, як дзіцё. І кожны дзень пякла, пякла, пякла…

Спачатку Людміла частавала знаёмых. А праз месяц (!) пачала пячы на продаж. Вяскоўцы з Рыбакоў прыходзілі да яе па хлеб, як у краму. Пасля знайшліся заўсёдныя пакупнікі ва Ушачах, Віцебску, Мінску. Аднак ад паставак прадукцыі ў сталіцу і абласны горад пекар адмовілася: прыбытак не пакрываў выдаткаў сілы і часу.

Цяпер жанчына сумяшчае выпечку хлеба з працай у раённым Цэнтры культуры. На самай звычайнай кухні ў гарадской кватэры стварыла хатнюю пякарню. Аформіла самазанятасць, аплачвае падатак — 49 рублёў. Прадукцыю прадае найбольш ва Ушачах. А на фестывалях і святах крафтавы хлеб разыходзіцца проста ўлёт!

«Люда, а калі ты будзеш «Лянок» пячы?»

На сёння Людміла Дунец асвоіла выпечку 30-ці гатункаў хлеба. Збольшага ржанога ці жытнёва-пшанічнага. З дадаткамі (сырам, соладам, яблычным пюрэ, парэчкамі, каляндрай, кменам, ільняной макухай, рознымі семкамі і г. д.) ці без іх. Пячэ і так званую «дробнаштучку»: хлебныя палачкі, крыпсы, пячэнне. Раней гатавала батоны, булкі, пірагі, кексы. Цяпер з «белай» выпечкі пакінула толькі хлеб «Лянок». І ён — абсалютны рэкардсмен продажу.

Фота: Vitebsk.biz

— Беларусам без ільну ніяк! Я вельмі люблю льняное адзенне, абутак, ручнікі, абрусы, бялізну і іншыя рэчы. І ў маім асартыменце з’явіўся «Лянок». Гэта хлеб на пшанічнай заквасцы, з цэльназерневай пшанічнай мукі, у ім шмат зярнятак лёну, сланечніку. Няма цукру, толькі лыжка мёду. І колькі я б яго не напякла, яго ўвесь час разбіраюць. На кірмашах гэта першы хлеб, які ў мяне заканчваецца. Ідзеш, бывае, па Ушачах, а людзі пытаюцца: «Люда, а калі ты будзеш «Лянок» пячы?»

Спячы хлеб на заквасцы — зусім не тое, што на дражджах. Гэта значныя высілкі. Аднак Людміла пячэ не радзей, чым тры разы на тыдзень. Робіць гэта ранкам да працы і ўвечары, калі вяртаецца дадому. «Падхоплівае» таксама выхадныя і святы.

Фота: Vitebsk.biz

— Напрыклад, каб аддаць пакупнікам «Лянок» ранкам у сераду, распачынаю працэс вечарам у панядзелак: кармлю закваску. У аўторак раніцай рашчыняю цеста, замочваю лён. Іду на працу. Да вечара рошчына гатовая, замешваю цеста. Праз 2,5—3 гадзіны фармую боханы, яны падыходзяць у лазовых кошыках з ільнянымі чахламі. Бліжэй да поўначы стаўлю іх у халадзільнік, на халодную расстойку, на ўсю ноч. У сем раніцы пяку хлеб. І вязу пакупнікам. Частку разбіраюць яшчэ гарачым, а да абеду разыходзіцца ўся партыя — восем боханаў.

Аднак у кожнага гатунку хлеба — свая тэхналогія, адпаведна, і свае нюансы. Калі пекар едзе на кірмаш, то гатуе тры-чатыры розныя віды, а таксама ласункі накшталт хлебных палачак. Тады Людміла на працягу паўтара-двух дзён жыве амаль без сну.

— Гэта цяжка, але я атрымліваю асалоду ад сваёй працы. Пячы хлеб — гэта нешта сакральнае. Такія эмоцыі цяжка перадаць словамі, гэта проста трэба адчуваць.

«Падушку бяспекі» ўклала ў цестамес»

Хлеб ад Людмілы Дунец каштуе ад 4 да 6 рублёў. Той жа «Лянок» пекар з Мінску прадаваў бы па 7—8 рублёў. Людміла ж аддае свой па 5: заробкі людзей ва Ушачах адрозніваюцца ад сталічных.

Фота: Vitebsk.biz

— На кожны бохан ідзе 20 грамаў зярнят сланечніка і 25 грамаў насення лёну. Іншыя інгрэдыенты — цэльназерневая мука, мёд — таксама нятанныя. Акрамя таго, выдаткі на электрычнасць і ваду. Плюс — уласна мая праца. Сабекошт аднаго бохана — каля 2 рублёў. Каб проста адбіць расходы, трэба памнажаць сабекошт на тры, тады хаця б не выйдзеш у нуль. А ў ідэале — на чатыры. У такім выпадку я прадавала б бохан «Лянка» па 8 рублёў, і гэта было б вельмі выгадна.

Але ва Ушачах хлеб за такія грошы не купяць. Таму Людміла ледзь не кожныя выхадныя ездзіць на розныя кірмашы, фестывалі, святы.

Фота: Vitebsk.biz

— Лета для мяне больш хлебнае, бо запрашаюць на аграсядзібы, куды ездзяць турысты. Я раблю тады вялікі запёк і часцей за ўсё застаюся задаволеная заробкам. Аднак калі нехта думае, што я маю надта вялікія грошы, то гэта не так. У мінулым месяцы не чысты прыбытак, а выручка склала 1000 рублёў. Але ж я набыла пяць мяшкоў мукі — і 200 рублёў няма! І так увесь час: то формы дакупіш, то прадукты, то спецыі. Узімку выручка меншая, у сярэднім 500 рублёў за месяц. А калі, бывае, хварэю, то і 200.

У сваю «хлебную» адукацыю, на розныя анлайн-курсы, Людміла ўклала больш за 1500 рублёў. Мае дастаткова ведаў, як маштабаваць свой праект. Аднак пакуль яе задавальняе фармат хатняй пякарні.

— Каб адкрыць сапраўдную пякарню, трэба мець «падушку бяспекі». У мяне была маленькая «падушачка», вельмі дэкаратыўная. Дык яна ўкладзеная ў цестамес за 1000 даляраў. Цяпер мару аб прафесійнай чарэневай печы, адаптаванай пад звычайную кухню. На гэта трэба каля 4000 даляраў. Але такая печ — як тры мае духоўкі, і аб’ём вытворчасці значна вырасце. Напэўна, буду браць тэхніку ў крэдыт. Аднак рабіцца юрасобай пакуль не хачу. Цяпер, зыходзячы з маіх тэхнічных, фізічных і матэрыяльных магчымасцей, мяне задавальняе хатняя пякарня. І адных уласных рук таксама пакуль хапае.

«Фішка» — хлеб і паэзія

Ушаччына — край, дзе нарадзіліся волаты беларускага слова: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось, Пятрусь Броўка. Людміла — сама літаратар. І ў сваім рамястве сумяшчае хлеб і паэзію. У кожны пакет з выпечкай яна ўкладае паперку з радкамі любімага паэта — Рыгора Барадуліна. А назву свайму брэнду ўзяла з назвы ягонага верша «Жыта жыцця».

— Спрадвечна для нас, беларусаў, жыта і ёсць жыццё. Можа, прагучыць пафасна, але выпечка хлеба дае мне адчуванне, што я здзяйсняю нейкую місію. Я радая, што сваёй справай прыношу людзям карысць, раблю іх крышачку здаравейшымі і шчаслівейшымі. Як паэтцы, мне хочацца ўзбагачаць пакупнікоў і духоўна. Таму ў вольны час выбіраю са стосіка кніг Рыгора Барадуліна вершы, раздрукоўваю іх і дару замоўцам. Такі асветніцкі дадатак, лічу, — мая «фішка». Некаторыя пасля гэтага нават дастаюць з паліц і перачытваюць паэтычныя зборнікі. Беларуская мова і роднае слова — хлеб для душы.

У Віцебск Людміла вяртацца не збіраецца, хоць тут у яе ўласная кватэра, а ва Ушачах — арандаваная.

— А чаму не хочаце назад у абласны цэнтр? Ці не ўсё роўна, дзе пячы смачны хлеб? І пакупнікоў будзе болей. І цэны можна падняць.

—Не, я павінна быць на ўшацкай зямлі. І пячы хлеб землякам. Дом — там, дзе «душа начуе і прачынаецца», як пісаў Рыгор Барадулін. Мая душа начуе тут.

Фота: Vitebsk.biz

Аднак як жа чалавек можа жыць без мары? У Людмілы яна таксама ёсць:

— Хачу стварыць хлебную арт-прастору, невялічкае беларускае месца, дзе і будзе ўвасабляцца слоган майго брэнда — «Традыцыя. Паэзія. Зямля». Я не хачу называць гэта месца пякарняй. Туды будуць прыходзіць людзі і адпачываць душой. І там будзе ўсё аздоблена вырабамі ручной працы. Гэта маляванкі на сцяне, драўляны посуд, лазовыя кошыкі, керамічныя кубачкі… І, канешне, гарбата з нашых ушацкіх зёлак! А ў касавым чэку замест «Дзякуй за пакупку» будзе афарызм «дзядзькі Рыгора».

Каментары5

  • Пан Януш
    19.07.2023
    Яшчэ і прыгожая. Як пазнаёміцца?
  • Максим Дизайнер
    19.07.2023
    Зашел посмотреть, как нормальная, психически здоровая женщина выглядит.
  • Анфиса
    19.07.2023
    вот же живёт и работает женщина. и никуда за бугор убегать не надо чтобы змагацца там за всё хорошее.

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада6

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада6

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць