Архіў

Хроніка

Прафсаюзам не даюць памяшканьня

23 жніўня дырэктар гатэльнага комплексу «Алмаз» Менскага аўтазаводу без тлумачэньня прычын адмовіўся даць Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў памяшканьне для чарговага зьезду на 12 лістапада. Папярэдне, 9 жніўня, згода была дасягнутая.

Букасу адмовілі

Пракуратура Барысава 26 жніўня не задаволіла звароту галоўнага рэдактара газэты «Борисовские новости» Анатоля Букаса, які прасіў разабрацца зь незаконнымі перашкодамі ў распаўсюджваньні выданьня. Работніцы гарвыканкаму Валянціна Шутко й Натальля Касьперская, як мяркуе Букас, забаранілі распаўсюджваць газэту ў крамах, гандлёвых павільёнах ды шапіках «Белсаюздруку». Пракурор Барысава В.Шпакоўскі ў адказе напісаў, што «згаданыя асобы не пацьвердзілі акалічнасьцяў, выкладзеных у звароце», і «якіх-небудзь іншых доказаў парушэньня заканадаўства падчас праверкі ня выяўлена».

Прысуд бязь зьменаў

Берасьцейскі абласны суд 26 жніўня пакінуў бязь зьменаў прысуд Івацэвіцкага раённага суду, паводле якога Станіслава Халадовіча аштрафавалі на пяць базавых велічынь (127 500 руб.) за раздачу жыхарам вёскі Горталь пяці асобнікаў афіцыйнай расейскай «Новой газеты».

Леванеўскага ігнаруюць

На сустрэчы зь сям’ёй 30 жніўня палітвязень Валер Леванеўскі паведаміў, што цягам чатырох месяцаў абскарджвае пакараньні, накладзеныя на яго ў калёніях. Аднак мясцовыя суды, паводле яго слоў, адмаўляюцца разглядаць скаргі. Таксама Леванеўскі атрымаў зь Вярхоўнага суду наглядную скаргу на прысуд, адпраўленую яшчэ ў сакавіку: прысуд пакінуты бязь зьменаў.

Статкевіча ціснуць

Міколу Статкевічу кіраўніцтва спэцкамэндатуры ў Баранавічах 30 жніўня забараніла выехаць у Менск на сустрэчу зь сям’ёй: паводле закону, асуджанага «хіміка» могуць адпускаць раз на месяц у адведзіны на тэрмін да трох дзён. Палітыку, паводле яго слоў, адмовілі па просьбе Першамайскага РАУС Менску, які лічыць, што ў сталіцы «складаная апэратыўная абстаноўка».

9 верасьня палітвязьню павялічылі памер судовых выплатаў: Мін’юст прызначыў яму плаціць за штрафы 50% вайсковай пэнсіі ў бюджэт. Згодна з заканадаўствам, памеры выплат па адміністрацыйных штрафах ня могуць перавышаць 20% заробку.

Роман скардзіцца ў пракуратуру

Журналіст Іван Роман, асуджаны на трое сутак арышту напярэдадні зьезду Саюзу палякаў у Ваўкавыску, 30 жніўня падаў скаргу ў пракуратуру: у камэры яго трымалі з хворымі на сухоты, а таксама яго пакусалі скочкі.

Гаравога звольнілі

З актывістам БСДП (Г), дырэктарам Вархоўскай базавай школы ў Гарадоцкім раёне Леанідам Гаравым райаддзел адукацыі 30 жніўня не падоўжыў кантракту нават у якасьці настаўніка фізыкі й інфарматыкі.

Дэпартацыя «Кмары»

2 верасьня актывістаў грузінскай «Кмары» Гію Кандэлакі й Луку Цуладзэ выпусьцілі са спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку й дэпартавалі зь Беларусі. 29 жніўня іх засудзілі на 15 сутак за нібыта ўчыненую ў камэры бойку. 1 верасьня міжнародная арганізацыя «Amnesty International» абвясьціла вязьнямі сумленьня іх, а таксама «зуброўцаў» Натальлю Вушко, Аляксандра Курбіцкага й Аляксея Ляўковіча, што праводзілі акцыю падтрымкі актывістаў «Кмары» й атрымалі 10 сутак арышту.

Гімназісты супраць русіфікацыі

У новым навучальным годзе ў беларускамоўнай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка навучэнцам пачалі выкладаць некаторыя прадметы па-расейску. Адміністрацыя сьцьвярджае, што няма грошай набываць беларускамоўныя падручнікі матэматыкі. Навучэнцы прапанавалі адмовіцца ад абедаў, каб набыць падручнікі.

У Лябедзькі канфіскавалі кнігі

Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку 1 верасьня затрымалі на 40 хвілін у Нацыянальным аэрапорце «Менск» па вяртаньні з Польшчы й забралі кнігі: успаміны Леха Валэнсы пра «Салідарнасьць», кнігу пра Аранжавую рэвалюцыю й інш. Памежнікі адмовіліся складаць пратакол пра канфіскацыю кніг.

Спэцназ супраць журналіста

1 верасьня ў вёсцы Дарашэвічы Петрыкаўскага раёну ўзброеная група спэцназу пад кіраўніцтвам маёра С.Кутасава на паўтары гадзіны затрымала журналіста Анатоля Гатоўчыца: у яго канфіскавалі два дыктафоны (лічбавы і касэтны), фотаапарат, а таксама абшукалі аўтамабіль, зь якога забралі чатыры аўдыёкасэты з музыкай. Журналіст рабіў рэпартаж зь вёскі каля летняй рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Ліцэй аддалі суду

Будынак былога Нацыянальнага гуманітарнага беларускага ліцэю (вул.Кірава, 21) 2 верасьня аддалі суду Цэнтральнага раёну Менску.

МЗС апраўдваецца

Прадстаўнікі МЗС 2 верасьня вытлумачылі інцыдэнт з затрыманьнем 23 жніўня супрацоўніка амэрыканскага пасольства Лайла Макмілана ў Гомелі: маўляў, ягоная дыпляматычная картка мела неахайны выгляд, а частка тэксту не чыталася.

«Маладафронтавец» змагаецца за аднаўленьне

Актывіст незарэгістраванага «Маладога фронту» Сяржук Мурашка падаў у суд на Жодзінскі політэхнічны тэхнікум за незаконнае адлічэньне. Мурашку адлічылі ў траўні пасьля ягонага ўдзелу ў чарнобыльскай акцыі ў Менску.

Сарваны рок-канцэрт

Берасьцейскі гарвыканкам без тлумачэньня прычын не дазволіў 3 верасьня правесьці ў горадзе рок-канцэрт. У ім меліся ўдзельнічаць мясцовыя гурты, а таксама менскі «Aorta» і фінскі «Ristisaatto».

Быкава не пускаюць

Кіраўніка пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Менскім заводзе аўтаматычных ліній Генадзя Быкава 5 верасьня не пусьцілі на прадпрыемства. Пропуск на завод незаконна ліквідавала начальніца аддзелу кадраў Сьвятлана Карлюкевіч.

Кніга ад Шчаранскага

Вядомы савецкі дысыдэнт, а цяпер ізраільскі палітык Натан Шчаранскі 5 верасьня перадаў сваю кнігу «Не збаюся зла» беларускім палітвязьням — М.Марынічу, В.Леванеўскаму, М.Статкевічу, П.Севярынцу.

БХК супраць Кіраўніцтва спраў

РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» 8 верасьня падало скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд на Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта: праваабаронцы скардзяцца, што дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі Кіраўніцтва спраў не рэгіструе грашовай дапамогі, пераведзенай на БХК зь Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі. Матывацыя адмовы ня ўказана.

Штрафы за палякаў

Ваўкавыскі суд 8 верасьня аштрафаваў на 600 тыс. актывіста АГП Віталя Гуляка і арыштаваў на трое сутак актывіста АГП Аляксандра Барадаўкіна: іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце падчас паўторнага зьезду Саюзу палякаў. Для інваліда ІІ групы Гуляка штраф складае яго паўгадавую пэнсію: ён атрымлівае 100 тыс. рублёў

Па 4 млн за Аршанскую бітву

У Віцебску 8 верасьня міліцыянты затрымалі Барыса Хамайду, Сяргея Міркушова і актывістаў КХП-БНФ Уладзімера Плешчанку і Аляксандра Салаўяна, якія віншавалі гараджан з Днём беларускай вайсковай славы. 12 верасьня ім прысудзілі па 150 б.в. (3 млн 825 тыс.) штрафу кожнаму.

Скрабец на «Валадарцы»

9 верасьня палітвязьня Сяргея Скрабца вярнулі з турэмнага шпіталю ў сьледчы ізалятар па вул.Валадарскага ў Менску.

Дапыталі Пажэцкага

8 верасьня ў Шчучынскай райпракуратуры дапыталі актывіста Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага: прыхільнік Кручкоўскага, дырэктар Польскага дому Віктар Богдан вінаваціць, што Пажэцкі пагражаў ягонаму жыцьцю. Падазронымі па крымінальнай справе праходзяць таксама актывісты СПБ Анджэй Пісальнік, Андрэй Пачобут, Веслаў Кеўляк: іх дапытвалі раней.

9 верасьня Мін’юст прапанаваў Саюзу палякаў Беларусі зьмяніць назву: прыбраць слова «Беларусь».

Марыніч «невыпраўны»

9 верасьня стала вядома, што камісія, якая вырашае пытаньні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня вязьняў менскай калёніі, супраць таго, каб палітвязень Міхаіл Марыніч неўзабаве выйшаў на волю, бо ён «яшчэ ня стаў на шлях выпраўленьня». Наступнае пасяджэньне прызначана на 22 верасьня.

У Жлобіне

Жлобінскі райсуд 9 верасьня задаволіў пазоў актывіста АГП, начальніка аддзелу Беларускага мэталюргічнага заводу Марата Афанасьева да кіраўніцтва прадпрыемства. Афанасьеў аспрэчваў вымову і пазбаўленьне прэміі за ліпень: яго вінавацілі, нібы ён у працоўны час гуляў у кампутарныя гульні. У судзе ён давёў, што ня ведае нават паролю да азначанага кампутара.

Міліцыя просіць прабачэньня

Барысаўскі «зубровец» Аляксандар Гігель 10 верасьня атрымаў адказ зь міліцыі на сваю скаргу: 31 ліпеня яго й трох актывістаў арганізацыі, калі яны несьлі бел-чырвона-белую разьметку на футбольны турнір на Кубак Незалежнасьці, затрымалі міліцыянты, абвінаваціўшы ў несанкцыянаваным шэсьці. У адказе дзеяньні міліцыі названы неправамернымі, а ўчынак старшага лейтэнанта Бязінскага мае разглядаць суд гонару малодшага каманднага складу міліцыі.

Атака на сайт ПБНФ

Прэс-служба ПБНФ 9 верасьня распаўсюдзіла заяву, што сайт партыі на працягу некалькіх дзён з 26 жніўня зазнае «масавыя хакерскія атакі», якія вядуцца з 30 тыс. IP-адрасоў. Партыя лічыць, што гэтак спэцслужбы адпрацоўваюць мэханізмы ўзьдзеяньня на крыніцы інфармацыі напярэдадні выбараў.

АШ

Ужо некалькі сутак вернікі эвангельскай царквы «Новае жыцьцё» дзяжураць у сваім храме на вул.Кавалёва, 72 (мікрараён Сухарава). Паводле новага закону аб веравызнаньнях, богаслужбы могуць адбывацца толькі ў будынках, якія зьяўляюцца культавымі. Прызнаць культавым будынкам былы кароўнік на ўскраіне Менску, выкуплены пратэстантамі ў 2002 годзе, Менгарвыканкам адмовіўся. Разам з храмам суполка губляе і юрыдычны адрас, безь якога ня можа мець рэгістрацыі.

Каментары

Цяпер чытаюць

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць28

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас футбольнага матча здарыўся пажар. Гулец узяў шланг і патушыў яго

«У снежні выдаткавала на ежу 115 рублёў». Як беларусы эканомяць у крамах3

Экіпаж місіі «Артэміда-2» паўтарыў знакаміты здымак Зямлі2

Дзе каранаваўся Міндоўг?37

Фрыдман: Вашынгтон дазволіў Ірану захаваць твар, Расія нічога не выйграла19

Беларусцы пагражае дэпартацыя з Польшчы. А пачалося з таго, што яна паскардзілася ў паліцыю на хатні гвалт1

Жанчыны ад прыроды непрыстасаваныя нараджаць на спіне, але гэты спосаб родаў стаў стандартным, каб было зручна мужчынам20

Севярынец расказаў, як адміністрацыя калоніі «віншавала» яго з днём народзін і думала падкалоць як верніка3

«Дачка тры месяцы ела пад коўдрай». Беларуская керамістка расказвае пра тое, як нанова пачала жыццё ў Літве6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць28

18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць