Эканоміка

Беларусы не вераць дзяржаве і рублю. Нацбанк паказаў статыстыку па куплі і продажы валюты

Нацбанк апублікаваў гадавую статыстыку куплі і продажу валюты. З яе вынікае недавер насельніцтва да дзяржаўных структур і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. А што адбываецца, калі ў насельніцтва назапашваецца вялікая маса наяўнай валюты, разбіраецца тэлеграм-канал «Нашы грошы».

На працягу года мы назіралі цікавае супрацьстаянне: было незразумела, застанецца насельніцтва чыстым пакупніком валюты ці ўсё ж стане чыстым прадаўцом. Прычым паўгода прасочвалася адна выразная тэндэнцыя, паўгода — іншая. Да чэрвеня насельніцтва стабільна купляла валюту, а ўжо пачынаючы з ліпеня — стабільна больш прадавала.

Урэшце па выніках года, з невялікім адрывам у $53 млн, беларусы сталі ўсё ж чыстымі прадаўцамі валюты.

Прадпрыемствы за год таксама прадалі больш, чым купілі — на $679 млн, і гэта лагічна, дзякуючы добрай экспартнай кан'юнктуры. Замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, прадалі на чыстай аснове $575 млн. Гэтак жа сама больш стабільна прадавалі, чым куплялі, і банкі, але розніца ў іх пры гэтым невялікая — $151 млн.

Увогуле, усе прадавалі валюту. Часта бывае, што ў выніку гэтага значна растуць золатавалютныя рэзервы краіны, але падобнага гэтым разам не адбылося.

Што яшчэ цікавага можна ўбачыць па выніку 2021-га?

Гэты год запомніўся некалькімі незвычайнымі пікавымі паказчыкамі. Насельніцтва прадавала ў месяц па мільярду даляраў у жніўні, верасні, лістападзе і снежні. Раней такога не назіралася, таму можна казаць пра новы ўзровень продажу фізічнымі асобамі замежнай валюты.

Вялікія аб'ёмы валюты прадаюцца, але не нашмат меншыя — купляюцца. Гэта значыць, што ў насельніцтва на руках пастаянна знаходзіцца шмат валюты, яе не імкнуцца пакласці на банкаўскія ўклады і наўрад ці перапрадаюць, імкнучыся гуляць на курсавой розніцы. Усё гэта можа быць звязана з асаблівым стылем ашчадных паводзін — атрымаўшы на рукі «вавёркі», беларусы імкнуцца абараніць сродкі, пераводзячы іх як мага хутчэй у цвёрдую валюту. Калі ж узнікае неабходнасць у беларускіх рублях — даляры аператыўна мяняюць.

Вам гэтая стратэгія нічога не нагадвае? Напрыклад — «ліхія 90-я», калі ўпэўненасці ў людзей не было абсалютна ні ў чым, і ўсе свае грошы яны трымалі ў далярах, прычым — часцяком у рэальнай банцы (трохлітровай, схаванай пад ложкам). Таму што банкам тады ніхто не давяраў.

Так, інфляцыя ў нас не такая як у 90-я, але першыя ластаўкі ўжо выразна бачныя. Гэтыя сімптомы — недавер да ўсіх дзяржаўных структур, нацыянальнай валюце, няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

А што адбываецца, калі ў насельніцтва назапашваецца вялікая маса наяўнай валюты? Што гэта значыць для эканомікі ў цэлым? Гэта павышае залежнасць эканомікі ад паводзін насельніцтва, прадказаць якія досыць складана.

Мяркуючы па ўсім, узмацненне гэтага фактара нявызначанасці бачыць і Нацбанк. Прадбачачы магчымыя праблемы з узнікненнем спантаннай валютнай панікі, галоўны банк краіны купіў каля мільярда даляраў наяўнымі. Каб было зразумела: у пачатку 2021 года на рахунках Нацбанка было ўсяго $24 млн наяўнымі, на 1 лістапада іх стала $420 млн., а 1 снежня — ужо $1 млрд 348 млн.

Што значыць для Нацбанка сысці ў наяўную валюту на такую буйную суму? Гэта значыць, што ён не ўклаў гэтыя грошы ў замежныя дэпазіты і гатовы змірыцца са зніжэннем даходнасці актываў толькі для таго, каб мець магчымасць супрацьдзейнічаць валютнай паніцы. Гэта значыць, Нацбанк настолькі не выключае такога развіцця сітуацыі, што гатовы сядзець на $1,3 млрд грошай, якія не працуюць.

Праблема ў тым, што ў сённяшніх рэаліях мільярд даляраў — гэта ўсяго толькі месячны попыт насельніцтва. У выпадку непрадбачаных абставін запас на «тушэнне пажару» можа вычарпацца досыць хутка, тады прыйдзецца залезці ўжо ў ЗВР.

Сітуацыя нагадвае покер: два гульцы сядзяць насупраць, падазраючы адзін аднаго ў блефе. Насельніцтва не даверае ўраду, урад, чакаючы сюрпрызаў, закупляецца валютай, каб хоць на час стварыць ілюзію спакою і стабільнасці. Найбольш сумна, што гэтае супрацьстаянне становіцца ўсё больш напружаным, нервовым, і пакуль няма ніякіх перадумоў да разрадкі сітуацыі. Але ў выніку, з вялікай верагоднасцю, у пройгрышы могуць апынуцца абодва бакі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША настойваюць, каб у новай дамове аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі акрамя Расіі быў і Кітай

Ціханоўская шукае ў Варшаве касметолага і трэнера па боксе30

Трамп адкрыта выказаў падтрымку Віктару Орбану на выбарах4

Форма зборнай Гаіці выклікала сапраўдны фурор на Зімовых Алімпійскіх гульнях. Але яе ледзь не забаранілі2

Еўракамісія прадставіла прапановы па 20‑м пакеце санкцый супраць Расіі. Яго маюць прыняць да гадавіны вайны

Калеснікава падзякавала за падтрымку і кілаваты цеплыні і святла, якія яны адчула ў апошнія дні12

«Гэта ж махінацыя». Беларуска дапамагла сяброўцы зрабіць польскую візу і атрымала галаўны боль з банкам5

Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі пераязджаюць у Варшаву разам з Ціханоўскай26

У Беларусі пасля «Улі» хочуць абмежаваць цэны на таксі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць