Улада77

Ліберман угаворвае Беларусь не сябраваць з Іранам

Міністр замежных справаў Ізраілю Авігдор Ліберман паведаміў, што Ізраіль інвестуе 500 мільёнаў даляраў у праект беларускай «Сіліконавай даліны». Краіны чакаюць эканамічнага скачка ва ўзаемадачыненнях.

Пасля перамоваў у МЗС і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, міністр замежных справаў Ізраілю Авігдор Ліберман разам з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым далі невялікую прэс‑канферэнцыю.
Перад гэтым бакамі была падпісаная дамова аб супрацоўніцтве ў культуры, навуцы і адукацыі на 2009 — 2012 гады.

Сяргей Мартынаў сказаў, зыходным пунктам у стасунках паміж краінамі з’яўляюцца нашы суайчыннікі, якія пражываюць у Ізраілі, але не губляюць сувязі з Радзімай. «Трэба перавесці чалавечыя кантакты ў эканамічныя, якія пакуль што жадаюць лепшага», — зазначыў С.Мартынаў.

На ягоную думку, стасункі патрэбна развіваць у такіх галінах, як сельская гаспадарка, турызм высокія тэхналогіі, бізнес. «Мы чакаем эканамічнага скачка ў нашых кантактах», адзначыў беларускі міністр.

На сённяшні дзень Ізраіль збіраецца інвеставаць у беларускую эканоміку, у праект «Сіліконавая даліна». «
Спадзяюся, што гэты праект стане флагманам, які дапаможа прыйсці ў Беларусь іншым інвестыцыям», — сказаў А.Ліберман.

«Прыйдзе час і візітам на вышэйшым узроўні», — запэўніў Ліберман. Міністр адзначыў, што прэзідэнт Ізраілю Шымон Перэс выхадзец з Беларусі, і «ён любіць сюды прыязджаць».
Авігдор Ліберман адзначыў, што падчас бліжэйшай сустрэчы з прэзідэнтам будзе абмяркоўваць і гэтае пытанне. Таксама ён запрасіў наведаць Ізраіль з візітам у адказ Сяргея Мартынава.

Значная частка выступу Авігдора Лібермана была прысвечаная пытанню беларуска‑іранскіх стасункаў. «Безумоўна, гэтая тэма падымалася. Для нас яна вельмі істотная, найперш з маральнага гледзішча. У Іране спрабуюць перапісаць гісторыю, аспрэчыць Халакост, іхны прэзідэнт абяцае сцерці Ізраіль з сусветнай карты. Разам з тым, большасць еўрапейскіх краін падтрымліваюць стасункі з Іранам. Для нас непрымальна, калі Сарказі сустракаецца з іранскім міністрам. Іран — пагроза нестабільнасці на Блізкім Усходзе. Усе баевікі праходзяць там падрыхтоўку, ці карыстаюцца іранскімі грашыма. Спадзяюся, што мы знойдзем узаемаразуменне па гэтым пытанні», — сказаў Ліберман.

Варта адзначыць, што Авігдора Лібермана падчас прыезду ў Мінск суправаджае былы пасол Ізраілю ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е. Па нашых звестках сп.Бен‑Ар’е цяпер з’яўляецца дарадцам Лібермана па пытаннях краін СНД.

Зміцер Панкавец

* * *

З міністрам замежных справаў Ізраілю Авігдорам Лібэрманам сустрэліся кіраўнік Беларусі і міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Запланаваная таксама сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімірам Макеем.

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на падтрымку Ізраілю ў справе наладжваньня стасункаў з Эўропай і ЗША. Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў у часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Ізраілю Авігдорам Лібэрманам.

«Мы будзем удзячныя, калі ваш пэрсанальны ўнёсак, аўтарытэт Ізраілю паслужаць нармалізацыі стасункаў ня толькі з Эўропай, але і з Амэрыкай», – заявіў Лукашэнка.

«Ізраіль – краіна для нас не чужая, перад усім, бо там пражывае не адзін дзясятак тысячаў, не адна сотня тысячаў нашых суайчыньнікаў. Лёс гэтых людзей нам неабыякава», – заявіў Лукашэнка.

Раней адбылася сустрэча Авігдора Лібэрмана з ягоным беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў зазначыў, што ў Беларусі з Ізраілем заўсёды былі «нармалёвыя, роўныя адносіны». «Гістарычна паміж краінамі склаліся самыя добрыя стасункі», – падкрэсьліў міністар.

Мартынаў заклікаў паляпшаць магчымасьці для кантактаў людзей і эканамічнага ўзаемадзеяньня.

Авігдор Лібэрман прызнаў, што пакуль няма добрых вынікаў эканамічнага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што неабходна разьвіваць кантакты «на чалавечым узроўні».
«Прыклад тут падае вялікая беларуская дыяспара, якая прысутнічае ў Ізраілі, і вельмі актыўна працуе.

Міністар замежных справаў Ізраілю адзначыў збалянсаваную пызыцыю Беларусі ў часе вайсковай апэрыцыі ў Сэктары Газа.

* * *

Намеснік прэм'ер-міністра – міністр замежных спраў Дзяржавы Ізраіль Авігдор Ліберман 3-5 чэрвеня з рабочым візітам наведвае Беларусь. Гэта першы візыт прадстаўніка Ізраілю такога ўзроўню за апошнія 15 гадоў.

Паводле Радыё Свабода

Каментары7

Цяпер чытаюць

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне10

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

Усе навіны →
Усе навіны

У Іране абверглі заяву Трампа, што яны звярталіся да яго з просьбай спыніць агонь3

У беларускіх лясах ужо пайшлі першыя смаржкі

Вялікабрытанія ініцыявала стварэнне міжнароднай кааліцыі для разблакавання Армузскага праліва9

У Беларусі створаць адзіную дзяржаўную сістэму продажу квіткоў4

Беларус «паабяцаў сям'і дабрабыт» і завербаваўся на вайну. Знік без звестак у мясным штурме — і жонка плача, што няма чаго есці21

У Літве пачалі судзіць абвінавачаных у тэрарызме, на лаве падсудных і беларус1

Пад Лідай кіроўца збіў дзвюх пенсіянерак на роварах. Адну насмерць2

У ЗША прадалі бутэльку віна больш чым за 800 тысяч даляраў2

КДК сабраў скаргі ад беларусаў па пытаннях зарадкі электрамабіляў. Што не так?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне10

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць