Грамадства44

«Жыццё пастаўлена на паўзу»: лідар БСДП распавёў, як усёй сям'ёй пайшлі на самаізаляцыю па каранавірусе

Жонка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алена Барысава захварэла на каранавірус. «Народная Воля» пацікавілася ў Ігара і Алены Барысавых падрабязнасцямі.

— Ігар, як ваша здароўе?

— Маё нармальна, а вось жонка хварэе. Пачалося з таго, што спачатку яна перастала адчуваць пахі. Дні праз тры-чатыры пачала крыху панікаваць, звярнулася ў паліклініку, там узялі тэст. І праз два дні пацвердзілася, што ў яе каранавірус. Недзе праз дзень падвысілася тэмпература, але не надта крытычна. Яшчэ ў жонкі насмарк, аднак іншых сімптомаў няма. Доктар да нас прыходзіла, паслухала жонку, сказала, што з лёгкімі ўсё нармальна.

— Праблем з дыханнем няма?

— Не.

— А дзеці? У школу ходзяць?

— Не. Інфармацыю амаль адразу пераслалі ў дзіцячую паліклініку, адтуль прыехалі ўзяць у дзяцей тэсты. Яны таксама на самаізаляцыі.

І я падпісаў афіцыйныя паперкі, што сыходжу на самаізаляцыю як кантакт першага ўзроўню. Так што тэсты мы здалі ўсёй сям’ёй.

— Для вас гэта, калі не памыляюся, ужо другі тэст на каранавірус. Першы раз здавалі, калі вярталіся з падарожжа па Амерыцы?

— Не, што вы! Тады па прылёце ў Мінск у аэрапорце ў мяне нават пашпарт не праверылі, бо я з Масквы ляцеў. Ні пра якія тэсты ўвогуле гаворкі не было!

— Бачу, вы аптымістычна трымаецеся, не падаеце духам…

— Ну так. Адзінае, канешне, не надта прыемна адчуваць сябе скаваным, бо нельга выходзіць з дома ад двух да трох тыдняў — у залежнасці ад таго, што пакажуць тэсты.

— Быццам жа скарацілі тэрміны каранціну?

— Самаізаляцыя — два тыдні, а 10 дзён — гэта новая норма для тых, хто вяртаецца з краін з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам.

— Але вы на бальнічным?

— Так, даюць на 21 дзень па каранавірусе, наколькі я разумею…

Жыццё часова нібыта пастаўлена на паўзу. У краму і аптэку хадзіць можна, а больш — нікуды. І перыядычна міліцыя будзе правяраць, як мы выконваем рэжым самаізаляцыі.

— Хвароба — такая штука, якая можа ў любы момант парушыць твае планы.

— Так, хвароба і смерць прыходзяць тады, калі іх чакаеш менш за ўсё. Але ўсё будзе добра, прарвёмся, я перакананы!

Алена Барысава:

— Тэмпература ў мяне была ўвесь час невялікая, каля 37,1, — распавяла Алена Барысава. — Адзінае што — першыя дні адчувала слабасць, нават падумала: відаць, было шмат працы і я проста моцна стамілася. І пахі зніклі. Але зараз яны ўжо паціху вяртаюцца.

— Бачу, што многія людзі неяк расслабіліся, быццам каранавіруса не існуе: і ў магазіны ходзяць без масак, на акцыі пратэсту таксама… Вы захоўвалі меры бяспекі?

— Канешне! Я месцы агульнага карыстання наведвала толькі ў масцы. Ну хіба толькі ў сцяпянскім лесе гуляла з дзецьмі без маскі. У мяне ёсць антысептык-спрэй — ён таксама ўвесь час са мной. І на працы мы апрацоўвалі антысептыкам ручкі дзвярэй, рукі мылі — гэта абавязкова!

— Адным словам, адкуль заляцеў да вас гэты вірус — незразумела?

— Так. І я з верасня не хадзіла на мірныя дэманстрацыі, таму сама здзіўляюся, дзе магла падчапіць хваробу. І нават па магазінах Ігар часцей за мяне ходзіць, я вельмі рэдка.

— Тэст вам рабілі які? Па крыві?

— Не, бралі мазок з носа. Кроў дактары рэкамендуюць здаваць на дзясяты-трынаццаты дзень пасля таго, як хвароба ўжо праявілася. Бо раней ён можа проста не паказаць дакладны вынік.

Дарэчы, з сімптомаў у мяне акрамя насмарку толькі голас крыху змяніўся.

— Я чую: крыху сіпаты… Антыбіётыкі вам прызначылі ці якія іншыя лекі рэкамендавалі?

— Антыгістамінныя прэпараты, бо быў невялікі ацёк носа і горла. «Сінупрэт» яшчэ, і сказалі піць вялікую колькасць вады.

Днямі доктар нават вечарам прыбегла мяне паслухаць, каб ускладненні раптам на лёгкія не пайшлі.

— На камп’ютарную тамаграфію не накіроўвалі?

— На самай справе няма падстаў для КТ, бо ў мяне каранавірус працякае ў форме лёгкай прастуды. У мяне раней была пнеўманія без кашлю, таму я добра ведаю, як тады баліць, якія сімптомы, — зараз нічога такога няма.

— Лічбы па каранавірусе, канешне, у краіне растуць…

— І я, здаецца, разумею, чаму так адбываецца. Напрыклад, я сваіх дзяцей яшчэ на мінулым тыдні ізалявала, калі ў мяне толькі з’явіліся падазрэнні на COVID-19. У школу не пусціла.

На нашу 14-ю паліклініку прыходзіцца да 70 чалавек у дзень з падазрэннем на каранавірус — гэта тыя людзі, да якіх выязджае кавідная брыгада. І справа ў тым, што, пакуль я чакаю выніку тэста на каранавірус, мае дзеці і ўсе члены сям’і (і я таксама!) можам хадзіць і бываць дзе заўгодна! Ніякай забароны няма. Я нават тэлефанавала загадчыцы дзіцячай паліклінікі з гэтым пытаннем. Яна сказала: няма падстаў не пускаць дзяцей у школу. Дык а з маральнага боку: як я аднаго дзіцёнка павяду ў дзіцячы садок, а другую — у школу, калі ў мяне ёсць адпаведныя сімптомы і небеспадстаўнае падазрэнне на каранавірус?!

Больш за тое: папярэджанне аб самаізаляцыі падпісала толькі я, а мае дзеці ўсё роўна могуць хадзіць у садок і школу. Але ж яны жывуць са мной у адной кватэры, мы кантактуем. Мне падаецца, што калі ёсць падставы, калі ўзялі мазкі, то правільна было б пасядзець на ізаляцыі да атрымання вынікаў тэста ўсёй сям’і. І мы, дарэчы, так і зрабілі. Але ж нехта не сябруе з галавой і працягвае наведваць грамадскія месцы. Я і ў паліклініцы пра гэта сказала, і мне — быццам як выключэнне — далі даведку для школы і садка.

Людзі самі разносяць гэтую інфекцыю, і без масак шмат хто ходзіць. Вось таму ў нас і растуць штодзень лічбы па каранавірусе.

— Алена, здароўя вам і ўсёй вашай сям’і!

— Дзякуй!

Каментары4

Цяпер чытаюць

Лукашэнка сустрэўся са спецпасланнікам Трампа Кітам Келагам19

Лукашэнка сустрэўся са спецпасланнікам Трампа Кітам Келагам

Усе навіны →
Усе навіны

Навуковец патлумачыў, чаму Мінск сёлета так зарос травой7

Ці будуць сёлета чарніцы? У тыктоку правялі пераклічку1

Ансамбль «Песняры» будзе выпускаць пад сваім брэндам гарэлку4

У ізраільскай Хайфе 17 чалавек параненыя пасля іранскага ракетнага ўдару6

У Мінску хочуць кінуць студэнтаў на скошванне травы8

Падчас візіту Пуціна ў Санкт-Пецярбург там адключылі інтэрнэт1

Алексіевіч пра сілавы сцэнар: Я чула гэта ад Пракоп'ева. А чаго ж ён сам паехаў у Амерыку і адкрыў рэстаран у бітве за Радзіму?61

Міністр спорту хоча ўключыць беларускія футбольныя клубы ў расійскі чэмпіянат11

З ААЭ ў Нідэрланды экстрадавалі былога гульца маскоўскага «Спартака». На радзіме яму пагражае сем гадоў турмы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка сустрэўся са спецпасланнікам Трампа Кітам Келагам19

Лукашэнка сустрэўся са спецпасланнікам Трампа Кітам Келагам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць