Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»88

Гаваркія галовы, дубль два

Выступаючы ў СМІ, шэраг дэмакратаў проста прадублявалі тое, што звычайна пішацца ва ўлётках. У дні, калі такая прадукцыя трапляе ў паштовыя скрыні, яе асобнікамі заўжды засьмечаны мой пад'езд: ладная частка абываталяў выкідвае агіткі не чытаючы. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Атракцыён нечуванай шчодрасьці: ЦВК ініцыяваў паўтор кандыдацкіх выступаў у тэле- ды радыёэфіры, прычым у прайм-тайм! Во як хочацца спадабацца назіральнікам цяжкавымаўляльнага БДІПЧу!

Гэты шырокі жэст лішні раз даводзіць:

крыхі галоснасьці з уладнага стала ёсьць толькі імітацыяй свабоды слова. Такая паказуха не пагражае асновам рэжыму, яго мэдыйнай манаполіі.

Кладучы руку на сэрца: ці многія з вас сыстэматычна глядзелі/слухалі выступы кандыдатаў па тэлебачаньні ды радыё? І другое пытанне: ну і як вам гэты парад гаваркіх галоваў?

Маё эмпірычнае апытаньне паказала:

1) нават з палітычна ангажаванай публікі мала хто выкраіў час для прагляду тых тэле- і радыёзваротаў;

2) за рэдкім выключэньнем, выступоўцы ня ўразілі.

Што да нязручнага эфірнага часу, тут усё зразумела. Што ж да банальнасці ды іншых хібаў перадвыбарчай рыторыкі ў межах гарантаваных кандыдатам квотаў, дык тут ёсьць і суб'ектыўныя, і аб'ектыўныя прычыны.

У сьвядомасьці часткі дэмакратаў жыве наіўная ілюзія, што дастаткова толькі выгукнуць прагрэсіўныя лозунгі на аўдыторыю ці гучна заклеймаваць рэжым — і мы перавернем сьвет.

Нічога падобнага.

Трэба яшчэ і ўмець свае ідэі ўпакаваць, падаць прыгожа, эфэктна, нестандартна. Зачапіць нэрву паўсядзённых інтарэсаў аўдыторыі. Многія кандыдаты не змаглі гэтага зрабіць.

Бракуе ня толькі крэатыву, але і элемэнтарнай практыкі (адкуль ёй узяцца?). Мала хто можа зь першага разу разьняволена пачувацца перад мікрафонам ці тэлекамэрай. Ведаю, што АДС спрабавалі зладзіць трэнінгі, але далёка ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты сур'ёзна да гэтых экзэрсысаў паставіліся. Карацей, многія пайшлі па схеме "сам сабе рэжысэр".

Ну а ў газэтах шэраг дэмакратаў, не перанапружваючы мазгі, проста прадублявалі тое, што звычайна пішацца ва ўлётках. У дні, калі такая прадукцыя трапляе ў паштовыя скрыні, яе асобнікамі заўжды засьмечаны мой пад'езд: ладная частка абываталяў выкідвае агіткі не чытаючы.

Другі момант палягае ў тым, што фармат гаваркіх галоваў сам па сабе ня надта эфэктны. Ды і ў газетах стандартныя брусочкі тэкстаў-праграмаў — апрыёры ня самае прыцягальнае чытво.

У высокіх кабінэтах усё гэта выдатна разумеюць. Таму і пайшлі на такі вось атракцыён нябачанай эфірнай шчодрасьці.

Але найболей засмучае тое, што самі змагары за сьветлую будучыню зацыкліліся на гэтых эфірных квотах, на доступе да дзяржаўных мэдыяў.

Практычна ніхто з апазыцыйных палітыкаў не артыкулюе сыстэмна патрабаваньне свабоды СМІ. Ды і Захад, захапіўшыся "акном магчымасьцяў", рэдукаваў свае патрабаваньні ў гэтай галіне.

Неяк хутка забыліся, што драконаўскі закон аб СМІ, заклеймаваны на стадыі абмеркаваньня ў Палаце, не рассмактаўся: ён падпісаны і са студзеня пачне дзейнічаць.

Усё круціцца вакол выбараў у тую самую Палату, якая нічога сама не вырашае.

Між тым я глыбока перакананы: гарантыі нармальнай працы мэдыяў — гэта нашмат важней, чым як пара мандатаў ў ніжняй палаце бутафорскай на сёньня інстытуцыі.

У прыватнасьці, зараз, калі ўлада трохі манэўруе, самы час паставіць рубам пытаньне аб вяртаньні ў падпісныя каталёгі ды шапікі пэрыёдыкаў (пачынаючы ад "Нашай нівы"!), выкінутых з нацыянальнае сыстэмы распаўсюду напярэдадні выбараў-2006.

І увогуле: на добры лад,

пасьля вызваленьня палітвязьняў менавіта пытаньне свабоды прэсы мусіць выйсьці на першы плян у патрабаваньнях да кіроўнай вярхоўкі.

Зразумела, так яна і разгоніцца… Але ж кропля камень точыць.

Моцная сыстэма незалежных СМІ падтачыла б рэжым хутчэй, чым усе віртуальныя кааліцыі. Гэта быў бы ўжо не калейдаскоп гаваркіх галоў гады ў рады, а пэрманэнтны інфармацыйны прэсінг на ўладу, пастаяннае артыкуляваньне альтэрнатыўных поглядаў на разьвіцьцё краіны, прычым не ў дубовым фармаце, а дыскусійна, кідка, цераз прафэсійны падыход, журналісцкі крэатыў.

Зрэшты, ня варта ўсё зводзіць да праблемы змаганьня з рэжымам.

Цывілізаваная мэдыйная сыстэма проста жыцьцёва неабходная нашай краіне, каб мы не апынуліся ў трэцім сьвеце, адстаўшы ад эпохі інфармацыйнага грамадзтва.

ЗЫ. Ужо закінуўшы на сайт гэты тэкст, я ўключыў "Лад". Анатоль Лябедзька ў сваім выступе сказаў пра неабходнасьць стварыць грамадзкае тэлебачаньне, вярнуць з эміграцыі "Народную волю" ды іншыя рэпрэсаваныя пэрыёдыкі. Адзін зь нямногіх апазыцыйных палітыкаў, хто публічна артыкуляваў праблему свабоды мэдыяў. Нібыта прачытаў гэты постынг :)

ЗЗЫ. Маё "ЗЫ" акурат ілюструе розьніцу між дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ: зьявілася інфармацыйная нагода — можна зрэагаваць без узгадненьня з адміністрацыяй :)

Каментары8

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Сірата з асаблівасцямі развіцця з Хойнікаў аказаўся на вайне супраць Украіны. Апякун кажа, што падманам4

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал17

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў24

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць