Гісторыя на Каляды з горада над Нёманам — ад Сяргея Астраўца.
Першыя пэўныя зьвесткі пра аленяў сьвятога Губэрта ў цяперашніх беларускіх абшарах датуюцца ХІV стагодзьдзем. Сам ён памёр прыблізна ў 728 годзе. Гэрцаг, біскуп, паляўнічы. Астатняе вядома: у лесе яму трапіўся алень з залатым крыжам, і ён стаў абараняць жывёлаў, перастаў забіваць. Яго з часам кананізавалі. Дзіўна, канешне, што сьвятога лічаць цяпер патронам паляўнічых, і яны традыцыйна 3 лістапада выяжджаюць вершна з гайнёй ганчакоў і выжлаў страляць безабаронных касуль, дзікоў, аленяў, зайцоў.
Гэта ў іх называецца сьвятам — Днём сьвятога Губэрта.
Быццам бы ў летапісах і хроніках, страчаных пазьней, у тэкстах, якія пачыналі нагадваць літаратурныя, і назвы якіх захаваліся ў некаторых сьпісах, штосьці ўзгадвалася менавіта пра жывёліну, якая апынулася ў наступным часе на нашым гербавым шчыце. Але мы ня ведаем нічога дакладна, бо ня маем канкрэтных зьвестак. Дзесь напісана толькі, што яцьвягі, якія схаваліся ў пушчах, палявалі на тураў. А якім было паляваньне ў князёў, што пачалі будаваць у гэтых землях гарады, нічога не гаворыцца. Да слова: партызанства яцьвягаў не ўратавала іх, яны нібы растварыліся, хаця мы сёньня часам чуем у сабе іхні голас, адчуваем ў пэўныя хвілі ток іхняй крыві ў сваіх жылах.
Нарэшце можна сказаць, што ў часы нашага кашталяна Гарадзенскага Давыда алені сьвятога Губэрта, як мае быць з залатым, ці прынамсі пазалочаным крыжыкам паміж рогаў конча сустракаліся ўжо ў пушчы, што пачыналася за горадам. Яго, праўда, паляваньне займала меней, чымсьці змаганьне з крыжакамі, у якім і загінуў. Алені тым часам захаваліся. Крыжакоў яны цікавілі вельмі: для іх гэта падстава для збройных выправаў. Гэтак як хадзілі ў Сьвятую зямлю, каб адабраць яе ад нявернікаў, ды вызваліць дамавіну Гасподню, так і ў нас яны нібы імкнуліся абараніць аленяў — вызваліць з палону, вылавіць і адправіць сабе дахаты, як у пазьнейшыя часы фрыцы гналі нашае быдла на захад (а хтосьці на ўсход). Але гэта да слова.
З пэўнасьцю можна сказаць, што алені сьвятога Губэрта вяліся ў Белавескай пушчы у вітаўтавы часы. Калі ў пушчы нарыхтоўвалі мяса для войска перад Грунвальдам адзін лучнік, імя якога не захавалася, параніў такога аленя, і сам Вялікі князь Вітаўт падбаў, каб жывёлу ўратавалі. Тады, пагатоў, верылі абавязкова ў дрэнныя прыкметы. Існуе паданьне, што аленя сьвятога Губэрта, вылаўленага ў Белавежы, трымаў сам кароль Ягайла ў табары пад Таненбэргам, дакладней пад Фаўленам, ля паўднёвага канчатку возера Лубень, і ахоўвалі жывёлу як мае быць. Вядома, што яна была талісманам вітаўтава брата, і калі сам Вялікі князь пачаў ваяваць тэўтонаў, Ягайла не сьпяшаўся. А калі выехаў на бітву, трымаўся ў сядле няўпэўнена. У гэты момант тэўтонскія гарматкі гэтак моцна стрэльнулі залпам, што конь пад Ягайлам спудзіўся і зьнянацку кінуўся ўбок, вершнік нешчасьліва пляснуўся аб дол, ды ляжаў нібы забіты. Зрэшты, усё гэта я бачыў на ўласныя вочы ва ўгодкі бітвы ў рыцарскім спэктаклі на Дубровенскім полі. Вось да чаго часам даводзіць пыха, падумалася мне, ды ня мне адному…
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары