
Фота мае ілюстрацыйны характар
Мінскі кухар вырашыў абрабаваць саўну пасля праведзенай там ночы з дзвюма дзяўчынамі, паведаміла прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС горада Мінска Таццяна Абозная.
24-гадовы малады чалавек пазнаёміўся вечарам на вуліцы з дзвюма дзяўчынамі. У выніку яны вырашылі працягнуць знаёмства ў саўне. Каля 7 гадзіны раніцы кампанія сабралася сыходзіць, і дзяўчаты падышлі да адміністратара, каб разлічыцца.
Хлопец ужо накіроўваўся да выхаду, аднак нечакана вярнуўся, схапіў пачак грошай, які супрацоўніца саўны дастала з касы для разліку з кліентамі, і ўцёк.
Адміністратар і адна з новых знаёмых кухара паспрабавалі дагнаць маладога чалавека, але гэта ім не ўдалося. Работнік саўны вярнулася на працоўнае месца, каб выклікаць міліцыю, а кліентка працягнула прадпрымаць спробы дагнаць падазраванага.
Пры гэтым яна таксама тэлефанавала ў міліцыю і называла супрацоўнікам яго прыкметы, аднак неўзабаве згубіла хлопца з-пад увагі ў цемры.
Кіруючыся апісаннем дзяўчыны, у адным з двароў па вуліцы Няміга кухара па гарачых слядах затрымаў нарад міліцыі.
Падазраваны раней судзімы не быў. У дачыненні да яго заведзена крымінальная справа па арт. 206 (рабаванне) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Каментары