Андрэй Расінскі. Кадры3434

Дарагія расіяне! Прыміце мае спачуванні

Выйшаў на экраны «Тарас Бульба» Ўладзімера Бартко.

posterТарас Бульба
Расея, 2009, каляровы, 100 хв.
Рэжысёр: Уладзімер Бартко
Ролі выконваюць: Багдан Ступка, Ігар Пятрэнка, Уладзімер Удавічэнкаў, Магдалена Мельцаж, Уладзімер Ільін, Юры Бяляеў, Міхаіл Баярскі, Ада Рагоўцава, Даніэль Альбрыхскі
Жанр: Гераічная драма паводле аповесці Мікалая Гогаля
Адзнака: 4 (з 10)

На карціну Ўладзіміра Бартко «Тарас Бульба» я ішоў у прадчуванні добрага відовішча. Чаго яшчэ чакаць ад сакавітых і яскравых твораў Гогаля? Дый рэжысёр, які паставіў «Сабачае сэрца» і «Ідыёта», зазвычай ставіцца да класікі ашчадна.

Ёсьць дзве версіі «Тараса Бульбы» — 1835 і 1842 году. У рэдакцыі 1835 г., надрукаванай упершыню ў зборніку «Міргарад» і прынятай ва Ўкраіне, няма доўгіх разважанняў пра «рускую зямлю» і праваслаўнага цара. У версіі 1842 г., якая больш даспадобы расійскаму чытачу і ідэолагу, яны ёсць. Абедзве версіі складзеныя рукою Гогаля. То бок, Мікалай Васільевіч, з характэрным для сябе гумарам, шыкоўна разыграў нашчадкаў. Дый «рускае» для ўкраінца і беларуса — гэта спадчына праваслаўнай культуры, нават і Скарынава Біблія Руская. Для расіяніна ж «рускае» — сінонім культурнага набытку сённяшняй Расіі...

Словы пра «святую рускую зямлю» і пра «рускага цара» паўтараюцца ў фільме з безнадзейнаю надакучлівасцю (у Гогаля гэта не сумна). Ворагі‑палякі пазбаўленыя ўсякіх прыкметаў чалавечнасці. Хоць Гогаль прызнаваў за імі і сваю праўду, і свой гонар. Здраднік Андрый – пад бел‑чырвона‑белым (?!!) сцягам. Бартко нават дапісаў аповесць, уклаўшы ў вусны геапалітычных праціўнікаў словы, быццам пазычаныя з расейскіх навінаў: «Яны не людзі!» Выйшла пляскатая агітка.

Не ратуюць карціну нават вочы Багдана Ступкі, які ідэальна пасуе для ролі Тараса Бульбы.

У фільме процьма натуралістычных сцэнаў, якія ўражваюць падрабязнасцю. Гогаль не хаваў жорсткасці тых часоў — але да чытача ставіўся з павагаю. Экранізатары ж не шкадуюць забароненых сродкаў: праколатыя целы, адсечаныя рукі й ногі, кроў і пырскі на ўвесь кадр.

Раскрытая й кананічная для трэшава‑эксплуатацыйнага жанру «тэма цыцак», хаця расейцы, здаецца, пнуліся здымаць эпас.

І так — амаль дзве гадзіны: вылізана‑вялыя кадры без аніякай душы; натужлівы гераізм пад навязлівую музыку. І спіты Д’Артаньян, Міхаіл Баярскі ў ролі казацкага героя Масія Шылы.

Дый не ў дэталях справа. Усё напісанае Гогалем — жывое. А фільм выйшаў фальшывы. Гэта тым болей дзіўна, што Ўладзімер Бартко – рэжысёр далёка не апошняга эшэлону.

Значыць, праблема не ў рэжысёры, а ў агульным стане расійскай свядомасці. У нейкім агульным фоне і змене падставаў.

За Гогалем — нязнішчаная стыхія ўкраінскай мовы, сакавітыя фарбы і жывая душа. У фільме — бяздушна‑стэрыльны зык, «правільная» карцінка і закадравы каментар Сяргея Бязрукава ў традыцыях пуцінскай тэлевізіі.

За Гогалем — казацкая вольніца, разгул народнае дэмакратыі і ёлкі водар свабоды. За фільмам — скасцянелае чынушанаванне, тысячагадовае рабства і мёртвыя вочы чэкіста, што пільнуюць краіну.

За Гогалем — зваба Імперыі, што была ў зеніце магутнасці і спакусіла ўкраінскага выхаванца Неўскім праспектам. За фільмам — дробная прынцыповасць Івана Іванавіча, які звягліва вінаваціць Украіну ва ўсіх смяротных грахах і не здольны ўсвядоміць уласны камізм.

Дарагія расіяне! Прыміце мае спачуванні.

«Тарас Бульба» — ужо не ваша гісторыя.

А нашаю яна ніколі й не была.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Каментары34

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё палажэнне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё палажэнне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?39

Віцебскі праўладны блогер прапануе выдаваць інтэрнэт па даведках3

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца68

У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі7

Падчас начной атакі ўкраінскіх дронаў у порце Выбарга быў пашкоджаны найноўшы расійскі ледакол1

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

Кім Чэн Ын сустрэў Лукашэнку ганаровай вартай на белых конях10

Орбан заявіў, што спыняе пастаўкі газу ва Украіну

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё палажэнне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё палажэнне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць