Што за гіялуронавая кіслата, з дапамогай якой скакуны з трампліна павялічвалі пенісы дзеля лепшых вынікаў
Нядаўна Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла, што вывучыць паведамленні пра магчымае выкарыстанне спартсменамі ін'екцый гіялуронавай кіслаты для часовага змянення параметраў цела — дакладней, адной важнай часткі цела. Расказваем, што гэта за рэчыва і на якія яшчэ хітрыкі ідуць скакуны з трампліна.

У скачках з трампліна вынік часта вырашаюць сантыметры і нават міліметры. Як паказала нядаўняе даследаванне, нават нязначныя змены ў канструкцыі касцюмаў для скачкоў могуць дазволіць спартсменам пралятаць далей.
Лыжны касцюм можа працаваць як своеасаблівы парашут: чым большы яго агульны памер, тым большая плошча паверхні, што ўплывае на палёт.
Кожныя дадатковыя два сантыметры дапушчальнага павелічэння памеру касцюма дадаюць каля 5% пад’ёмнай сілы і прыкладна 4% супраціву паветру.
За кошт гэтага скакуны могуць дадаць да выніку на трампліне даўжынёй 130 метраў яшчэ пяць—шэсць метраў, запавольваючы зніжэнне і захоўваючы гарызантальную хуткасць.
Таму спартсмены рознымі спосабамі імкнуцца павялічыць памеры касцюмаў і, як ні дзіўна, у пахавай вобласці, бо менавіта яна служыць базавай кропкай пры вызначэнні дапушчальных памераў касцюма.
Перад пачаткам сезона ўсіх скакуноў абавязкова вымяраюць з дапамогай 3D-сканера. Асаблівую ролю адыгрывае так званая «вышыня кроку» — адлегласць ад падлогі да пахвіны. Гэты параметр з’яўляецца базавым для пашыву касцюма.
Правілы строга рэгулююць яго параметры: дапушчальны люфт складае ўсяго 2‑4 сантыметры, а вышыня кроку ў мужчынскім касцюме можа быць максімум на 3 сантыметры большай за фактычную вышыню пахвіны самога спартсмена.
Калі спартсмену ўдаецца штучна зрушыць гэтую кропку ніжэй, ён аўтаматычна атрымлівае большую плошчу касцюма, што стварае дадатковую пад’ёмную сілу падчас палёту.
Ад паралону да ін’екцый: эвалюцыя хітрасцяў
У мінулым, калі вымярэнні праводзіліся ўручную, спартсмены дзеля лепшых вынікаў клалі паралон вакол яечак або выкарыстоўвалі сіліконавыя ўстаўкі ў прэзерватывах. Аднак цяпер выкарыстанне старонніх прадметаў практычна немагчымае: падчас абмераў, якія праводзяцца ў ніжняй бялізне, заўсёды прысутнічае медыцынскі персанал, што ажыццяўляе пільны кантроль. Таму спартсмены, як сцвярджаецца, шукаюць іншыя шляхі.
На чэмпіянаце свету 2025 года два нарвежскія прызёры — Марыюс Ліндвік і Ёхан Андрэ Форфанг — атрымалі трохмесячныя дыскваліфікацыі пасля таго, як высветлілася, што ў іх камандзе таемна карэктавалі швы касцюмаў у пахавай зоне. Падчас планавай праверкі было ўстаноўлена, што эластычны матэрыял у раёне пахвіны меў празмерную жорсткасць.
Калі касцюмы распаролі, унутры выявілі ўшытыя армаваныя ніткі, якія штучна павялічвалі плошчу паверхні тканіны. Галоўны трэнер, яго асістэнт і супрацоўнік зборнай былі адхіленыя ад працы на 18 месяцаў.

У студзені нямецкае выданне Bild паведаміла, што атлеты нібыта знайшлі новы спосаб абысці сістэму 3D-сканавання — ін’екцыі гіялуронавай кіслаты ў палавы орган.
На мінулым тыдні падчас прэс-канферэнцыі перад зімовай Алімпіядай кіраўніцтву Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) давялося адказваць на пытанне, ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэчаіснасці.
Генеральны дырэктар WADA Аліўе Ніглі адзначыў, што агенцтва пакуль не валодае дэталёвай інфармацыяй, але гатова вывучыць гэтае пытанне ў выпадку з’яўлення канкрэтных фактаў, каб зразумець, ці можа гаворка ісці пра допінг.
У сваю чаргу дырэктар па камунікацыях Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і сноўбордынга (FIS) Бруна Сасі заявіў, што на гэты момант няма ніякіх пацвярджэнняў або доказаў таго, што хто-небудзь са спартсменаў сапраўды карыстаўся такімі ін’екцыямі.
Што за гіялуронавая кіслата
Гіялуронавая кіслата — гэта натуральнае рэчыва, якое першапачаткова прысутнічае ў арганізме кожнага чалавека, у скуры, суставах і вочных яблыках. Яна вядомая сваёй унікальнай здольнасцю ўтрымліваць вільгаць: навукова даказана, што адна малекула гэтай кіслаты можа звязваць колькасць вады, якая ў тысячу разоў перавышае яе ўласную вагу. Дзякуючы гэтым уласцівасцям прэпарат набыў шырокую папулярнасць у сучаснай касметалогіі і медыцыне.
Гіялуронавую кіслату часта выкарыстоўваюць у выглядзе філераў для твару: робяць ін’екцыі ў вусны для надання ім дадатковага аб’ёму, карэктуюць форму скул або запаўняюць глыбокія маршчыны. Акрамя эстэтычных мэт, яе шырока ўжываюць і ў медыцыне — напрыклад, у выглядзе ўколаў у суставы для паляпшэння іх рухомасці і змазкі тканак.
Калі ж разглядаць магчымы выпадак са скакунамі з трампліна, то выкарыстоўваецца той самы прынцып, што і пры павелічэнні вуснаў. У сучаснай мужчынскай уралагічнай і пластычнай практыцы прымяняюцца шчыльныя філеры на аснове гіялуронавай кіслаты.
Пры ўвядзенні рэчыва непасрэдна пад скуру палавога органа можна дамагчыся часовага павелічэння яго абхвату (але не даўжыні) на адзін-два сантыметры, прычым эфект можа захоўвацца ад 6 да 18 месяцаў.
Біясумяшчальнасць і натуральны выгляд органа пасля ін'екцыі дазваляюць непрыкметна праходзіць нават пільны медыцынскі кантроль. Пры гэтым лішні аб’ём у пахвіне заніжае «кропку кроку», што дае права на шырэйшы касцюм з лепшай аэрадынамікай.
Паводле інфармацыі Bild, асобныя нацыянальныя зборныя хацелі б, каб перад Алімпійскімі гульнямі FIS правяла дадатковыя паўторныя 3D-абмеры, каб выправіць магчымыя памылкі або злоўжыванні. Аднак кіраўнік па матэрыялах FIS Маціяс Хафеле заявіў, што пакуль гэтага рабіць не плануецца, хоць унутры федэрацыі ўжо вядзецца праца над удасканаленнем методыкі. Мэта — зрабіць так, каб вызначальнай пры вымярэнні была будова шкілета (а менавіта косткі таза), а не мяккія тканкі.
Каментары