Грамадства

У камандзе Латушкі з’явіўся адказны за гарады-пабрацімы. Ці важны гэта кірунак?

Да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) далучыўся 64-гадовы Аляксандр Івачоў. Ён стаў адказным за супрацу з гарадамі-пабрацімамі.

Пра існаванне інстытута пабрацімства між гарадамі ведае, мабыць, кожны, але, здаецца, гэта не самы прыярытэтны кірунак дзейнасці. Дык для чаго НАУ патрэбны такі чалавек?

«Наша Ніва» пацікавілася пра гэта ў самога спадара Івачова, а таксама кіраўніка каманды, што адказвае за знешнюю палітыку і гандаль у НАУ, — Анатоля Котава.

Аляксандр Івачоў на сваім балконе ў Брэсце. Фота b-g.by

Аляксандр Івачоў родам з расійскага Уладзівастока. Кажа, што па маладосці хіпаваў, і калі яго выгналі з універсітэта на радзіме, то паехаў у Брэст. Тут паступіў на вучобу наноў, пазней знайшоў жонку, пабудаваў кар’еру і сям’ю. З адукацыі Івачоў архітэктар, але папрацаваў у гэтай сферы зусім нямнога.

У 90-я пад кантролем Івачова было некалькі турыстычных фірмаў, займаўся і іншым бізнэсам, у тым ліку будаўнічым. Апошнія гадоў дзесяць засяродзіўся на грамадскай дзейнасці: гэта і Саюз прадпрымальнікаў, і Цэнтр садзейнічання развіццю агратурызму, заснаваў асацыяцыю «Брэсцкая гасціннасць», а таксама грамадскую арганізацыю «Пабрацімы Брэст — Шусенталь».

Калі ў Беларусі ў жніўні пачаліся важныя палітычныя падзеі, то Івачоў быў сярод тых, хто адразу падтрымаў людское паўстанне. Праз што і вымушаны быў з’ехаць за мяжу ў верасні 2020 года.

Івачоў — гэта той музыка, які выконваў на фартэпіяна «Свяшчэнную вайну» і іншы рэпертуар, калі пратэстоўцы хадзілі ў Брэсце па вуліцы Савецкай. На балконе ў Івачова вісеў плакат «Музыка з народам». Самае цікавае, што на фартэпіяна ён навучыўся граць толькі ў 56 гадоў, у памяць аб памерлай жонцы, якая якраз і вучыла людзей музыцы. Кажа, так лягчэй пераносіць страту любімага чалавека. Пасля такіх нядзельных канцэртаў у мужчыны пачаліся праблемы, яго выклікалі ў міліцыю.

Спачатку Івачова прытулілі ў сябе нямецкія сябры, з якімі ён падтрымлівае кантакт ужо пару дзесяцігоддзяў, а потым ён напісаў канцэпцыю развіцця гарадоў-пабрацімаў, якую накіраваў у НАУ. Там ідэя прыйшлася даспадобы, таму Івачова запрасілі ў каманду.

«Яшчэ 30 гадоў таму я ўдзельнічаў у прыняцці ў Брэсце першай нямецкай дэлегацыі — з Равенсбурга і Вайнгартэна, так і зацікавіўся тэмай, — кажа ён. — Часта бывае, што адміністрацыі нашых гарадоў заключаюць пагадненне аб пабрацімстве, але ўсё гэта сканчваецца толькі бюджэтным турызмам у тыя мясціны, а трэба, каб гэты інстытут прыносіў вынікі».

Аляксандр Івачоў мяркуе, што на прыкладзе гарадоў-пабрацімаў жыхары Беларусі могуць вучыцца функцыянаванню на Захадзе грамадзянскай супольнасці, падтрымкі лакальных ініцыятыў, а ў перспектыве і пераняцця досведу мясцовага самакіравання. «Гэта ж выдатна, калі нашы людзі з нямецкімі партнёрамі змогуць знутры паглядзець, як функцыянуюць гарады, як фарміруецца грамадзянская супольнасць там. Гэта крайне важна для стратэгічнага развіцця Беларусі».

Ці магчыма тут адабраць ініцыятыву ў гар- і райвыканкамаў, якія звычайна такія пагадненні і заключаюць? Івачоў упэўнены, што так. І для ілюстрацыі прыводзіць свой прыклад рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Пабрацімы Брэст — Шусенталь». Дзякуючы гэтаму аб’яднанню ў Брэсце праходзілі музычныя фестывалі, іншыя культурніцкія мерапрыемствы. Прычым ініцыятыва падтрымлівалася не толькі нямецкім бокам, але і польскім консульствам.

Калі ў жніўні ў Беларусі пачаліся арышты, збіццё і гвалт над людзьмі, то Івачоў накіраваў лісты ў гарады, якія з’яўляюцца пабрацімамі з Брэстам. Вельмі хутка адрэагавалі ў нідэрландскім Кувердэне, дзе над ратушай вывесілі бел-чырвона-белы сцяг, а потым далучыліся і гарады нямецкага поўдня. Усе яны заклікалі спыніць гвалт і правесці справядлівы падлік галасоў. Так што Івачоў упэўнены, што перахапіць тут ініцыятыву ва ўладаў цалкам магчыма.

Анатоль Котаў таксама лічыць, што гэта «класная рэч». «І глядзець на тэму гарадоў-пабрацімаў можна праз вугал дапамогі, якую людзі там могуць аказваць беларусам. Напрыклад, нейкі музычны гурт вымушаны з’ехаць праз пераслед у Беларусі, і ім з радасцю дапамогуць у горадзе-пабраціме іх населенага пункту. Не трэба забывацца, што ў Еўропе гарады — гэта асобныя адзінкі, з уласным бюджэтам. 7 лютага будзе адзначацца Дзень салідарнасці з Беларуссю, і калі гарады-пабрацімы далучацца масава да гэтай акцыі, то будзе вельмі файна».

Каментары

Цяпер чытаюць

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя8

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі пілот загінуў пры крушэнні верталёта ў Лівіі1

У Гомелі не раскупілі квіткі на прапагандысцкі фільм Азаронка6

Топ-менеджарку OpenAI звольнілі за сэксуальную дыскрымінацыю супрацоўніка-мужчыны4

«Усё прадалі ў Расію?» З беларускіх крам знік папулярны прадукт4

У МЗС расказалі пра візіт у Мінск афіцыйнага прадстаўніка Францыі1

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе34

Пальмавы алей і глазура замест шакаладу. Як расійскія цукеркі выціскаюць беларускія з паліц крам4

Развітанне з Раманам Цымберавым адбудзецца ў пятніцу

Італьянская гарналыжніца стала алімпійскай чэмпіёнкай, менш чым за год аднавіўшыся пасля цяжкага пералому

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя8

Круіз на цеплаходзе «Белая Русь» па рэках Палесся каштуе як адпачынак у Турцыі. Але каюты на вясну-лета амаль выкупленыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць