Джынсы, якія выглядаюць так, нібы іх забыліся зашпіліць, сталі новым модным трэндам сярод амерыканскай моладзі. Такія мадэлі сёння прадаюць і мас-маркет, і вядомыя дызайнерскія брэнды. Адны лічаць іх смелым працягам моды на эстэтыку 2000-х, другія жартуюць, што ўладальнік проста забыўся зашпіліць штаны.

У модзе заўсёды ёсць трэнды, якія здзіўляюць старэйшае пакаленне. У 2000‑я гэта былі джынсы з настолькі нізкай пасадкай, што з-пад іх выглядала ніжняя бялізна. Потым прыйшла мода на skinny (вельмі вузкія) і наўмысна парваныя джынсы, пасля — на бязмерна шырокія штаны. Цяпер надышла чарга джынсаў, якія выглядаюць расшпіленымі.
Як піша The New York Times, новы фасон называюць foldover jeans — літаральна «джынсы з адгорнутым поясам».
Верхняя частка такіх джынсаў адгорнутая і прышытая да асноўнай тканіны. Пад ёй часта бачная ўстаўка ў палоску, клетку або дробныя кветкі, якая нагадвае ніжнюю бялізну.

У выніку ствараецца ілюзія, што шырынка расшпіленая, а штаны вось-вось спадуць. Пры гэтым сапраўднай маланкі ў некаторых мадэлях увогуле няма: патрэбны эфект ствараюць адзін-два расшпіленыя гузікі і адгорнуты пояс.

Да новага фасону падштурхнула мода расшпільваць звычайныя джынсы і адварочваць іх пояс, каб адкрыць жывот і зрабіць пасадку яшчэ ніжэйшай. У 2022 годзе так з’яўляліся на публіцы амерыканская спявачка Doja Cat і поп-зорка Addison Rae, якая набыла вядомасць дзякуючы тыктоку.
Брытанская актрыса Мілі Бобі Браўн, вядомая па серыяле «Вельмі дзіўныя справы» (Stranger Things), у 2022 годзе апублікавала ў сваім інстаграме фота ў расшпіленых джынсах.
Паступова вытворцы адзення ператварылі гэты прыём у асобны фасон. Цяпер такія джынсы выпускаюць як танныя сеткі адзення, так і люксавыя брэнды.
Новы фасон ужо стаў прадметам жартаў у сацыяльных сетках. Карыстальнікі пішуць, што чалавек у такіх джынсах выглядае так, нібы забыўся зашпіліць штаны пасля наведвання прыбіральні. Разам з тым попыт на мадэль застаецца высокім, а ўладальнікі крамаў адзначаюць, што хадавыя памеры хутка раскупляюць.

Модныя аглядальнікі адзначаюць, што foldover jeans — яшчэ адно сведчанне вяртання эстэтыкі пачатку 2000-х. У апошнія гады ў моду зноў увайшлі нізкая пасадка, адкрыты жывот, шырокія джынсы і бачны пояс ніжняй бялізны. Джынсы з «расшпіленай» шырынкай сталі чарговым крокам у гэтым кірунку.
Каментары