Меркаванні

Андрэй Дынько: Пара думак з нагоды маленькай пераможнай вайны з Доліным і Шандаровічам

Ці справядлівы байкот расійскай культуры ў адказ на напад на Украіну? Ці варта запрашаць расійскіх творцаў, калі адмовіліся ўкраінскія? Нежаданне бачыць Доліна і Шандаровіча на «Прадмове» — гэта здаровая рэакцыя «патрыятычнага інтэлектуальнага спажывання» ці сімптом інтэлектуальнай ізаляцыі? Падсумоўваючы — ці правільна было запрашаць Доліна і Шандаровіча? На гэтыя пытанні ў сябе ў Фэйсбуку і Твітары адказаў Андрэй Дынько.

Беларускі і ўкраінскі сцягі на Беларускім доме ў Вільні.

Ці справядлівы байкот расійскай культуры ў адказ на напад на Украіну?

Байкот антыімперыялістычнай плыні ў расійскай культуры цяпер быў бы настолькі ж неразумны і несправядлівы, як байкот Эйнштэйна, Фройда, Гётэ, Мана, Рэмарка ў часы нямецкага нацызму.

У той жа час не толькі мы, цэлы свет і самі расіяне пераасэнсоўваюць многае ў расійскай культуры, шукаючы глыбінныя прычыны таго імперыялізму, які выклікаў гэтую вайну, і таго пачуцця нацыянальнай выключнасці рускіх, і той нецярпімасці да іншых культур і традыцый, на грунце якога ўзрасла тая «прымальнасць ілжы», якая стала нормай у сучасным расійскім і беларускім грамадствах. У гэтым сэнсе многія па-іншаму пачалі прачытваць Дастаеўскага ці Пушкіна. І Чэхаў з яго ўвагай да маленькага чалавека, да яго болю і смешнасці, прачытваецца інакш, і тым больш позні Талстой з яго выкрыццём расійскай імперскай бюракратыі, імперскай царквы — паказальнае тое ўзрушэнне, якое перажыў, прачытаўшы яго «Уваскрасенне», палітвязень Мікалай Дзядок.

Таленавітыя дзеячы расійскай культуры сёння — Андрэй Звягінцаў, Тамара Эйдэльман, Юрый Дудзь — яны як Ман ці Рэмарк у часы нацызму. Астракізм у дачыненні да іх быў бы і амаральны, і нерацыянальны, гэта абсурд быў бы, ксенафобскі абсурд.

Ці варта запрашаць расійскіх творцаў, калі адмовіліся ўкраінскія? Я б інакш паставіў пытанне: а ці трэба такі фестываль увогуле ў нашым тут-і-цяперы?

Ці дарэчны такі фестываль у час вайны? Ці час для «Прадмовы», калі Жадан застаецца ў Харкаве, а Хлыўнюк — у тэрытарыяльнай абароне?

Ці гэта тое, на што павінны траціцца грошы падчас вайны? На гэтай вайне рашаецца, ці будуць існаваць нашы нацыі, беларуская і ўкраінская, ці нас «адменяць». У адрозненне ад выдуманай прапагандай пагрозы расійскай культуры, мы ў рэжыме анлайн назіраем, як у Данецку, Херсоне, Мінску, Магілёве ціха выціраюць усякія сляды нярускай культуры, беларускай і ўкраінскай моваў. Можа быць, тыя грошы замест «Прадмовы» лепш выдаткаваць на зброю для Украіны ці на дапамогу ўцекачам?

«Прадмова» адназначна мела сэнс, калі яна праходзіла ў Мінску і, асабліва ў рэгіянальных цэнтрах. Я не маю адказу на пытанне, ці патрэбная «Прадмова» ў такім фармаце, як сёлета, у гарадах пражывання дыяспары.

«О людзі, сябры мае тут і там», — пісаў у 1920-я эзопавай мовай Купала. «Сябры тут» не могуць сабе дазволіць удзелу ў такога тыпу фестывалях. «Сябры там» маюць перабор такога тыпу магчымасцяў.

У маім разуменні, цяпер беларусам найперш нагвалт патрэбныя базавыя элементы нацыянальнай інфраструктуры. Штосьці маем — СМІ, ЕГУ. Але колькі ўсяго мы не маем! За межамі Беларусі няма ніводнай кнігарні, дзе прадавалася б беларуская літаратура— увогуле ніводнай. Не толькі за межамі Беларусі ніводнага рэальна беларускамоўнага садка, а і ўнутры Беларусі толькі адзін ці два, і гэтыя «ніводзіны» расцягваюцца ў бясконцы спіс.

Падзеі тыпу «Прадмовы» — статусныя, але эфемерныя. Я гэта ўспрымаю як пабудову сцен без падмурка. Ну, і будуць падаць такія сцены.

Нежаданне бачыць Доліна і Шандаровіча на «Прадмове» — гэта здаровая рэакцыя «патрыятычнага інтэлектуальнага спажывання» ці сімптом інтэлектуальнай ізаляцыі?

Я разумею, што кіравала крытыкамі запрашэння Доліна, і паважаю іх эмоцыі. І так, адказ Доліна «Нашай Ніве» быў фанабэрысты. І арганізатары «Прадмовы» сваімі зацяжкамі з рэакцыяй стрэлілі сабе ў нагу. Вайну з Доліным і арганізатарамі Жбанкову і Карпеку выйграць лёгка. Крытыка — паказальная праява дыстанцыявання беларусаў ад расійскага культурнага поля, але я з такім падыходам не згодны.

Давайце ўспомнім «Клуб Алексіевіч». Яе выбар першых гасцей — расійская хрысціянская паэтка Вольга Седакова і расійскі ж паліттэхнолаг Станіслаў Бялкоўскі — быў адарваны ад беларускага парадку дня таго моманту. Ні Долін, ні Шандаровіч — пра Гаралік я нічога не ведаю, на жаль — не адарваныя ад сучаснага парадку дня.

На парадку дня — расійскі імперыялізм, і паслухаць людзей, якія з сярэдзіны назіралі ўздым расійскага імперыялізму, цікава і своечасова.

Каго мне хацелася б бачыць на «Прадмове»?

Не Долін з Шандаровічам больш за ўсё зачапілі ў праграме. Маю ўвагу прыцягнула, што інтэлектуалізм у разуменні арганізатараў зводзіцца да літаратуры, філасофіі і «кіна не для ўсіх». Гэткае разуменне звужае і страшэнна абмяжоўвае.

Інтэлектуалізм — шырэйшае паняцце, гэта пра генерацыю ідэй, аналіз тэндэнцый, фармуляванне парадку дня. У гэтым сэнсе «Прадмове» бракуе гісторыкаў Алега Латышонка і Аляксандра Пашкевіча, журналістаў Арцёма Гарбацэвіча і Мікіты Мелказёрава, блогера Сяргея Чалага і эканаміста Кацярыны Барнуковай, палітолагаў Андрэя Ягорава і Арцёма Шрайбмана, а таксама постацяў кшталту мітрапаліта-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча і прафсаюзнай лідаркі Вольгі Брыцікавай, стэндапераў Камісаранкі і Мірзалізадэ

Палітыка — важны аб’ект для інтэлектуальнага аналізу. Медыцына і яе этыка — таксама. Тэхналагічныя трэнды — таксама.

Для мяне наступствы каланіяльнасці — не ў запрашэнні дзеячоў культуры былой метраполіі, а ў гэтым самазамыканні ў літаратуры, да якой зводзілі беларушчыну савецкія ўлады.

Падсумоўваючы, ці правільна было запрашаць Доліна і Шандаровіча?

Нам трэба бескампрамісна змагацца з фашысцкімі рэжымамі і гэтаксама паслядоўна падтрымліваць антыімперыялістычныя сілы ў Расіі. І запрашаць іх прадстаўнікоў да сябе, бо дзякуючы ім мы будзем лепш ведаць ворага.

Расійскія антыімперыялісты заслугоўваюць падтрымкі. Долін і Шандаровіч — антыімперыялісты.

Чытайце таксама: Алег ЛСП — пра жыццё пасля 24 лютага, творчасць на беларускай мове і плэйлісты Лукашэнкі ды Пуціна. Вялікая гутарка

Каментары

Цяпер чытаюць

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд8

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Усе навіны →
Усе навіны

Прадпрымальніка з Мінска адправілі ў калонію па чатырох палітычных артыкулах

Бойфрэнд Арыны Сабаленкі стаў саўладальнікам французскага футбольнага клуба3

Шасцігадовы сын галкіпера «Баварыі» памёр пасля працяглай хваробы

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных5

Дадаў цыянід у пратэінавы напой. Стаматолаг атруціў жонку, а затым спрабаваў забіць следчага3

Масіраваная атака БПЛА на Расію: пажары на нафтазаводах, радыёзаводзе і выбухі каля вайсковага аэрадрома6

Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі32

Штучны інтэлект можа прывесці да вымірання чалавецтва, папярэджваюць эксперты14

Папулярны блогер Пан Усялян другі раз стаў татам14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд8

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць